Ціханоўская сустракалася з Келагам у Нью-Ёрку

Святлана Ціханоўская і Кіт Келаг у Нью-Ёрку. На папцы Ціханоўскай — партрэт палітыка і палітвязня Міколы Статкевіча. Фота: Офіс Ціханоўскай

А таксама перасеклася з Трампам.

Святлана Ціханоўская на гэтым тыдні паляцела ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Там у гэтыя дні прысутнічаюць многія сусветныя палітыкі.

«Святлана Ціханоўская правяла кароткую сустрэчу з генералам Кітам Келагам, а таксама выпадкова перасеклася з прэзідэнтам Дональдам Трампам у будынку ААН. Трамп ішоў з сустрэчы, а Ціханоўская на сустрэчу. Яна коратка падзякавала яму за вызваленне беларускіх палітвязняў. Ён адрэагаваў пазітыўна», — расказаў дыпламатычны дарадцы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

Кучынскі 23 верасня бачыўся таксама з адным са сваіх працоўных кантактаў з Белага дому з каманды Эндзі Бэйкера — намесніка дарадцы па нацыянальнай бяспецы Трампа.

20 чэрвеня спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Кіт Келаг быў з візітам у Мінску і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасля гэтага былі вызвалены і дэпартаваны 14 палітвязняў, сярод якіх блогер Сяргей Ціханоўскі, выкладчыца Наталля Дуліна, журналіст Ігар Карней. Потым 11 верасня гэтак жа былі вывезены ў Літву 52 палітвязні, але Мікалай Статкевіч, які быў у іх ліку, адмовіўся пакідаць Беларусь і вярнуўся.

nashaniva.com