
«Я ўсведамляю, што гады вымушаных блуканняў за мяжой змянілі мяне, і што мае паплечнікі і адзінадумцы ў Беларусі таксама змяніліся, жывучы ў рэжыме акупацыі. Але я дакладна ўяўляю ў якой сітуацыі суайчыннікі з адрозным жыццёвым досведам зноў адчуюць эмацыйнае адзінства – гэта будуць дваровыя чаяванні».
Вонкавымі прыкметамі таго, што “наша ўзяла”, што ўсе высілкі і ахвяры не былі марнымі, стануць колеры, гукі, пахі і вібрацыі радасці па ўсёй краіне. Спачатку дзясяткі, потым сотні, а пасля і тысячы дваровых імпрэз. Зноў. Як у 2020-м.
А што тады было? Была нават канкурэнцыя, хто зробіць больш відовішчнае дваровае шоў. Памятаю, як я перажываў, што мая Маякоўка не трапляе ні на мапы супрацьстаяння, хоць у нас і перакрывалі рух і рабілі ланцугі, ні на мапы дваравых актыўнасцяў, якіх толькі па Менску былі тысячы.
На некалькі месяцаў сталіца ператварылася ў велізарны мурашнік радасных людзей, якія знаёміліся і дзяліліся новаадкрытым цудам – адчуваннем, што можна жыць без “вертыкалі ўлады”.
У медыі траплялі найперш вялікія Маршы ды іншыя яркія карцінкі Беларускай рэвалюцыі – рэвалюцыі свядомасці. Для замежнага гледача без тлумачэння, што кожны ўдзельнік мог быць забіты ці скалечаны на вуліцы альбо ў засценках, усё выглядала як звычайны пратэст-карнавал.
Але сама сутнасць Рэвалюцыі Свядомасці беларусаў не трапляла ў журналісцкія рэпартажы: яднаючыся спачатку праз тэлеграм-чаты, а пасля жыўцом у дварах, мільёны беларусаў змянялі структуру свайго мыслення. Утваралася грамадзянская супольнасць. Колькі не кажы “быць свабодным”, галоўнае адзін раз адчуць. Беларусы адчулі шматкроць.
Гаворка пра дзясяткі тысяч адначасовых удзельнікаў дваравых імпрэз і больш за мільён агулам удзельнікаў усіх акцый за перыяд з верасня 2020-га да вясны 2021 года.
У дварах падчас чаяванняў былі паляванні на мірных людзей, выкраданні, збіццё. І забойства – Рамана Бандарэнкі. Былі сутычкі: людзі адбівалі сваіх.
Яднанне на глебе і радасці і абурэння.
“Мы дваровымі супольнасцямі дагэтуль сябруем”, – сказаў мне прыяцель, які жыве ў адным з мінскіх мікрараёнаў.
Я спрабую ў гэтым тэксце некалькімі абзацамі апісаць тэктанічны зрух – маштабную цывілізацыйную змену ў грамадстве.
Галоўнае, што большасць носьбітаў атрыманага ў 2020 годзе калектыўнага досведу застаюцца ў Беларусі.
Такую інфармацыю трэба не толькі нагадваць беларусам для падтрымання духу, але і актыўна пашыраць і ўкараняць у калектыўную свядомасць за мяжой.
Бо сёння беларусы як супольнасць – гэта фарпост еўрапейскай цывілізацыі на ўсходзе, які дадае ў паняцце “еўрапейскасць” свае ўнікальныя ноткі.
У кантэксце магчымай вайны Расіі супраць краін Еўрасаюза пытанне “Што там беларусы?” мусіць гучаць як “А хто яны – беларусы?”.
А што да розніцы паміж вымушанымі эмігрантамі і беларусамі пад акупацыяй: калі стане магчымым вяртанне на Радзіму, у дварах зноў накрыюць сталы, зайграе музыка, і мы – беларусы – як у 2020-м, будзем адным цэлым.
Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік фонду «Belarus 2020»,
euroradio.fm
