Яшчэ адзін аўтобус не пусцілі з Беларусі ў Літву праз новыя санкцыі

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Intercars

Размова пра аўтобус, што адправіўся з Мінска ўчора а 22:00. Пасля праверкі аўтобус у Літву не пусцілі, паведаміў тэлеграм-канал Infotrabns Media Belarus.

Пасажыры правялі на мяжы каля 3,5 гадзіны. Пазней за дадатковую плату іх пагадзіўся давезці да Вільні кіроўца іншага аўтобуса. У аэрапорт прыбылі прыкладна а 5‑й раніцы.

Нагадаем, што ўчора раніцай, 5 мая, у пункце пропуску «Меднікі» завярнулі рэйсавы аўтобус, які накіроўваўся з Мінска ў Коўна адпраўленнем з аўтавакзала «Цэнтральны» а 04:00.

— Аўтобус не прапусцілі праз мяжу літоўскія мытнікі. Нам сказалі, што не паедзем далей праз паліва, больш нічога не тлумачылі. Прыйшлося выклікаць таксі да Вільні з найбліжэйшай запраўкі з боку Літвы. Ці прапусцілі аўтобус пасля, паняцця не маю: трэба было спяшацца на самалёт, — расказваў адзін з пасажыраў.

У пачатку мая ў Літве ўступілі ў сілу папраўкі да Закона «Аб абмежавальных мерах у сувязі з вайсковай агрэсіяй супраць Украіны». Яны працягнулі дзейныя санкцыі ў дачыненні да Расіі і Беларусі і ўвялі новыя.

Адно з новаўвядзенняў закранула паліва. Цяпер увозіць з Беларусі ці Расіі паліва ў стандартных баках транспартных сродкаў забаронена, калі яго аб’ём перавышае 200 літраў. Абмежаванне будзе дзейнічаць да 31 снежня 2027 года.

Як паведамляла мытня Літвы, пры выяўленні перавышэння нормы 200 літраў транспартны сродак не будзе дапушчаны на тэрыторыю Літвы і Еўрасаюза і будзе развернуты назад у краіну выезду.

У выпадку нязгоды кіроўцы з такім рашэннем да яго могуць быць ужыты санкцыі, уключаючы магчымы арышт транспартнага сродку.

nashaniva.com