Падчас кароткага працоўнага візіту ў Новую Зеландыю кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэч, у тым ліку з кіраўніком дэлегацыі Еўрапейскага звяза ў Новай Зеландыі Лоўрэнсам Мерэдытам, а таксама дала шэраг інтэрв’ю новазеландскім СМІ пра сітуацыю ў Беларусі.

Святлана Ціханоўская сустрэлася і з беларусамі Новай Зеландыі, якіх зараз налічваецца каля тысячы.
Кажа ўдзельніца сустрэчы Вольга Касцюк:
– Для нас было нечакана. З’явілася абвестка пра тое, што будзе сустрэча. З дыяспары былі толькі беларусы з Окленда. Я прыехала з Поўначы. Было нібыта так, як нехто прыехаў да нас у госці і пытаецца пра Новую Зеландыю і мы расказвалі. Не было ніякіх палітычных пытанняў, патрабаванняў ці просьбаў. У нас тут няма ніякіх пытанняў з легалізацыяй.
Каля Велінгтонскага Кенатафа, галоўнага ваеннага мемарыяла Новай Зеландыі, Ціханоўская ўшанавала памяць новазеландскіх ваяроў у складзе сіл ANZAC, сярод якіх былі і беларусы, што змагаліся за свабоду падчас абедзвюх сусветных войнаў.
Вядома, што з 4 па 7 лістапада Святлана Ціханоўская правядзе сустрэчы ў Канберы, Сіднэі, Мельбурне. У праграме — сустрэчы з кіраўніцтвам Аўстраліі і Новай Зеландыі, міністрамі, дыпламатамі, парламентарыямі, выступы ва ўніверсітэтах.



racyja.com,
фота з архіва Вольгі Касцюк і Офіса Ціханоўскай
