Украіна прапанавала Літве свае тэхналягічныя рашэньні для рэагаваньня на гібрыдныя атакі Беларусі

МЗС Украіны. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве замежных спраў Украіны заявілі аб неабходнасьці ўзмацненьня ціску на рэжым Лукашэнкі праз гібрыдныя атакі на Літву, удзел у агрэсіі супраць Украіны і ў дэстабілізацыі эўрапейскага кантынэнту.

«Падтрымліваем дзеяньні дружалюбнай Літвы ў адказ на пастаянны запуск на яе тэрыторыю зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай, а таксама неабходнасьць рэагаваньня на гэтыя крокі ня толькі з боку Літвы, а і Эўразьвязу ў цэлым», — адзначаецца ў заяве зьнешнепалітычнага ведамства.

У Кіеве перакананыя, што такія дзеяньні рэжыму Беларусі ствараюць пагрозу бясьпецы міжнародных авіяпералётаў, жыцьцю і здароўю грамадзян, а таксама маёмасьці і навакольлю. «Украіна […] нязьменна гатова дзяліцца набытым у часе вайны досьведам, у тым ліку тэхналягічнымі рашэньнямі», — адзначылі дыпляматы.

У МЗС Украіны назвалі запуск паветраных балёнаў зь Беларусі «чарговай праявай гібрыдных атак рэжыму Лукашэнкі ня толькі супраць Літвы і ўсходняга флянгу NATO, а і супраць дзяржаў ЭЗ у цэлым».

У Кіеве мяркуюць, што Менск ажыцьцяўляе такія дзеяньні не самастойна, а пры падтрымцы Расеі.

«Настойваем на неабходнасьці ўзмацненьня ціску на тых, хто бярэ ўдзел у агрэсіі супраць Украіны і дэстабілізуе Эўрапейскі кантынэнт, уключна з увядзеньне новых і дапаўненьнем дзейных індывідуальных і сэктаральных санкцый супраць Беларусі, яе фізычных і юрыдычных асобаў», — адзначаецца ў заяве.

9 сьнежня ўрад Літвы абвясьціў на ўсёй тэрыторыі краіны экстрэмальную сытуацыю праз крызіс, зьвязаны з паветранымі балёнамі зь Беларусі і пагрозамі для нацыянальнай бясьпекі. Кіраваць дзяржаўнымі апэрацыямі ва ўмовах экстрэмальнай сытуацыі будзе міністар унутраных справаў Уладзіслаў Кандратовіч.

У Міністэрстве ўнутраных справаў Літвы падкрэсьлілі, што ўвядзеньне экстрэмальнай сытуацыі ня створыць нязручнасьцяў для грамадзтва, бо меры будуць мэтавымі, прапарцыйнымі і накіраванымі выключна на арганізатараў і выканаўцаў незаконнай дзейнасьці.

svaboda.org