3 снежня адышоў на вечны спачын адзін з найстарэйшых дзеячаў беларускай дыяспары, шматгадовы старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ), даследчык гісторыі эміграцыі, геолаг, бібліёграф, доктар Вітаўт Кіпель.
Свамі ўспамінамі пра слыннага грамадскага дзеяча і свайго Настаўніка падзялілася даследчыца беларускай дыяспары Наталля Гардзіенка.
«Адышоў мой настаўнік… Не, ён не вучыў мяне ні ў школе, ні ва ўніверсітэце. Але свае кнігі рабіла натхнёная ягонымі даследаваннямі, карыстаючыся ягонымі парадамі і падтрымкаю. Найлепшай узнагародай заўсёды было пачуць ягоны прыхільны водгук, ягоную ўхвалу.
Калі апошні раз тыдзень таму чула ягоны ўжо такі слабы, нібы з іншага свету, голас, немагчыма было стрымаць слёз. Потым доўга пераглядала здымкі з нашых спатканняў, згадвала размовы…
Мы пазнаёміліся ў Менску яшчэ ў 2000-х, і фактычна, апошнія 15 гадоў былі на сувязі. Асабліва пасля 2016-га, калі я ўпершыню трапіла да яго ў ЗША. Спадар Вітаўт сам прыехаў тады па мяне ў Сомерсэт да свайго сябры Янкі Запрудніка і адвез «да сябе», у дом Юркі і Ларэйн. А потым былі колькі дзён, калі я корпалася ў кнігах, паперах і мы шмат размаўлялі пра ўсё. А праз год яшчэ спатканні і бясконцыя размовы…
Са спадаром Вітаўтам у нас больш за паўстагоддзя розніцы, але размаўляць з ім магчыма было зусім лёгка і пачувацца амаль на роўных. Некаторы час ён мог зазваніць мне наўпрост у Менск, каб нешта абмеркаваць, ці спытаць, як справы. Аднойчы, забыўшыся пра розніцу ў часе, зазваніў сярод ночы і атрымаў вымову ад маёй маці, пра што згадваў праз усе наступныя размовы.
Нягледзячы на каласальны досвед, на розныя значныя пасады і ўзнагароды, якія меў за сваё жыццё, ён быў вельмі просты чалавек, зусім «свой». Любіў смачна паесці, любіў спяваць куплеты, што памятаў з галоднага дзяцінства.
А яшчэ ён вельмі любіў кнігі. Спадар Вітаўт быў сапраўды «кніжным» чалавекам. І не толькі праз працяглую працу ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы ці ўласныя кнігі, але і праз шматгадовую выдавецкую дзейнасць у БІНіМе. Выкарыстоўваючы ўсе свае камунікацыйныя здольнасці, ён знаходзіў неабходнае фінансаванне на выданні Інстытуту, або даваў грошы з уласнае кішэні. Ён з цікавасцю абмяркоўваў змест будучых кніг, а потым дбаў пра распаўсюд.
Спадар Вітаўт шчыра цікавіўся новымі выданнямі. Таму пасля выхаду кожнага першы асобнік дасылаўся яму. І ў падарунак прывозіліся кнігі. Ён не мог не чытаць. А прачытаўшы, не мог не дзяліцца з кімсьці думкамі аб прачытаным. Кнігі былі ягоным жыццём.
У спадара Вітаўта была вельмі добрая памяць. Можна было дасылаць яму здымкі з сярэдзіны ХХ стагоддзя і ён пазнаваў на іх людзей, згадваў гісторыі, з імі звязаныя.
І «Беларусы ў ЗША» чыталіся для мяне не толькі як даследаванне пра суродзічаў у чужой краіне, але і як ягоны аповед пра самога сябе, сваю сям’ю, бацькоў, якія не па ўласным жаданні сталіся часткаю агромністай грамады беларускіх эмігрантаў.
Вітаўт Кіпель, як і ягоная жонка Зора, заўсёды жыў Беларуссю і беларусікай. Яшчэ у 1990-х яны мелі намер вярнуцца ў Беларусь, каб працаваць на карысць незалежнай дзяржавы. Не атрымалася. Але спадар Вітаўт рэгулярна прыязджаў, пакуль мог, і да апошняга цікавіўся тым, што адбываецца ў Беларусі, шчыра пераймаўся сумнымі навінамі.
Я шмат за што ўдзячная спадару Вітаўту. І за тое, што ён прыняў мяне ў кола сваіх сяброў, зрабіў часткаю БІНіМу, даверыў свой архіў, даў магчымасць дапамагаць у перавыданнях ягонай кнігі. І за ягоную няспынную падтрымку і клопат.
Не магу ўявіць сваю працу без ягоных парадаў. Немагчыма забыцца на ягоны голас. Часам, калі рыхтавала да публікацыі той ці іншы ягоны тэкст, нібыта чула, як спадар Вітаўт гаворыць.
Да канца свайго жыцця буду ўдзячная лёсу, што ён пазнаёміў мяне з чалавекам, які стаў сапраўды блізкім. І цяпер з ім для мяне насамрэч сыходзіць эпоха. Немагчыма думаць пра БІНіМ без яго.
Дзякуй Вам, спадар Вітаўт, за ўсё. Можа аднекуль зверху, разам са спадарыняй Зорай, Вы па-ранейшаму будзеце дапамагаць, як рабілі гэта тут. А я буду пра Вас памятаць».