
Спікер літоўскага Сейма Юозас Олекас заявіў, што перамовы з Мінскам ідуць і на тэхнічным, і на палітычным узроўні — праз пасярэднікаў, піша LRT.
Спікера Сейма папрасілі пракаментаваць словы Дэйвідаса Матулёніса, дарадцы прэзідэнта, які кажа, што Літва можа зрабіць саступкі Беларусі, каб самой атрымаць выгаду.
— Я не хачу раскрываць усе закулісныя падрабязнасці таго, дзе праходзяць перамовы. Як вы ведаеце, сёння ў Сейме мы адклалі прыняцце падрыхтаванай намі рэзалюцыі, каб знайсці магчымасці для абмеркавання розных варыянтаў, бо нам патрэбна бяспека, нам патрэбны эканамічны рост, і гэта не заўсёды дасягаецца толькі жорсткай пазіцыяй, але гэта дасягаецца і дыпламатычнымі каналамі, і таму нараджаюцца такія прапановы, — сказаў ён.
На ўдакладненне, ці могуць адбыцца змены ў адносінах з Беларуссю, Олекас адказаў сцвярджальна.
— Ну, так. Мы спадзяёмся, што спачатку будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя, што вернецца наш транспарт, які затрыманы, і таму мы і размаўляем. Па-першае, мы размаўляем на тэхнічным узроўні і мы размаўляем самі з Беларуссю, а на палітычным узроўні мы размаўляем праз нашых саюзнікаў.
Палітык адзначае, што пытанне наладжвання адносін з Беларуссю — няпростае.
— Я лічу, што мы ўсе павінны парадавацца і павіншаваць людзей, якія пасля 4 гадоў турмы выйшлі на волю. Заўтра я сустракаюся з Алесем Бяляцкім, магчыма, сустрэнуся пагаварыць і з іншымі — пра тое, што мы можам зрабіць, каб жыццё беларускіх людзей палегчыла.
І, безумоўна, такая наша жорсткая пазіцыя з санкцыямі, з ціскам, дае пэўны вынік, але не дае канчатковага. Таму мова нашых саюзнікаў, мова амерыканцаў, — гэта так званая палітыка «бізуна і перніка». Мы ўжо маем, верагодна, некалькі соцень — можам налічыць амаль 200 — палітычных зняволеных і яркіх асоб, якія выпушчаныя на волю. Безумоўна, гэтае гандлёвае пытанне таксама паўстала, але мы арыентуемся, раімся і вядзём дыскусіі з партнёрамі, з саюзнікамі як на ўзроўні НАТА, так і на ўзроўні Еўрапейскага саюза, каб дасягнуць найлепшага выніку: каб рэжым не адчуў сябе пераможцам, каб ні Літва, ні дэмакратычныя еўрапейскія дзяржавы не прайгралі і каб палітычныя зняволеныя маглі атрымаць свабоду, — адказаў ён.
