У Вільні адбылася сустрэча з Паўлам Севярынцам

У Вільні ў Доме нацыянальных меншасцяў 22 студзеня прайшла сустрэча з вядомым беларускім палітыкам, пісьменнікам і былым палітвязнем Паўлам Севярынцам. На яе завітала каля 50 чалавек.

Павел Севярынец

Сустрэчу арганізаваў Віленскі беларускі клуб “Сябрына” на чале з Валянцінам Стэхам. На сустрэчы прысутныя змаглі паслухаць меркаванне Паўла наконт сітуацыі з Беларуссю і беларусамі, набыць яго каляндар, паштоўкі з выслоўямі і, канешне, задаць актуальныя пытанні палітыку. Самае кранальнае пытанне было ад сына Паўла – Францішка, а таксама адно з самых важных пра тое, якім чынам Беларусь можа атрымаць свабоду і ў тым ліку пра стаўленне да Палка імя Каліноўскага. Яго задаў былы добраахвотнік Палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксандр Клачко.

На пытанне Павел Севярынец адказаў наступным чынам:

– Як я магу ставіцца да Кастуся Каліноўскага? Або як я магу ставіцца да Палка Каліноўскага? Канешне, я ўсёй душой і ўсім сэрцам з тымі людзьмі, якія ахвяруюць сабой дзеля свабоды нашай і нашых братоў. Няма любові большай чым, калі хто аддасць душу сваю за сяброў сваіх. Гэта тое, што робяць украінцы, гэта тое, што робяць многія беларусы ва Украіне, тое, што робяць каліноўцы. І тут двух думак у беларусаў быць не можа.

Пытанне пра праблему з беларускай мовай у беларускай гімназіі і ў цэлым у Літве, супрацу з літоўскімі ўладамі беларускіх палітыкаў у гэтым накірунку падняў палітычны ўцякач з “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Квашэвіч:

– Я спадзяюся на новых людзей, такіх, як Павел Севярынец, іншыя сілы, што будзе ў нас нейкая новая хваля адносін з літоўскай уладай. Бо ніхто з імі, па вялікаму рахунку сур’ёзна не размаўляў. Я не думаю, што гэта вялікая праблема менавіта літоўскіх уладаў. Гэта наша праблема, што мы не можам дагрукацца да літоўскіх уладаў, ці не жадаем дагрукацца. Спадзяюся, што з новымі людзьмі, з новай гэтай хваляй беларусаў мы дагрукаемся і вырашым пытанне.

Пасля пытання Квашэвіча Павел Севярынец запрасіў да сябе сваю жонку Вольгу і сына Францішка і адказаў, што з 23 студзеня яго сын ідзе ў Беларускую гімназію імя Францыска Скарыны, дзе будзе вучыць беларускую і літоўскія мовы.

Францішак, Вольга і Павел Севярынцы

Нагадаем, Павел Севярынец 13 снежня 2025 года быў вызвалены з гарадзенскай турмы і прымусова дэпартаваны з Беларусі. Агулам за сваё жыццё палітык правёў за кратамі больш за 11 гадоў, апошнім разам у засценках рэжыму ён адбыў 5,5 гадоў.

Павел Севярынец – аўтар 13 кніг, мноства артыкулаў і вершаў. У яго цяперашніх планах – напісаць яшчэ сем кніг.

racyja.com