
Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі зьдзейсьніў свой першы замежны візыт пасьля вызваленьня. Ён удзельнічаў у сустрэчах падчас сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна»,старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі 11 сакавіка ў Жэнэве выступіў у дыскусіі на палях сэсіі «Дайце голас ахвярам: сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі».
Арганізатарамі сталі пастаянныя прадстаўніцтвы Літвы, Нарвэгіі, Польшчы й Швэцыі пры ААН. У сустрэчы ўзялі ўдзел палітыкі, амбасадары, праваабаронцы і былыя палітзьняволеныя. Мадэратарам сустрэчы быў Віціс Юрконіс з Freedom House.
Мэтай сустрэчы было прыцягнуць увагу да сыстэматычных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, рэпрэсіяў супраць праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскай супольнасьці. Гаварылі пра важнасьць падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці ў яе барацьбе за свабоду і вяршэнства права.
Адной з цэнтральных тэмаў сустрэчы стала патрэба ў працягу мандатаў спэцыяльнага дакладчыка і групы незалежных экспэртаў, бо міжнародны маніторынг і трывалы сьледчы мандат застаюцца важнымі для фіксацыі парушэньняў і забесьпячэньня справядлівасьці для ахвяраў, — паведаміла «Вясна».
«Гэта мой першы міжнародны візыт. У дыскусіі на палях сэсіі я падкрэсьліў, што Беларусі патрэбныя і група незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і спэцыяльны дакладчык аб Беларусі. Нават у часы шматлікіх крызісаў у сьвеце Беларусі важна заставацца ў фокусе міжнароднай увагі, бо сытуацыя з правамі чалавека ў краіне пагаршаецца. Кожны дзень мы фіксуем усё новыя выпадкі палітычных рэпрэсіяў, зьяўляецца ўсё больш палітвязьняў. Таму важна сыстэматычна працягваць працу на міжнародным узроўні — у тым ліку дакумэнтаваць усе парушэньні, каб далей гэта магло прыдасца ў прыцягненьні вінаватых да адказнасьці», — заявіў сярод іншага Алесь Бяляцкі.
Эўрапейскі Зьвяз на гэтай сэсіі Рады ААН плянуе прэзэнтаваць штогадовую рэзалюцыю аб Беларусі ў адказ на пагаршэньне сытуацыі ў краіне.
Дэлегацыя Эўразьвязу, якая выступае на сэсіі адзінай структурай, напісала з гэтай нагоды:
«Паведамленьні адтуль паказваюць на сыстэматычныя, шырока распаўсюджаныя і грубыя парушэньні правоў чалавека, у тым ліку дзеяньні, якія могуць быць кваліфікаваны як злачынствы супраць чалавечнасьці. Ва ўмовах укаранёнай беспакаранасьці пастаянны міжнародны маніторынг і рашучы сьледчы мандат застаюцца неабходнымі для забесьпячэньня адказнасьці і справядлівасьці для ахвяраў».
