25 сакавіка беларусы зноў згадваюць акт, зь якога пачалася сучасная беларуская дзяржаўная ідэя. Але разам з датай штогод вяртаецца і іншае пытаньне: а чаму Рада Беларускае Народнае Рэспублікі дагэтуль існуе? Чаму іншыя эміграцыйныя цэнтры, напрыклад, польскі ці ўкраінскі, у свой час перадалі сымбалічныя паўнамоцтвы новым уладам у Варшаве і Кіеве, а Рада БНР гэтага не зрабіла?

Адказ можна даць кароткі, але непрыемны. Рада БНР жыве да сёньня, таму што Беларусь атрымала незалежнасьць, але не прайшла паўнавартаснага дэмакратычнага перазаснаваньня дзяржавы. І тое, што ў Польшчы ды Ўкраіне выглядала як шчасьлівы фінал доўгага эміграцыйнага змаганьня, у беларускім выпадку магло стаць заўчасным самароспускам.
Што такое ўвогуле Ўрад БНР?
Спачатку варта разабрацца, што менавіта мы называем «Урадам БНР». Штогод беларусы атрымліваюць сьвяточнае віншаваньне на Дзень Волі ад кіраўнічкі Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Інстытуцыйна гаворка ідзе перадусім пра Раду БНР, калегіяльны прадстаўнічы орган, які паўстаў у сьнежні 1917 году на Ўсебеларускім зьезьдзе, а ў лютым і сакавіку 1918 году праз Устаўныя граматы абвясьціў Беларусь сувэрэннай дэмакратычнай дзяржавай.
На сёньня Рада БНР падкрэсьлівае, што тая Рада была часовым найвышэйшым дзяржаўным органам, які меў падрыхтаваць Устаноўчы сход, дэмакратычную Канстытуцыю і пастаянныя органы ўлады. У сучасным разуменьні гэта не зусім «кабінэт міністраў», хаця сама Рада таксама адзначае, што яе Прэзыдыюм дэ-юрэ выконвае функцыі ўраду.
Пасьля бальшавіцкага наступу Рада БНР апынулася ў выгнаньні. З гэтага моманту яе галоўнай функцыяй стала захаваньне прававой і гістарычнай пераемнасьці беларускай дзяржаўнасьці. Пра нейкае кіраваньне пэўнай тэрыторыяй гаворка ўжо, натуральна, не вялася. Сама Рада сёньня фармулюе сваю місію як захаваньне і выкананьне волі беларускага народу, выказанай у Акце 25 Сакавіка 1918 года, гэта значыць адбудову незалежнай беларускай дзяржаўнасьці.

У ХХ стагодзьдзі такія інстытуты не былі экзотыкай. Калі краіну акупавалі, калі дэмакратычную ўладу вынішчалі або выціскалі за мяжу, яе палітычныя цэнтры працягвалі жыць у Парыжы, Лёндане, Празе, Мюнхэне ці дзе-кольвеч яшчэ. Іх галоўнай задачай было захаваць лінію пераемнасьці, трэба было сказаць сьвету і ўласнаму народу, што дзяржава не зьнішчаная, нават калі яе задушылі сілай.
У беларускім выпадку Рада БНР дагэтуль сцьвярджае, што мае перадаць свой гістарычны мандат будучаму дэмакратычна абранаму ўраду Беларусі.
Калі ўрады ў выгнаньні перадавалі свой мандат

Адзін з найбольш блізкіх прыкладаў да беларускага ўрада ў выгнаньні маем ва Ўкраіне. Дзяржаўны цэнтар УНР у выгнаньні існаваў пасьля 1920 году і дзесяцігодзьдзямі прадстаўляў Украіну за мяжой. 22 жніўня 1992 году прэзыдэнт УНР у выгнаньні Мікола Плаўюк падчас урачыстасьцяў у Кіеве склаў паўнамоцтвы, прызнаўшы незалежную Ўкраіну правапераемніцай Украінскай Народнай Рэспублікі.
Тады ж украінскім уладам былі перададзеныя грамата аб спыненьні дзейнасьці, заява аб правапераемнасьці, а таксама дзяржаўныя атрыбуты, у тым ліку сьцяг і пячатка. Ва Ўкраіне гэты жэст зафіксаваны як завяршэньне лініі дзяржаўнай пераемнасьці ад УНР да сучаснай украінскай дзяржавы.
Разам з тым, як згадвае Сяргей Навумчык, сёньняшні намесьнік старышыні Рады БНР, у другой палове 90-х у гутарцы зь некаторымі тады яшчэ жывымі лідэрамі ўкраінскае дыяспары ў ЗША, тыя лічылі, што іх крок (складаньне паўнамоцтваў Рады) быў памылковым і заўчасным.
Другі красамоўны прыклад маецца ў Польшчы. Польскі ўрад у выгнаньні, які падчас Другой сусьветнай вайны дзейнічаў у Лёндане як легітымнае прадстаўніцтва польскай дзяржавы, перажыў пасьляваенны камуністычны рэжым і дачакаўся моманту, калі Польшча зноў атрымала дэмакратычна абранага прэзыдэнта.
22 сьнежня 1990 году апошні прэзыдэнт Польшчы ў выгнаньні Рышард Качароўскі перадаў прэзыдэнцкія інсыгніі Леху Валенсу. Польская дзяржаўная памяць трактуе гэты акт як сымбалічнае завяршэньне місіі ўладаў у выгнаньні і як мост паміж ІІ і ІІІ Рэччу Паспалітай.
Дык чаму Рада БНР не зрабіла тое ж самае?
На гэтым тле беларуская гісторыя асабліва паказальная. Бо ў пачатку 1990-х і ў Менску абсалютна сур’ёзна думалі пра падобны сцэнар. Сяргей Навумчык у кнізе пра падзеі 1993 году пісаў, што ў Савеце Міністраў выношвалі задуму, каб Рада БНР склала свае паўнамоцтвы і перадала іх ураду Вячаслава Кебіча. Выглядала на тое, што першы беларусі прэм’ер з глыбока камуністычным бэкграўндам прызнаваў гістарычную значанасьць Рады БНР, чым каардынальна адрозьніваўся ад «дыплямаванага гісторыка» Лукашэнкі.
Падобныя згадкі прыводзіць і гісторык Анатоль Сідарэвіч. Ён згадваў, што першы міністар замежных справаў Пётра Краўчанка прыклаў шмат высілкаў да кантактаў з дыяспарай, а на 75-я ўгодкі Акту 25 Сакавіка ў Беларусь прыяжджаў старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, і тады хадзілі чуткі, што можа адбыцца прызнаньне Рэспублікі Беларусь і перадача дзяржаўнай пячаткі ў Менск.
Яшчэ больш выразна пра гэта сказала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Паводле яе, у першыя гады незалежнасьці кіраўніцтва беларускага ўраду рабіла намаганьні, каб Рада БНР склала свае паўнамоцтвы. Яна ж падкрэсьлівала, што яе папярэднік Язэп Сажыч адмовіўся гэта зрабіць, бо, па-першае, у Беларусі не было дэмакратычна абранай улады, а па-другое, не было ўпэўненасьці, што незалежнасьць ужо гарантаваная і незваротная.

Больш за тое, Сажыч у пэўны момант сапраўды схіляўся да складаньня паўнамоцтваў, пакуль яго не пераканалі гэтага не рабіць. У Беларусі ж улада заставалася ў руках Вярхоўнага Савету, абранага яшчэ пры камуністах, а ўрад Кебіча, як адзначае Сяргей Навумчык у камэнтары для «НЧ», без прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту не ўспрымаўся як плён незваротнай дэмакратычнай трансфармацыі.
Акрамя таго, як падкрэсьлівае сама Рада БНР, дзяржаўныя структуры ў Беларусі не былі створаныя праз свабодныя выбары, таму вяртаць мандат было заўчасна.
У 1993 годзе гэтае разуменьне было аформленае палітычна. III Усебеларуская палітычная канфэрэнцыя ў Менску прызнала, што Рада БНР павінна працягваць дзейнасьць да таго часу, пакуль у Беларусі не адбудуцца выбары ў новы парлямэнт на падставе дэмакратычнага закону, пакуль не будзе прынятая дэмакратычная канстытуцыя, пакуль у краіне не ўсталюецца палітычная і эканамічная дэмакратыя і пакуль зь Беларусі не будуць выведзеныя ўсе замежныя войскі.
На канфэрэнцыі 1993 года лідар БНФ Зянон Пазьняк заявіў: «Упэўнены, што сьвятая справа Беларускай Народнай Рэспублікі можа яшчэ ня раз паслужыць нашай дарагой Бацькаўшчыне».

Падзеі, якія адбыліся далей, пацьвердзілі слушнасьць адмовы ад складаньня паўнамоцтваў. Ужо праз кароткі час у Беларусі перамог Лукашэнка, у 1995 годзе адбыўся рэфэрэндум зь вяртаньнем савецкай камуністычнай сымболікі і ўмацаваньнем русіфікацыі, а сама незалежнасьць паступова пачала размывацца праз усё большую залежнасьць ад Расеі.
Таму Рада Беларускае Народнае Рэспублікі існуе і сёньня. Яе задача палягае ў тым, каб перадаць свой гістарычны мандат дэмакратычна абранаму ўраду Беларусі і тым самым злучыць БНР 1918 году з будучай дэмакратычнай Беларусьсю.
З Днём Волі!
