
Офіс Святланы Ціханоўскай выступіў з заявай адносна анулявання пашпартоў у былых палітвязняў, якіх прымусова вывезлі за мяжу.
У заяве падкрэсліваецца, што гэта можа сведчыць пра новы этап ціску – фактычнае пазбаўленне людзей прававой ідэнтычнасці.
Паводле апублікаванай інфармацыі, раней перад выдварэннем у людзей ужо забіралі пашпарты, выдаваліся часовыя дакументы без поўнай юрыдычнай моцы. Цяпер жа, як паказваюць правяранні праз афіцыйныя сэрвісы МУС, гэтыя пашпарты прызнаюцца несапраўднымі.
З пункту гледжання беларускага заканадаўства, адзначаецца ў заяве, такія рашэнні выклікаюць сур’ёзныя сумневы: ануляванне пашпарта магчымае толькі пры наяўнасці дакладна вызначаных падставаў і з захаваннем працэдураў. Масавае пазбаўленне дакументаў без празрыстай працэдуры і магчымасці абскарджання мае прыкметы адвольных рашэнняў.
«З пункту гледжання міжнароднага права гэта можа сведчыць пра дэ-факта пазбаўленне грамадзянства без належнай працэдуры. Ствараецца рызыка апатрыднасці (безграмадзянства), што забаронена міжнароднымі стандартамі», – адзначаецца ў заяве.
Асобна звяртаецца ўвага на важны міжнародны аспект: ануляванне пашпарта ў Беларусі не азначае аўтаматычнай яго несапраўднасці за мяжою. Замежныя дзяржавы самі ацэньваюць статус дакументаў, і яны могуць працягваць прымацца, напрыклад, у працэдурах атрымання прытулку або гуманітарнай абароны.
У той жа час падкрэсліваецца, што для былых палітвязняў гэтая сітуацыя нясе сур’ёзныя рызыкі. Сярод іх:
- абмежаванні ў распараджэнні маёмасцю ў Беларусі (рахункі, нерухомасць, аўтамабілі);
- цяжкасці з атрыманнем спадчыны;
- праблемы з натарыяльнымі дзеяннямі, у тым ліку з афармленнем дазволаў на выезд за мяжу для дзяцей;
- рызыка затрыманняў пры мінанні межаў, у тым ліку ў межах Шэнгену;
- магчымыя адмовы ў пасадцы на рэйсы;
- дадатковыя складанасці з легалізацыяй у краінах перабывання.
«Рэжым Лукашэнкі спрабуе выкарыстоўваць пашпарт як інструмент ціску і пакарання. Аднак з пункту гледжання міжнароднага права такія дзеянні не пазбаўляюць чалавека ягоных правоў і не павінны аўтаматычна прызнавацца іншымі дзяржавамі. Гэта свядомая спроба зрабіць беларусаў уразлівымі за межамі краіны, і менавіта таму патрабуецца кансалідаваная міжнародная рэакцыя.
Узнікае пытанне: што далей? Калі пашпарт становіцца рычагом кантролю, то наступным крокам стане яго фактычнае абнуленне і ў краіне, каб канчаткова пазбавіць людзей свабоды перамяшчэння і ператварыць права на выезд у прывілей, што выдаецца паводле палітычнай лаяльнасці», – адзначае дарадца ў прававых пытаннях Офісу Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў.
Юрыдычная каманда Офісу Ціханоўскай разглядае гэтыя дзеянні як грубае парушэнне міжнароднага права і чарговы этап рэпрэсіяў, скіраваных на выгнанне і маргіналізацыю беларусаў. Гаворка пра форму транснацыянальных рэпрэсіяў, калі ціск на людзей працягваецца нават пасля выезду з краіны.
Нагадаем, што пра масавае ануляванне пашпартоў раней паведамляў блогер і былы палітвязень Дзмітрый Казлоў. Маўляў, ён і іншыя людзі выявілі, што іхныя дакументы сталі несапраўднымі пасля правярання ў базе МУС. Пра аналагічную сітуацыю апавядаў і экс-палітвязень Эдуард Пальчыс.
