У ЗША афіцыйна стартавала касьмічная місія Artemis II. Проста цяпер людзі зноў ляцяць да Месяца. «Радыё Свабода» расказвае пра гэта падрабязьней.

1 красавіка адбылася гістарычная для чалавецтва і дасьледаваньня космасу падзея — людзі зноў паляцелі да Месяца, дзе апошні раз былі на пачатку 1970-х. Палёт у межах місіі Artemis II (Артэміда II) — своеасаблівая выведка. Праверка новай ракеты і касьмічнага карабля, спраектаваных адмыслова для вяртаньня чалавека на спадарожнік Зямлі. Адначасова гэта першы за шмат гадоў палёт чалавека за межы зямной арбіты. Як і папярэдняя месяцовая касьмічная праграма Apollo, Artemis мае беларускі сьлед. Расказваем пра ўсё падрабязьней.

52 гады адсутнасьці

Апошні раз чалавек быў побач зь Месяцам, а таксама на ім непасрэдна, у сьнежні 1972 году. У Менску ў гэтым жа годзе нарадзіўся мільённы жыхар, у цэнтры гораду на аднайменнай плошчы паставілі помнік Якубу Коласу, у Вязынцы адкрылі музэй Янкі Купалы, а пра будаўніцтва мэтро толькі пачыналі асьцярожна думаць.

Высадка астранаўтаў на паверхні Месяца падчас аднаго з палётаў па праграме Apollo

Палёты да натуральнага спадарожніка Зямлі на той час сталі калі не звычайнай справай, то дакладна не сэнсацыяй. Місія «Апалён 17», якая адбылася ў канцы 1972-га, была дзявятай экспэдыцыяй да Месяца і шостай, калі астранаўты высаджваліся на яго паверхню. Паводле пачатковага пляну, у межах праграмы Apollo мелі адбыцца яшчэ тры палёты ў 1974 годзе, аднак іх скасавалі. Прычынай у NASA назвалі вялікі кошт праграмы, а таксама выкананьне навуковай часткі палётаў папярэднімі місіямі, якія амаль цалкам прайшлі больш чым пасьпяхова. Вялікія тэхнічныя праблемы ўзьніклі толькі пры палёце Apollo 13, які сваім драматызмам натхніў галівудзкіх сцэнарыстаў і стаў асновай для аднайменнага кінаблякбастэру.

Старт місіі Apollo 17 на ракеце Saturn V, апошняга на дадзены момант палёту чалавека на Месяц. Сьнежань 1972

Такім чынам, на сёньня чалавецтва не было каля Месяца больш чым 52 гады. Нягледзячы на тое, што высадка на паверхню спадарожніка Зямлі зараз не прадугледжваецца, палёт можна лічыць паўнавартаснай месяцовай экспэдыцыяй. Апошняй падрыхтоўкай да новай сэрыі высадак.

Новая ракета, новы карабель

Праграма Artemis значна адрозьніваецца ад Apollo. Калі ў 60-х гадах асноўнай мэтай было даказаць саму магчымасьць пілятаваных палётаў да Месяца і правесьці яго дасьледаваньні, то зараз мэты значна больш амбітныя. У межах новай касьмічнай праграмы чалавецтва павінна ня проста зьлётаць на Месяц і вярнуцца, але таксама пачаць калянізацыю натуральнага спадарожніка Зямлі. На арбіце Месяца плянуюць стварыць касьмічную станцыю, а на яго паверхні — базу для астранаўтаў, адкуль у будучыні стануць магчымымі палёты на Марс. У праграме Artemis удзельнічае ня толькі амэрыканскае агенцтва NASA, але і касьмічныя агенцтвы іншых краін — з Эўропы і Канады. А таксама прыватная касьмічная кампанія SpaceX.

Ракета SLS на стартавым стале. Касмадром на мысе Канаверал, чэрвень 2022 году

Для вяртаньня да Месяца распрацавалі новую ракету, якая называецца SLS (Space Launch System). Гэта самая магутная ракета, якую калі-небудзь стварала чалавецтва і якая змагла пасьпяхова выканаць касьмічную місію. Starship ад SpaceX яшчэ большая памерамі і магутнасьцю, але яна пакуль так і не змагла выканаць ніводнага палёту ў космас з карыснай нагрузкай і знаходзіцца ў стадыі выпрабаваньняў.

Папярэдніка SLS, ракету Saturn V, распрацоўвалі ў 1960-я гады пад кіраўніцтвам былога нацыста, нямецкага канструктара Вэрнэра фон Браўна, якога амэрыканцы пасьля Другой усясьветнай вайны запрасілі працаваць у ЗША.

Новым будзе і сам касьмічны карабель Orion. Ён распрацаваны ня толькі для палётаў да Месяца. Гэта карабель новага пакаленьня, які можа выконваць палёты таксама на зямную арбіту, у тым ліку аўтаномныя і грузавыя. Ён значна большы, чым карабель праграмы Apollo.

Карабель Orion на фоне Месяца. Здымак зроблены падчас місіі Artemis I у сьнежні 2022 году

Палёт у межах місіі Artemis II, які распачаўся 1 красавіка, ня першы для ракеты SLS і карабля Orion. У канцы 2022 году яны ўжо выканалі сумесны палёт да Месяца ў межах місіі Artemis I. Тады на борце карабля не было астранаўтаў. Палёт працягваўся 25 дзён і прайшоў цалкам пасьпяхова.

Хто паляцеў

На гэты раз у палёце да Месяца ўдзельнічаюць адразу чатыры астранаўты. Раней лёталі толькі па тры чалавекі запар, павялічыць колькасьць экіпажу дазволіла новая ракета і новы карабель. Камандзірам палёту прызначылі Рыда Уайсмэна (Reid Wiseman), пілётам місіі стаў Віктар Гловэр (Victor Glover), а Крыстына Кок (Christina Koch) і Джэрэмі Гансэн (Jeremy Hansen) лятуць як спэцыялісты місіі.

Колькасьць каманды — не адзінае, што будзе ўпершыню. У склад усіх ранейшых месяцовых місіяў у межах праграмы Apollo уваходзілі выключна белыя мужчыны — грамадзяне ЗША. Цяпер упершыню ў гісторыі чалавецтва ў палёце да Месяца ўдзельнічаюць жанчына, цемнаскуры грамадзянін ЗША (Віктар Гловэр) і грамадзянін Канады (Джэрэмі Гансэн).

Астранаўты Джэрэмі Гансэн, Віктар Гловэр, Рыд Уайсмэн і Крыстына Кок (зьлева направа, у сінім) падчас прэзэнтацыі каманды місіі Artemis II, 2023 год

Усе астранаўты маюць вялікі досьвед працы, Крыстына Кок вядомая тым, што брала ўдзел у першым у гісторыі выхадзе ў адкрыты космас, у якім удзельнічалі толькі жанчыны. А вось для канадца Гансэна палёт да Месяца стане першым палётам у космас увогуле, хоць ён і працуе ў гэтай галіне 16 гадоў.

Палёт Уайсмэна, Гловэра, Кок і Гансэна будзе працягвацца 10 дзён. Увесь гэты час яны правядуць на борце карабля Orion. Яго ўнутраная прастора прыкладна адпавядае ўнутраным памерам мікрааўтобуса — 3 на 5 мэтраў. Яна трансфармуецца, астранаўты змогуць раскладваць свае крэслы, выконваць фізычныя практыкаваньні на трэнажэрах (гэта неабходна, каб падтрымліваць цягліцы ў належным стане) і нават «хадзіць» у прыбіральню. 50 гадоў таму вандроўнікі да Месяца мусілі абыходзіцца плястыкавымі пакетамі.

Уся чацьвёрка астранаўтаў даўно працуе разам, яны прайшлі разнастайныя псыхалягічныя тэсты на сумяшчальнасьць і двойчы адбылі перадпалётны карантын, падчас якога разам знаходзіліся ў невялікай камэры. Нягледзячы на высокую ступень аўтаматызаванасьці сыстэмаў, усе чацьвёра змогуць выпрабаваць сыстэмы кіраваньня і жыцьцядзейнасьці карабля. Гэта неабходна для распрацоўкі праграмаў наступных палётаў.

Як праходзіць палёт

Палёт Orion да Месяца моцна адрозьніваецца ад палётаў на Міжнародную касьмічную станцыю, якія даўно сталі амаль будзённасьцю. У першы дзень місіі астранаўты будуць на зямной арбіце, аднак калі МКС лётае над плянэтай на вышыні прыкладна 400 км, то Orion падымецца адразу на 70 тысяч кілямэтраў. Адтуль плянэта ўжо ня будзе выглядаць адносна блізкай, аднак вяртаньне на Зямлю мае заставацца адносна простай задачай.

Аблёт Месяца падчас папярэдняй місіі Artemis 1 у сьнежні 2022 году. Скрыншот з трансьляцыі NASA

На другі дзень астранаўты пакінуць калязямную арбіту і накіруюцца да Месяца, палёт да яго зойме прыкладна 2 содняў, пасьля чаго Orion пяройдзе на калямесяцовую арбіту і зробіць некалькі віткоў вакол Месяца на вышыні каля 7500 кілямэтраў. Каля спадарожніка Зямлі астранаўты прабудуць каля трох гадзінаў, затым Orion пачне вяртаньне дадому, і гэта будзе самай небясьпечнай часткай палёту. Нягледзячы на вялікую колькасьць сучасных тэхналёгіяў і значна большыя магчымасьці аўтаматызацыі палёту, запас неабходнага для карэктаваньня траекторыі касьмічнага карабля паліва застаецца вельмі абмежаваным. Арганізаваць іншую місію, каб «забраць» астранаўтаў, будзе наўрад ці магчыма. Яны могуць спадзявацца толькі на тое, што з караблём Orion усё будзе нармальна.

Ракета SLS з караблём Orion на стартавым стале касмадрома на мысе Канаверал

На шляху да Зямлі касьмічны карабель разьдзеліцца на дзьве часткі — асноўную, якая пасьля стане касьмічным сьмецьцем і з часам згарыць у зямной атмасфэры — і спускны апарат, у якім астранаўты вернуцца на Зямлю.

Прывадненьне касьмічнага карабля Orion падчас місіі Artemis I, сьнежань 2022 году

Ён павінен прывадніцца ў Ціхім акіяне, адкуль астранаўтаў традыцыйна забярэ адзін з амэрыканскіх авіяносцаў. У гэтым місія Artemis нагадвае праграму Apollo.

Пры чым тут беларус

Уся справа ў паліве. Нягледзячы на тое, што ад першых палётаў да Месяца прайшло больш чым паўстагодзьдзя, тэхніка і электроніка прайшлі ў сваім разьвіцьці вялікі шлях, а касьмічныя агенцтвы зараз ведаюць пра палёты ў космас непараўнальна больш, амаль усе касьмічныя ракеты па-ранейшаму лётаюць на тым самым паліве, якім карысталіся ў 70-ых — спалучэньні звадкаванага вадароду і кіслароду. І вось у вывучэньні яго ўласьцівасьцяў пры рыхтаваньні праграмы Apollo прымаў удзел знакаміты навуковец беларускага паходжаньня Барыс Кіт.

Барыс Кіт на фоне карціны, намаляванай ім самім. 1992 год

З 1950-х Барыс Кіт працаваў у кампаніі North American Aviation, дзе дасьледаваў уласьцівасьці вадкага вадароду і выкарыстаньне яго як паліва для звышмагутных ракет. Вынікі працы беларуса былі выкарыстаныя ў распрацоўцы ракеты Saturn V, на якой людзі упершыню паляцелі да Месяца, а таксама ў праграме Space Shuttle, якая працягвалася да лета 2011 году.

Вадкі вадарод выкарыстоўваецца ў якасьці паліва і ў новай ракеце SLS, распрацаванай для ўсёй місіі Artemis, а таксама можа выкарыстоўвацца для будаўніцтва арбітальнай станцыі ля Месяца і палётаў да Марсу.

Калі адбудуцца наступныя этапы Artemis, пакуль невядома. Для заплянаванай падчас місіі Artemis III высадкі на Месяц патрэбны адмысловы пасадачны карабель, распрацоўкай якога павінна займацца кампанія SpaceX, ён яшчэ не гатовы. Аднак у кожным разе людзі падчас новых спробаў палётаў да Месяца будуць выкарыстоўваць паліва, над стварэньнем якога працаваў ганаровы грамадзянін Наваградзкага раёну Барыс Кіт.

svaboda.org