
Дэпутаты Еўрапарламенту выпусцілі заяву да 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у якой заклікалі да перадухілення будучых радыяцыйных катастрофаў. У сувязі з гэтым асаблівую ўвагу прапаноўваюць звярнуць на Беларусь, дзеянні ўладаў якой могуць ствараць небяспеку.
Паводле аўтараў заявы, сёння трэба не толькі захоўваць памяць пра Чарнобыль, але і зрабіць усё, «каб яго ўрокі не былі размытыя кароткатэрміновымі палітычнымі ці эканамічнымі наратывамі».
«Праўда пра Чарнобыль мусіць заставацца бачнай, бо забыць пра яе азначала б дапусціць рызыку паўтарэння. Мы звяртаем асаблівую ўвагу на Беларусь. Пад уладай Аляксандра Лукашэнкі там сістэматычна прымяншалі сапраўдныя маштабы катастрофы, абмяжоўвалі доступ грамадскасці да медычнай статыстыкі і, без належнага навуковага абгрунтавання, перакласіфікавалі забруджаныя тэрыторыі ў «чыстыя», адначасова аднаўляючы сельскагаспадарчую вытворчасць на гэтых землях. Такая практыка стварае сур’ёзную рызыку для здароўя цяперашняга і будучых пакаленняў», – гаворыцца ў заяве.
Еўрапарламент прыходзіць да высновы, што ў Беларусі спадчына Чарнобылю хутчэй хаваецца, чым вырашаюцца пытанні, што з ёй рабіць. Акрамя таго, улады ствараюць дадатковыя рызыкі для дзяржаваў – сябраў ЕЗ, звязаныя з Астравецкай АЭС.
Дэпутаты заклікаюць улады Беларусі забяспечыць поўную празрыстасць і незалежны маніторынг, а таксама спыніць выкарыстанне і забруджаных тэрыторыяў, адначасова аднаўляючы абарону пацярпелага насельніцтва.
«Міжнародная супольнасць мусіць дзейнічаць рашуча. Яна мусіць узмацніць адказнасць за ўтойванне радыяцыйных рызык і за напады на ядравыя абʼекты, асабліва ў кантэксце незаконнай вайны Расеі супраць Украіны. Трэба стварыць незалежны і агульнадаступны глабальны радыелагічны рэестр і прызнаць разгортванне ядравай зброі ў Беларусі пагрозай калектыўнай бяспецы», – заяўляе Еўрапарламент.
Дэпутаты падкрэсліваюць, што праз 40 гадоў пасля Чарнобылю ваеннае выкарыстанне ядравых тэхналогіяў працягвае ствараць сур’ёзныя рызыкі для чалавецтва і планеты.
«Мы абавязаныя перад тымі, хто пацярпеў, і перад будучым пакаленнямі, дзейнічаць адказна і ясна. Толькі праз празрыстасць, навуковую сумленнасць і павагу да чалавечага жыцця мы можам сапраўды разабрацца са спадчынай Чарнобылю і гарантаваць, што такая катастрофа ніколі не паўторыцца», – рэзюмуюць аўтары заявы.
Аляксандр Лукашэнка 27 красавіка падчас наведвання Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласці – аднаго з найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, заявіў, што трэба вяртаць у сельскагаспадарчы абарот забруджаныя землі, «чаго б гэта ні каштавала».
Радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб у каментары «Белсату» назваў вяртанне забруджаных земляў у сельскую і лясную гаспадарку катастрофай. Бо радыенукліды з забруджанай зямлі разнясуць па тэрыторыі ўсёй Беларусі. За мінулыя гады чарнобыльскія цэзій і стронцый паспелі апусціцца ў падлесак і глебу на 15–20 см глыбіні. Цяпер іх «падымаюць з магілы» наверх і дадаюць у наваколле.
