Ветэрынар уцёк ад размеркавання ў Грузію, але вярнуўся ў Беларусь памяняць пашпарт

Стась Гаголка. Фота: тыкток @gogolko.stas

Стась Гаголка скончыў Віцебскі каледж ветэрынарнай медыцыны, пасля якога быў размеркаваны ў калгас.

Ад размеркавання ў калгас не выратавала і практыка ў ветэрынарнай клініцы ў якасці асістэнта хірурга, куды студэнт трапіў на апошнім курсе.

У калгасе хлопца адразу прызначылі галоўным ветэрынарам. Праца хлопцу прыйшлася недаспадобы і нават шакавала.

«Я вывозіў мёртвых кароў на трактары і скідваў у яму. У мяне псіхіка ледзь не зляцела за месяц працы — я ў той момант пачаў піць».

Станіслаў вырашыў, што доўга так не працягне, таму купіў квіток у Грузію і ўцёк з 300 далярамі ў кішэні. Праўда, нядаўна ён асэнсаваў, што ў яго хутка скончыцца пашпарт, і вырашыў рызыкнуць злятаць на радзіму. Гаголку затрымалі проста пры атрыманні пашпарта.

«У пашпартным стале мяне затрымліваюць, ломяць і вязуць у аддзяленне. Там следчы запытаў у мяне, ці я ў курсе, што вінны дзяржаве грошы. Я яму адказаў: «Не, не ў курсе, а колькі?» А вінны я за каледж восем тысяч даляраў. Следчы сам а*уеў ад такой сумы», — расказвае пра перажытае беларус.

У выніку Стаса адпусцілі, папрасіўшы падысці на наступны дзень у Следчы камітэт, але ён адразу праз Расію вярнуўся ў Грузію. Дома на хлопца завялі крымінальную справу (калі выпускнік не адпрацоўвае размеркавання і адмаўляецца вярнуць сродкі, якія выдаткоўваліся на яго бюджэтнае навучанне, ВНУ ці каледж падаюць у суд).

Цяпер Станіслаў жартуе, што ў яго застаецца 10 гадоў на атрыманне новага грамадзянства, бо яшчэ раз мяняць пашпарт у такіх умовах ён не рызыкне.

Мяркуючы па яго рэзюмэ, у Грузіі ён працаваў афіцыянтам у начным клубе, пазней — круп’е ў казіно, шукаў сабе месца і ў сферы IT. Але далей у планах Стаса асвоіць майстэрства грумінгу.

«Недарэмна ж я вучыўся на ветэрынара», — тлумачыць хлопец.

nashaniva.com