Мікола Бянько пра Віктара Цоя як сімвал чужой пупавіны расейскага року

Мікола Бянько

Улады Беларусі, як падае шэраг незалежных выданняў, нечакана аслабілі культурныя забароны: частку расейскіх гуртоў прыбралі з так званага  “чорнага спісу”, а ў караоке зноў дазволілі спяваць песні гуртоў “Кіно”, “Звери” і “Градусы”. Праўда, з істотнай агаворкай: песня Віктара Цоя “Перемен” – па-ранейшаму пад забаронай.

Аднак казаць пра нейкую лібералізацыю ў культурнай сферы не выпадае. Сістэма цэнзуры ў Беларусі захоўваецца, існуюць нефармальныя “чорныя спісы” нелаяльных выканаўцаў, практыка прызнання творчасці “экстрэмісцкай”, а таксама крымінальны пераслед музыкаў. За кратамі застаюцца прадстаўнікі незалежнае культуры, у тым ліку лідар гурта “Палац” Алег Хаменка.

Чаму ж улады вырашылі “памілаваць” менавіта Віктара Цоя і некаторыя расейскія гурты? Тут можна вылучыць некалькі прычын. Па-першае, творчасць Цоя сёння ў значнай ступені страціла сваю актуальнасць. Ягоная перабудовачная рамантыка, звязаная з чаканнем пераменаў, ужо не мае той мабілізацыйнай сілы, якую мела ў канцы 1980-х. Для ўлады гэта ўжо не небяспечны сімвал, а хутчэй элемент настальгічнай культуры.

Па-другое, не варта забываць, што людзі, якія прымаюць рашэнні ў культурнай палітыцы, самі выраслі на расейскай рок-музыцы. Гэта частка таго самага “рускага міру”, які працягвае вызначаць культурныя арыенціры нават у Беларусі. Цой, Бутусаў ці Шаўчук для іх – не ворагі, а частка ўласнай маладосці, што падсвядома ўплывае на гатовасць рабіць выключэнні.

Па-трэцяе, важны і чыста практычны фактар. Дазвол на выкананне гэтых песень тычыцца найперш караоке-клубаў, то бок фармату, арыентаванага на масавую забаўляльную аўдыторыю. Улічваючы наплыў грамадзян Расеі ў Беларусь у апошнія гады, такі крок выглядае як саступка “сваёй” аўдыторыі, якая прывыкла да расескамоўнага рэпертуару і адпаведных культурных кодаў.

Асобнае пытанне – постаць самога Цоя і ягонае месца ў сённяшнім кантэксце. Даследчыкі рок-музыкі дагэтуль спрачаюцца, ці падтрымаў бы ён вайну супраць Украіны. З аднаго боку, Цой успрымаецца як пацыфіст і аўтар песень пра ўнутраную свабоду. З іншага, парадаксальна, але менавіта пад ягоныя песні сёння ідуць на вайну расейскія добраахвотнікі. Гэта сведчыць пра тое, што культурныя сімвалы могуць быць лёгка пераасэнсаваныя і ўключаныя ў ідэалагічныя канструкцыі, супрацьлеглыя іх першапачатковаму зместу.

На гэтым фоне сённяшняя “рэабілітацыя” Цоя выглядае спробай рэанімаваць ужо бяспечны і часткова дэпалітызаваны сімвал. Але значна важней іншае: пакуль ідэолагі манеўруюць паміж забаронамі і дазволамі, сам працэс культурнага разрыву ў Беларусі паскараецца. Яшчэ з 2000-х гадоў беларусы ўсё больш звярталіся да ўласнай сцэны, фармаваліся супольнасці і густы, арыентаваныя не на савецкую настальгію, а на ўласныя і заходнія ўзоры. Да 2020 года гэта стала нормай. У той жа час у Расеі значная частка рок-музыкаў, не знайшоўшы сябе пасля Перабудовы, эвалюцыянавала ў бок падтрымкі вайны і дзяржаўнага шавінізму. Таму пытанне сёння не ў тым, ці можна спяваць Цоя ў караоке. Пытанне ў тым, ці гатовая беларуская культура канчаткова замацаваць ужо фактычны разрыў -і жыць без гэтай даўно чужой “пупавіны” расейскага року.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя