
Беларускі бок прызнае, што ў Беларусь вельмі часта прылятаюць дроны, толькі не ўдакладняе, чые, хоць вядома, што вельмі часта залятаюць расейскія «Шагэды». Толькі ў адзінкавых выпадках рэжым вінаваціў Украіну ў запуску дронаў у беларускае неба. Хоць Беларусь не зацікаўленая ў разрастанні канфлікту з Украінаю, гэтага можа хацець Расея, папярэджвае «Белсат» украінскі аналітык.
Украінскі вайсковы аналітык Дмытро Снегіроў у каментары «Белсату» згадвае, што ўжо не адзін раз былі выпадкі збіцця расейскіх дронаў беларускай супрацьпаветранай абаронай. Імаверна, першы такі выпадак здарыўся 5 верасня 2024 года над Гомлем, калі знішчальнікі тройчы падымаліся, каб збіць расейскі «Шагэд». У ліпені 2025-га беларускі самалёт знішчыў дрон-імітатар «Гербера». Такія дроны звычайна не нясуць баявой часткі, а маюць выклікаць на сябе сілы супрацьпаветранай абароны і «абяскроўліваць» іх, каб менш сродкаў засталося супраць «Шагэдаў».
«Больш за тое, у сакавіку 2026 года з’явілася інфармацыя пра тое, што на тэрыторыі Беларусі фармуюцца мабільныя агнявыя групы якраз для супрацьдзеяння расейскім беспілотнікам, – адзначае Снегіроў. – І больш за тое, была заява дыктатара Лукашэнкі, што незалежна ад таго, чые гэта беспілотнікі, ці то расейскія, але Лукашэнка дапускаў, што могуць быць і ўкраінскія, ён аддаў загад ужываць аэрадынамічныя сродкі паражэння над тэрыторыяй краіны».
Камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лукʼяновіч у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ заявіў, што дзяжурныя памежнікі «амаль штодня» назіраюць, як паветраную прастору Беларусі парушаюць замежныя беспілотнікі. Гэта, сказаў ён, звязана са «складаным геаграфічным становішчам» Беларусі, якая мае «выступы» мяжы на тэрыторыі як Расеі, так і Украіны – і дроны адхіляюцца і парушаюць паветраную прастору.
Чые дроны залятаюць і чые дроны збіваюць, ён не сказаў. Але гэта вядома: незалежныя ўкраінскія маніторынгавыя каналы, якія паведамляюць пра расейскія паветраныя атакі на тэрыторыі Украіны, рэгулярна паведамляюць пра расейскія дроны, якія вылятаюць з Беларусі ці залятаюць у яе. Але паведамлялі і пра тое, што ўкраінскія дроны заляталі ў Беларусь.
Украіна не запускае беспілотнікаў для ўдараў па беларускай тэрыторыі, падкрэслівае Снегіроў. Расея ж выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі, каб абысці ўкраінскую супрацьпаветраную абарону. Таксама бывае, што дроны мяняюць курс і ляцяць на тэрыторыю Беларусі ў выніку ўкраінскай радыёэлектроннай барацьбы, а праз гэта нясуць пагрозу ўжо аб’ектам на беларускай тэрыторыі.
Грамадская ініцыятыва Снегірова «Права Справа» тыдзень таму атрымала звесткі, што Расея рыхтуе правакацыю супраць Беларусі, каб абвінаваціць Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны ў атаках на Беларусь:
«Мы атрымалі пэўную інфармацыю, што расейскі бок рыхтуе правакацыі, а менавіта так званыя аперацыі пад чужым сцягам, з выкарыстаннем аэрадынамічных сродкаў паражэння для ўдараў па стратэгічных аб’ектах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
«Адметна, што праз тры дні пасля абнародавання гэтай інфармацыі расейскія СМІ, якія да таго часу захоўвалі інфармацыйную цішыню, выступілі з паведамленнямі. Але не на прэс-канферэнцыі, а ў Telegram-каналах апублікавалі відэа допыту ўкраінскага палоннага, дзе ён заявіў, што нібыта выконваў заданні Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны ў момант збору інфармацыі пра стратэгічныя аб’екты на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь сродкамі радыёэлектроннай выведкі».
З Беларусі ва Украіну 2 траўня заляцеў паветраны шар. Палёты шароў, якія нясуць кантрабандныя цыгарэты, з Беларусі да суседзяў – звычайная рэч. Але гэты, паводле ўкраінскіх памежнікаў, нёс рэтранслятар для расейскіх дронаў.
Хто такое запускае – Беларусь, Расея са згоды Беларусі, Расея без згоды? Снегіроў перакананы: Беларусь не зацікаўленая ў эскалацыі напружанасці на мяжы з Украінаю, дый Аляксандр Лукашэнка не мае суб’ектнасці ў прыманні такіх пастановаў.
«Такі сцэнар, калі б гэта былі беларускія спецслужбы, адпаведна выклікаў бы шмат пытанняў у першую чаргу з боку Кітайскай Народнай Рэспублікі, якая разглядае Беларусь як зону сваіх прыярытэтных эканамічных, вайсковых і палітычных інтарэсаў – плацдарм на еўрапейскім кантыненце», – мяркуе Снегіроў.
Суразмоўца не выключае, што той шар быў спланаванай правакацыяй расейскіх спецслужбаў з мэтай уцягнуць Беларусь у вайну беспасярэдне.
Ён згадвае, што ў 2024 годзе, у час найбольшага напружання на беларуска-ўкраінскай мяжы, там адбываліся не расейска-беларускія вайсковыя вучэнні, а беларуска-кітайскія. Гэта зняло пытанне паўтарэння расейскага нападу з тэрыторыі Беларусі, і Украіна перадыслакавала аператыўныя рэзервы з беларускага кірунку на Курскую вобласць Расеі.
Калі б Беларусь была ўцягнутая ў вайну беспасярэдне, гэта было б праблемаю для Украіны: працягласць мяжы – тысяча кіламетраў. Гэта адцягвала б аператыўныя рэзервы і сілы супрацьпаветранай абароны.
