Незвычайнае хобі беларуса-эмігранта

Якаў (імя зменена – рэд.) адносна нядаўна жыве ў эміграцыі, па яго словах, у краіне Еўразвязу, даволі непапулярнай для пераезду сярод беларусаў. У вольным ад працы часе ён цікавіцца некрапалістыкай, то бок даследаваннем могілак. А калі казаць канкрэтней – шукае ў розных еўрапейскіх краінах магілы вядомых беларусаў.

Прафесія Якава ніяк не звязаная з гісторыяй, таму займаецца ён гэтым на аматарскім узроўні.

Падарожнічаць беларус любіў заўсёды, і ў кожным месце ці краіне, якія наведваў, яму было цікава паглядзець мясцовыя могілкі, магчыма, таму, што там адбіткам захоўваецца культура розных часоў, рэгіёнаў і традыцый. Асабліва актуальным, прызнаецца хлопец, гэты занятак стаў у эміграцыі. Ён мяркуе, што вывучаючы лёсы людзей, якія праходзілі падобны шлях, можна пабачыць шмат паралеляў і аналогій, дасягненняў і памылак, перамог і параз.

Што тычыцца пахаванняў з беларускімі надпісамі і інскрыпцыямі, то такія Якаў шукае ў краінах, дзе беларуская эміграцыя была масавай, дзе беларусы ядналіся ў згуртаванні, стваралі сталыя структуры, дзе як мінімум наступнае пакаленне іх дзяцей захоўвала беларускую ідэнтычнасць. Напрыклад, магілы старшынь Рады БНР Васіля Захаркі і Пётры Крэчэўскага ў Празе ў Чэхіі цалкам аформленыя па-беларуску. На віленскіх Росах можна пабачыць магільную пліту паэта Казіміра Сваяка з надпісамі беларускай лацінкай, гэтак жа аформлены кенатаф братоў Луцкевічаў, помнікі на магілах Францішка Аляхновіча, Антона Лявіцкага. Двухмоўныя надпісы знаходзяцца на надмагіллі стваральніка беларускага нацыянальнага сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага ў Коўне і на магіле Міхася Забэйды-Суміцкага ў Празе. Шмат беларускамоўных надмагілляў, кажа Якаў, знаходзіцца ў ЗША, дзе беларусы-эмігранты ў некаторых гарадах нават арганізоўвалі асобныя сектары на могілках.

А вось падчас апошняй вандроўкі ў Мюнхен беларусу ўдалося наведаць месцы пахаванняў Уладзімера Цвіркі (грамадкі дзеяч і журналіст, у 1959–1968 галоўны рэдактар Радыё Вызваленне/Свабода), Сымона Кандыбовіча (грамадскі дзеяч, гісторык), Барбары Вержбаловіч (оперная спявачка), Галіны Руднік (журналістка, перакладчыца, грамадская дзяячка), Уладзімера Салаўя (рэлігійны дзеяч).

І гэта далёка не поўны спіс нашых землякоў, пахаваных у Мюнхене, але інфармацыя аб дакладнай геалакацыі ёсць не па ўсіх магілах, распавядае наш суразмоўца. Таксама шмат пахаванняў беларусаў былі, на жаль, зліквідаваныя, у тым ліку прыгожы помнік журналісту Леаніду Карасю, надпісы на якім былі беларускай лацінкай.

Якаў лічыць, што не зрабіў вялікіх адкрыццяў падчас сваіх падарожжаў, бо такія адкрыцці ў большай ступені належаць сур’ёзным даследчыкам беларускіх пахаванняў за мяжой, напрыклад, Наталлі Гардзіенцы, Лявону Юрэвічу, Сяргею Кнырэвічу: „Гэтыя людзі сістэмна працуюць з архівамі, збіраюць інфармацыю ў прадстаўнікоў старых хваль эміграцыі, шукаюць нашчадкаў даўно памерлых беларусаў. Але мне даводзілася толькі ўдакладняць нейкую інфармацыю аб ужо вядомых могілках, рабіць больш дакладную геалакацыю, сектары і нумары пахаванняў, рабіць актуальныя фота. Напрыклад, падчас апошняй вандроўкі ў Мюнхен удакладніў геалакацыю пахаванняў Уладзіміра Цвіркі і Уладзімера Салаўя. Бо нават калі ў даведніках ёсць фота магілы, часам адсутнічаюць месца або рад пахавання, і не маючы дакладнай геалакацыі можна доўга блукаць па вялікіх могілках, так нічога і не знайшоўшы”. 

Што тычыцца Польшчы, то тым, хто цікавіцца беларускай некрапалістыкай, наш суразмоўца раіць наведаць Гданьск, дзе знаходзяцца магілы Лукаша Дзекуць-Малея і Серафімы Дзекуць Малей, варшаўскія Павонзкі, дзе пахавана шмат людзей, звязаных з беларускай гісторыяй, перад усім Ян Булгак, Станіслаў Манюшка і Чэслаў Немэн. А ў Кракаве на Ракавіцкіх могілках можна, сярод іншых, пабачыць магілы Алеся Гаруна, Зыгмунта Урублеўскага, Эмерыка Гутэн-Чапскага, Адама Кіркора, Яна Эдварда Ваньковіча.

Таксама ў Польшчы Якаў плануе наведаць на праваслаўных могілках магілы Юрыя Туронка і Мітрафана Будзько (прадзеда Паўла Севярынца), Антона Сокал-Кутылоўскага ў Шчэціне, Міхала Андрыёлі ў Налэнчове каля Любліна, і канешне ж, могілкі беларусаў Падляшша, кажа, акурат хутка мусіць выйсці кніга Вольгі Сямашкі на гэтую тэму.

Інфармацыю для сваіх вандровак хлопец шукае ў кнігах і ў інтэрнэце на профільных форумах, па ключавых словах і тэгах у фэйсбуку і інстаграме.

Паводле ягоных слоў, настольнай кнігай любога чалавека, зацікаўленага беларускай некрапалістыкай за мяжой, з’яўляецца «Кніга могілак» Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча. У гэтым выданні сабраная максімальна дакладная база беларускіх пахаванняў у 13 краінах. Гэта: Аўстралія, Вялікабрытанія, ЗША, Бельгія, Нямеччына, Грэцыя, Данія, Італія, Канада, Францыя, Чэхія, Чылі, Швецыя. Пры гэтым ў спісе няма гістарычна найбольш папулярных краін беларускай эміграцыі: Польшчы, Літвы, Украіны, але, як пішуць аўтары гэтай кнігі, па пахаваннях у гэтых краінах можна выпускаць асобныя тамы, галоўнае, каб знайшоўся ахвочы даследчык, які б узяў на сябе збор і ўладкаванне інфармацыі. Таксама Якаў раіць тым, хто цікавіцца падобнай тэмай, кнігу «Магілы беларусаў у Чэхіі і Славаччыне» Сяргея Кнырэвіча. У інтэрнэце можна знайсці QR-код з гэтай кнігі са спасылкай на гугл-мапу беларускіх пахаванняў, знойдзеных аўтарам у гэтых краінах. У мабільным дадатку SVAE у раздзеле «Культура» таксама можна паглядзець на мапе сьпіс месцаў, звязаных з Беларуссю, у тым ліку вялікую колькасць пахаванняў. 

Стан беларускіх пахванняў за мяжой, распавядае Якаў, вельмі розны і залежыць ад шматлікіх чыннікаў: „Усё часта залежыць ад таго, ці засталіся ў памерлага родзічы, наколькі вядомы быў чалавек і ад правіл канкрэтных могілак у канкрэтных краінах. Шырока распаўсюджанай практыкай з“яўляецца сітуацыя, калі пасля некалькіх дзесяцігоддзяў сканчаецца тэрмін арэнды месца на могілках, і тады магіла апынаецца пад пагрозай ліквідацыі. Найбольш вядомы прыклад – гэта магіла Івана Луцкевіча, які памёр ад сухотаў у Закапанэ і быў пахаваны там на Новых могілках, але пазней за магілу не было каму заплаціць, і на сённяшні момант ягоныя парэшткі ляжаць пад двума пазнейшымі пахаваннямі, без помнікa і згадкі. Такі лёс напаткаў дзясяткі, калі не сотні магіл беларусаў па ўсім свеце, таму крытычна важнымі для зберажэння нацыянальнай памяці з“яўляюцца такія ініцыятывы, як леташні збор сродкаў на ўратаванне беларускіх пахаванняў у Беластоку. Лічу, што для беларусаў замежжа гэта вельмі добры прыклад захавання нашага следу мінулых гадоў, а ў месцах, дзе пахаванням не пагражае ліквідацыя, заўсёды дарэчным будзе час ад часу прыбіраць закінутыя пахаванні, напрыклад, на Дзяды, ці проста прынесці кветкі, знічы ці стужкі ў нацыянальных колерах”.

На Падляшшы, прызнаецца беларус, ён ужо бываў, але, на жаль, амаль заўсёды праездам, таму не можа шмат расказаць пра мясцовыя некраполіі. Але абавязкова хоча навярстаць вандроўныя прабелы ў нашым рэгіёне.

Павел Лукашук, czasopis.pl