
Кіраўнік НАУ, намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка паведаміць новыя звесткі пра былую спікерку Каардынацыйнай рады Анжаліку Мельнікаву Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Пра гэта ён паведаміў у размове з «Белсатам».
Павел Латушка ў адказ на пытанне «Белсату», ці змянілася з новымі звесткамі ягоная ацэнка гісторыі з Анжалікай Мельнікавай, адзначыў, што інфармацыя, якую прадставіла ініцыятыва «Кіберпартызаны», важная, але не дае адказу на шэраг важных пытанняў: калі Анжаліка Мельнікава пайшла на супрацу са спецслужбамі рэжыму, было гэта прымусам, шантажом альбо добраахвотнай супрацай, пры якіх абставінах гэта адбылося.
На ягоную думку, цяпер «Кіберпартызаны» і ўладальнікі фонду Białoruś Liberty, з якога Мельнікава вывела грошы, маюць падставы, каб падаць на яе ў польскі суд.
«Думаю, што гэтая інфармацыя будзе таксама важнай і для ўладаў Польшчы, бо Анжаліка Мельнікава ёсць і грамадзянкай Польшчы. У сваю чаргу, як заяўнік паводле факту знікнення Анжалікі Мельнікавай, я таксама накірую гэты артыкул [«Кіберпартызанаў» пра тое, што Мельнікава жыве ў Беларусі і мае пашпарт прыкрыцця. – Рэд.] на адрас Нацыянальнай пракуратуры Польшчы, дэпартамент у Лодзі, які вядзе расследаванне паводле факту знікнення Анжалікі Мельнікавай», – адзначыў Павел Латушка.
З пункту гледжання бяспекі супраца са спецслужбамі, на што паказвае наяўнасць пашпарта на імя Ангеліны Радзівонавай, на чальцах Каардынацыйнай рады не моцна адаб’ецца, мяркуе суразмоўца.
«Калі мы гаворым пра працу Каардынацыйнай рады, то можна яшчэ раз паўтарыць, што Каардынацыйная рада ёсць публічнай, абсалютна адкрытай арганізацыяй і ўсе дэлегаты вядомыя», – сказаў ён.
Аднак Мельнікава працавала і ў НАУ, дзе частка каманды ананімная.
«Безумоўна, шэраг людзей у нашай камандзе ёсць непублічнымі, але мы ўсведамлялі: калі Анжаліка Мельнікава апынулася пад кантролем спецслужб, то гэта інфармацыя ўжо даўно ёсць у іх распараджэнні. Гэта рызыкі нашай працы. І пры ацэнках давайце зыходзіць найперш з таго, што супраць нас ідзе абвешчаная сістэмай спецслужбаў адкрытая вайна. Не адной, а ўсіх спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі. І гэта ёсцьпершапрычынай такіх сітуацыяў», – дадаў Павел Латушка.
Анжаліка Мельнікава – былая спікерка Каардынацыйнай рады. Яна перастала выходзіць на сувязь 25 сакавіка 2025 года. Перад знікненнем яна вывела грошы Каардынацыйнай рады і «Кіберпартызанаў» на 150 тысячаў долараў.

Як высветлілі журналісты-расследавальнікі, Мельнікава выехала з Польшчы ў Вялікую Брытанію, пасля на Шры-Ланку, а пасля паехала ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Які быў ейны далейшы шлях, дакладна не вядома.
Таксама журналісты даведаліся, што, хутчэй за ўсё, Мельнікава мела рамантычныя стасункі з працаўніком КДБ Беларусі Аляксеем Лабеевым.
Ініцыятыва BYPOL паведамляла, што ў 2022 годзе Мельнікава праваліла першы тэст на паліграфе, але другі прайшла.
У сакавіку 2026 года, перад выбарамі ў Каардынацыйную раду чацвёртага склікання, пачалі з’яўляцца навіны пра Мельнікаву. Спачатку з’явіліся здымкі вельмі падобнай да яе жанчыны ў менскай спартовай зале, пасля – паведамленні пра тое, што на ейнае імя купленыя дзве кватэры ў Менску.
Цяпер «Кіберпартызаны» паведамілі, што яна дакладна жыве ў Беларусі з дзецьмі і мае пашпарт прыкрыцця.
