Дарагія сябры!
105 гадоў таму, 25 сакавіка 1918 года, наш народ засведчыў сваё права гаспадарыць на ўласнай зямлі, абвясціўшы незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Агучаныя на ўвесь свет гэтым найважнейшым у гісторыі беларусаў актам, нашы нацыянальныя арыенціры і дэмакратычныя ідэалы былі сапраўдным промнем святла пасярод чорнага віру з рэвалюцыі, вайны і акупацыі.
Сённяшнія гістарычныя варункі палохаюць сваім падабенствам да падзеяў стогадовай даўніны. На тэрыторыі нашай краіны расійскія войскі, а лік тых, хто сёння дзеля волі і незалежнасці ахвяруе асабістай воляй і адзначае гэты дзень за кратамі, вымяраецца тысячамі. Але найлепшым сведчаннем трываласці нашых каштоўнасцяў ёсць тое, што дэмакратычная беларуская супольнасць па ўсім свеце шырока і годна адзначае 105 гадовы юбілей нашай дзяржаўнасці, нягледзячы на ўсе высілкі антынародных сілаў пазбавіць нас памяці.
Выратавальны для краіны і сумлення кірунак пазначаны тымі самымі колерамі і сімваламі, якія стагоддзе таму абралі заснавальнікі беларускай дзяржавы, там гучыць мова, на якой гаварылі нашы продкі, на якой гаворым мы.
Супольнасць беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе ўсіх беларусаў з Днём Волі! Хай ідэалы 25 сакавіка натхняюць усіх нас на салідарнасць і веру ў нашу перамогу! Наш кірунак – вольная незалежная Беларусь, дзе жыцці людзей, іх свабоды і правы – перадусім.
Жыве Беларусь!