“Архіварыўсы болю”: як працуюць дакументатары “Вясны”

У праваабарончай працы ёсць тыя, хто часта застаецца нябачным, выконваючы ролю “ціхіх сведкаў”. Гэта дакументатары — людзі, якія прымаюць на сябе чужы боль, працуючы на мяжы чалавечай вытрымкі і прафесіяналізму, каб ператварыць эмоцыі пацярпелых у неабвержныя юрыдычныя доказы. Хоць за кожнай сухой лічбай у справаздачах стаіць жывы чалавек, які перажыў жах у камеры ці на допыце, менавіта гэты “другі бок” працэсу забяспечвае фіксацыю фактаў, якія інакш маглі б знікнуць. У Беларусі, дзе за апошнія гады не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы супраць сілавікоў за гвалт, такая фіксацыя кожнага выпадку становіцца адзіным спосабам захаваць праўду для будучыні.

„Вясна“ пагутарыла з двума дакументатарамі і менеджерам каманды, каб яны распавялі пра асаблівасці сваёй працы і тое, як яны фіксуюць злачынствы супраць чалавечнасці.

Нябачныя сведкі: хто такія дакументатары і як яны працуюць

Дакументаванне — гэта праца са строгімі юрыдычнымі стандартамі. Спецыялісты праводзяць інтэрв’ю, збіраюць фотаздымкі і пазней верыфікуюць кожнае слова пацярпелага. Гэта працэс стварэння доказнай базы, якая захаваецца ў бяспечных сховішчах на гады.

«Мы не проста запісваем гісторыю, — распавядае менеджар каманды дакументавання. — Усё пачынаецца з пошуку кантакту і пабудовы даверу — мы павінны растлумачыць людзям, навошта гэта трэба і што іх чакае. Перш чым уключыць дыктафон, мы ацэньваем, што чалавеку трэба прама зараз: лекар, псіхолаг або проста бяспечнае месца. Толькі потым ідзе само інтэрв’ю, збор дакументаў і фотаздымкаў. І за кожным такім запісам стаіць вялікая тэхнічная праца па верыфікацыі і захаванні гэтых даных у бяспечных базах, каб ніводнае слова не знікла».

Дакументатары часта сумяшчаюць функцыі адразу некалькіх прафесій. Яны павінны быць трошкі псіхолагамі, трошкі юрыстамі і трошкі аналітыкамі. Гэта дазваляе сістэматызаваць хаос чалавечых пакут у структуру, якую зразумее міжнародны суд. Дакументатар выконвае сухую, але важную працу, якую адзін з супрацоўнікаў трапна назваў «архіварыўсам болю». Яны шчыра тлумачаць, што пытанні могуць быць сухімі, каб чалавек не пакрыўдзіўся на адсутнасць эмоцый падчас запісу.

«У нас максімальна тэхнічная задача, — кажа Паліна, якая займаецца дакументаваннем з лета 2022 года. — Мы адразу папярэджваем людзей, што можам задаваць досыць сухія, факталагічныя пытанні. Варта, каб людзі разумелі, што нам трэба зразумець тэхнічную цэласнасць гісторыі».

Яшчэ адзін дакументатар Андрэй (ягонае імя змененае з прычынаў бяспекі) упэўнены, што дакументаванне — гэта ідэальны прыклад таго, як павінен складацца пратакол паказанняў у краіне, дзе не парушаюцца правы чалавека.

«Не нашкодзь»: дзе пралягае мяжа паміж доказамі і эмпатыяй

Дакументатары ў сваёй працы кіруюцца міжнароднымі стандартамі і пастаянна ўдасканальваюць працу праз навучанне і глыбокую верыфікацыю кожнага атрыманага сведчання. Такі падыход дазваляе забяспечыць максімальную якасць матэрыялаў, якія ў будучыні стануць падмуркам для правасуддзя. 

«Наш «залаты стандарт» — гэта падыход, арыентаваны на пацярпелага, — распавядае менеджер каманды дакументавання. —  Мы працуем па прынцыпе «Не нашкодзь». Непасрэдна інтэрв’ю мы праводзім на аснове мадэлі PEACE — гэта спецыяльная метадалогія этычнага апытання, якая дазваляе атрымаць максімум інфармацыі без ціску на чалавека. Таксама мы абапіраемся на Стамбульскі пратакол — гэта ключавы міжнародны дакумент па задакументаванні катаванняў. І, вядома, мы абавязкова прытрымліваемся строгіх стандартаў GDPR і інфармаваннай згоды, толькі сам чалавек вырашае якая праца магчыма з яго гісторыяй».

Галоўны прынцып працы — бяспека пацярпелага заўсёды важнейшая за самы каштоўны доказ. Напрыклад, падчас інтэрв’ю нельга задаваць наводзячыя пытанні ці ціснуць на чалавека. 

«Мы мусім заставацца нейтральнымі і не даваць падказак нават на агульнавядомыя тэмы, — тлумачыць Паліна. — Я не пытаюся: “А як вы лічыце, ці былі гэта катаванні?” Я пытаюся: “Колькі разоў вас білі? Чым вас білі? Ці адчувалі вы пры гэтым боль?” Да таго ж, людзі часта нібыта не хочуць прамаўляць у дачыненні да сябе слова “катаванні”. Часцей за ўсё яны кажуць якую-небудзь агульную фразу кшталту: “Ну маглі ж і забіць, так? Але не забілі”. Ці кажуць, што ў іх былі сінякі, яны стаялі вельмі доўга ў нязручнай позе ці ў камеры падоўгу не выключалася святло».

Бяспека даных — гэта «штодзённая параноя» каманды. Яны працуюць па стандартах GDPR, выкарыстоўваюць зашыфраваную сувязь і ананімізуюць імёны. Гэта неабходна, каб ніводнае слова не трапіла ў рукі тых, хто здзяйсняў гвалт.

«Я прайшоў дакументаванне як пацярпелы ад жорсткага абыходжання яшчэ на самым пачатку працы каманды, — узгадвае Андрэй. — Цяпер, маючы ўласны досвед працы ў якасці дакументатара, я магу параўнаць тыя першыя крокі з працэсамі, якія адбываюцца ў нас сёння. За гэты час каманда дакладна вырасла ў плане кампетэнцыі, а ўзровень падрабязнасцяў і беражлівага стаўлення да чалавека стаў максімальна высокім».

Як прарваць сцяну маўчання і сораму: як дакументатары выбудоўваюць давер

Дакументатары будуюць давер праз глыбокую папярэднюю падрыхтоўку. Часам яны нават вывучаюць захапленні і сацыяльныя сеткі чалавека, каб бачыць у ім асобу, а не толькі ахвяру. Важным элементам з’яўляецца поўная празрыстасць працэсу: спецыялісты загадзя тлумачаць тэхнічны характар будучых пытанняў і мэты фіксацыі даных, забяспечваючы суразмоўцу адчуванне кантролю і інфармаваную згоду.  

Размова з чалавекам можа доўжыцца ад трох да дзевяці гадзін. Часта людзі спачатку кажуць, што ім «няма чаго расказваць». Задача дакументатара — дапамагчы чалавеку ўзгадаць дэталі, якія памяць магла заблакаваць ад шоку ці сораму. Паліна і Андрэй падкрэсліваюць, што давер будуецца на дробных дэталях і шчырай цікавасці да асобы. Часам даводзіцца гаварыць пра хатніх жывёл ці карціны на сцяне, каб «зазямліць» чалавека.

«Калі чалавек пачынае плакаць, я прапаную зрабіць паўзу, папіць вады, — кажа Андрэй. — Можна таксама прапанаваць інструменты зазямлення: пашукаць які-небудзь колер у кватэры, каб ён знайшоў пяць рэчаў чырвонага колеру, чатыры рэчы з дрэва. Гэта дапамагае адцягнуць чалавека ад цяжкіх думак».

Найбольш складанымі з’яўляюцца выпадкі сэксуалізаванага гвалту ці моцных здзекаў. Пацярпелым, асабліва мужчынам, вельмі цяжка і сорамна агучваць такія рэчы. Дакументатар стварае прастору, дзе чалавека не будуць асуджаць за яго пакуты.

«Аднойчы жанчына пачала ўзгадваць момант, які з ёй здарылася, толькі падчас нашай гутаркі, — распавядае Паліна. — Яна сказала: “А вось яшчэ гэта было, дакладна!” Я думала, што яна будзе плакаць, бо яе памяць проста заблакавала гэта раней».

Як не згарэць, слухаючы пра чужы боль

Аднак менавіта дакументатары напаўняюцца гэтым болем. Слухаць пра катаванні штодзень — значыць рызыкаваць уласным псіхічным здароўем. Гэта называецца вікарнай ці ўскоснай траўмай. 

«Пасля кожнай гісторыі ў цябе не так шмат болю, колькі вельмі шмат злосці, — кажа Паліна. — Злосці на тое, што чалавеку ўвогуле прыйшлося гэта перажыць. І я пачала перапрацоўваць яе ў спорт: ездзіці на ровары, хадзіць на трэніроўку. Таму што злосць трэба кудысьці аддаць».

Каб не зламацца, дакументатары выкарыстоўваюць розныя метады самадапамогі. Хтосьці ідзе ў спортзалу, хтосьці адразу ідзе гуляць у парк ці прымае душ, каб «змыць» з сябе пачутае. У камандзе прынята сачыць за станам адзін аднаго і карыстацца дапамогай псіхолагаў. 

Гэтая праца непазбежна змяняе асобу. Дакументатары адзначаюць, што праца з тэмай катаванняў глыбока ўплывае на іх характар, робячы іх больш эмпатычнымі, але адначасова больш асцярожнымі і нават цынічнымі.

«Я дакладна стала больш прымаць людзей, — адзначае Паліна. — Я стала больш разумець, што ўсе людзі розныя, я не магу іх змяніць. Гэта дазваляе быць і больш эмпатычнай, бо калі людзі розныя, ты разумееш, што і раніць іх могуць вельмі розныя рэчы. Але апроч таго, я выявіла ў сабе здольнасць адчуваць вельмі моцную злосць. Я не памятаю, каб я за ўсё жыццё адчувала ў сабе штосьці падобнае».

Андрэй падкрэслівае, што прафесійная нейтральнасць дакументатара стала часткай яго асобы, пазбавіўшы яго жадання асуджаць іншых:

«Якіх бы поглядаў ні прытрымліваўся чалавек, як дакументатар я не магу яго асуджаць, і я адчуваю, як гэта ўплывае і на маю асобу. Я і раней быў дастаткова талерантым, але зараз стаў значна больш спакойна ўспрымаць не вельмі блізкія погляды, радыкалізм ў меркаваннях. Апроч таго, паколькі мы вельмі чулліва ставімся да персанальных даных, я пераношу гэта і на сваё жыццё. Напрыклад, без згоды чалавека я не дам ягоныя кантакты, калі мяне хтосьці папросіць. Ці не стану пакідаць нейкую важную інфармацыю пра сябе на сайтах».

Як сабраныя сведчанні пра катаванні выкарыстоўваюцца далей

Сабраныя матэрыялы становяцца базай для міжнародных справаздач. Гэтыя даныя выкарыстоўваюцца ў краінах, дзе працуе прынцып універсальнай юрысдыкцыі. Дакументаванне гарантуе, што гісторыя не будзе перапісана злачынцамі, а без гэтай працы свет сутыкнуўся б з татальнай безнаказанасцю. Сведчанні робяць праўду незваротнай, ствараючы падмурак для будучых судовых працэсаў. 

«Гэтыя матэрыялы — наш юрыдычны арсенал, — падкрэслівае менеджар каманды дакументавання. — Мы перадаем іх міжнародным структурам — напрыклад, Групе незалежных экспертаў ААН ці ў спецыялістам у межах Маскоўскага механізму АБСЕ. Гэта важная база для адвакацыі, каб свет не забываўся на тое, што адбываецца ў Беларусі. Гэта афіцыйнае прызнанне маштабу рэпрэсій».

Ужо цяпер створана верыфікаваная база доказаў, якая дапаможа ахвярам атрымаць кампенсацыю. Гэта сістэмная праца на дзесяцігоддзі наперад. Галоўная мэта — зрабіць так, каб жах не паўтарыўся праз сто гадоў. 

«Гэта падмурак для будучай справядлівасці, — кажа менеджар каманды дакументавання. — Калі ў Беларусі пачнецца працэс пераходнага правасуддзя, нам не трэба будзе пачынаць з нуля. У нас ужо будзе гатовая база доказаў. Гэта дазволіць дапамагчы пацярпелым атрымаць кампенсацыю і прызнанне іх пакут».

Праваабаронцы таксама сочаць за тым, каб не даваць ілжывых надзей. Яны шчыра кажуць, што міжнароднае правасуддзе — працэс марудны. Але яны гарантуюць, што сведчанні будуць гатовыя, калі прыйдзе час для сапраўднага суда. 

Аднак апроч юрыдычнай справядлівасці, у дакументатараў ёсць свая матывацыя рабіць гэтую штодзённую працу. Паліна адзначае, што для яе на першым месцы стаіць стварэнне бяспечнай прасторы для пацярпелых, дзе яны могуць быць пачутымі без асуджэння:

«Шмат якія людзі, асабліва тыя, хто прайшлі праз катаванні і жорсткае абыходжанне, не могуць распавесці пра гэта нават сваёй сям’і, бо месцамі гэта вельмі сорамныя для іх рэчы. Таму я стаўлюся для іх гэтай бяспечнай прасторай, дзе дюдзі могуць казаць столькі, колькі ім патрэбна. А я буду там з імі столькі, колькі ім спатрэбіцца».

Андрэй таксама адзначае, што для людзей дакументаванне становіцца магчымасцю вярнуць свой голас. Калі гісторыя зафіксавана, памяці больш не трэба трымаць кожную дэталь жаху. 

«Калі чалавек вось так падрабязна распавядае сваю гісторыю, то ў яго знікае неабходнасць трымаць гэта ўсё ў галаве, трымаць усе дэталі. Калі да дакументавання чалавек трымае ў сабе ўсю гісторыю, то пасля яго можа трошкі вызваліць галаву, адпусціць гэта і жыць далей, — распавядае Андрэй. — І калі чалавек расказаў пра гэта, памяць можа трошкі сцірацца. Так становіцца значна прасцей, і з’яўляецца вось гэтая магчымасць адпусціць».

Таксама ён бачыць дакументаванне як метад прафілактыкі будучых злачынстваў, праводзячы паралелі з гістарычнымі працэсамі і неабходнасцю захавання калектыўнай памяці. 

«Я чамусьці добра ўяўляю сабе Музей вольнай Беларусі, дзе можна будзе прачытаць цытаты з дакументаванняў, — упэўнены Андрэй. — Калі раздрукаваць іх на А4, гэта будуць кіламетровыя ў вышыню стосікі. Кожная старонка ў іх — гэта зафіксаванае парушэнне правоў чалавека, якое чакае свайго часу. Бо народ, які не памятае сваёй гісторыі, асуджаны на яе паўтарэнне».


Сведчанні, якія збіраюць дакументатары, вяртаюць людзям статус суб’екта, а не проста ахвяры. Гэта форма вяртання чалавечай годнасці пасля прыніжэнняў. Дакументатары бачаць у сваіх героях у першую чаргу людзей з іх захапленнямі і марамі. Яны вераць, што дапамагаюць пацярпелым вызваліцца ад цяжару мінулага. Гэта важная місія, якая дае сілы працягваць працу нават у самыя цёмныя часы.

Пакуль існуе архіў і людзі, гатовыя сведчыць, гвалт не зможа перамагчы канчаткова. Гісторыя застаецца зафіксаванай, а значыць — справядлівасць непазбежная. Праца «архіварыўсаў болю» робіць гэтую надзею рэальнасцю.

spring96.org