
У вёсцы Махнатае, што на Гайнаўшчыне, у рамках сумеснага праекта «CLINTON’S BENCH» беларускага мастака Уладзіміра Грамовіча і фонду «МохнАРТэ» з’явілася копія знакамітай «Лаўкі Клінтана», якая стаіць у Менску ў Курапатах на знак колішняга сяброўства амерыканскага і беларускага народаў і паўстала там пасля візіту Прэзідэнта ЗША Біла Клінтана ў Беларусь у 1994 годзе.
Аўтар праекта Уладзімір Грамовіч адзначае, што выношваў яго ідэю яшчэ з 2014 года:
– Гэта копія, але гэта не поўная копія, таму што цяжка было дакладна зняць гэтыя памеры. Скажам па праўдзе, лаўка ў Курапатах ужо не выглядае так, таму што яна была ў 2019 годзе знішчана канчаткова, застаўся толькі бетонны пастамент, які зрабілі яшчэ ў сярэдзіне нулявых, калі яна была шмат разоў разбітая. І ў рэшце рэшт забетанавалі сярэдзіну, але само сядзенне гранітнае засталося. І зараз і яго няма. Мая інтэрпрэтацыя яшчэ ёсць.
Кіраўнік фонду «МохнАРТэ» Валянцін Сельвесюк адзначае, што гэты праект быў адабраны з 12 заявак ад мастакоў з Беларусі, Польшчы ды Украіны:
– Куратар адабраў дзве з іх, такі быў план, каб было тры мастакі, быў шэраг сустрэч, абмеркаванняў, але на самой справе да канца ніхто не ведаў, у якой мастацкай форме выявяць сябе мастакі. Тым больш у тым ёсць і ўвесь сэнс. Мы як фонд «МохнАРТэ» ствараем магчымасці, але ні ў якім выпадку не ўплываем на тое, што робяць мастакі. Таму тое, што адбылося на нашым лузе магнацкім, на рэчцы, гэта нечаканасць для ўсіх.
«Лаўка Клінтана», створаная з бетону і граніту, цяпер будзе стаяць на лузе, на беразе рэчкі Орля, ля вёскі Махнатае.
Яе асаблівасцю на паверхні – ёсць контуры ахоўнай зоны Курапатаў, выкананыя металічнымі шыпамі. А павернутая яна ў бок польска-беларускай мяжы.



