
Паводле расейскага выдання «Коммерсант», у траўні продажы беларускага бензіну на Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы рэзка выраслі. За першыя тры тыдні месяца там прадалі больш як 17 тысяч тонаў беларускага паліва – у 57 разоў больш, чымся за такі ж перыяд мінулага года. У эфіры «Студыі «Белсат» вядоўца праграмы «Оптимум» на YouTube-канале «Белорусы и рынок» Андрэй Махоўскі адзначыў, што гучныя лічбы пра рост паставак могуць ствараць уражанне маштабнага працэсу, хаця ў рэальнасці гаворка пакуль пра адносна невялікія аб’ёмы.
«Калі мы кажам пра гэтыя 57 разоў, трэба разумець, што гэта адносныя паказнікі. У абсалютных лічбах гаворка толькі пра 17 тысяч тонаў беларускага паліва, прададзенага на біржы. І насамрэч гэта вельмі мала. Беларусь вырабляе каля 3,5 мільёна тонаў бензіну за год, а дызельнага паліва – каля 550 тысяч тонаў за месяц. Таму 17 тысяч тонаў – гэта вельмі невялікая лічба», – сказаў эксперт.
Паводле Андрэя Махоўскага, галоўная мэта такіх паставак – не столькі фізічна закрыць дэфіцыт паліва ў Расеі, колькі паўплываць на рынак і запаволіць рост цэнаў.
«На біржы прадаецца адносна невялікая доля паліва, але цэны, якія ўтвараюцца падчас гэтых таргоў, становяцца індыкатыўнымі для ўсяго рынку. Яны не абавязковыя, але на іх арыентуюцца. Таму нават невялікія аб’ёмы могуць паўплываць на тое, каб крыху знізіць рост цэнаў. Беларусь ужо неаднойчы рабіла гэта на просьбу Расеі. І робіцца гэта не для таго, каб зліквідаваць паліўны дэфіцыт, а каб цэны не раслі захутка», – адзначыў ён.
Пры гэтым эксперт падкрэсліў, што расейскі рынак сам па сабе не выглядае найбольш выгадным для беларускіх НПЗ:
«Беларусі не вельмі выгадна прадаваць сваё паліва ў Расею, бо гэта не прэміяльны рынак для беларускага паліва. Значна выгадней было б прадаваць яго на іншыя рынкі, у тым ліку азіяцкія».
Аднак сітуацыя змянілася пасля таго, як у канцы мінулага года беларускія НПЗ пачалі атрымліваць расейскую нафту на ўмовах давальніцкай перапрацоўкі. У такой схеме беларускі бок атрымлівае грошы не за продаж паліва, а за працэс перапрацоўкі расейскай нафты.
«Калі гэта давальніцкая перапрацоўка, то нафта належыць расейскім кампаніям, паліва таксама належыць расейскім кампаніям, а беларускія заводы атрымліваюць грошы толькі за перапрацоўку. І гэта дазволіла Лукашэнку дамовіцца з Расеяй пра выгадныя ўмовы паставак расейскай нафты», – патлумачыў Махоўскі.
Паводле эксперта, Беларусь фізічна не здольная сур’ёзна замяніць расейскую нафтаперапрацоўчую галіну праз значна меншыя маштабы вытворчасці:
«Беларускія аб’ёмы вытворчасці паліва ў параўнанні з расейскімі вельмі малыя – прыкладна ў 10 разоў меншыя ў бензіне і ў 15 разоў меншыя ў дызельным паліве. Таму Беларусь не можа «заліць» расейскі рынак».
На ягоную думку, рэальная роля Беларусі цяпер – дапамога асобным рэгіёнам Расеі, дзе ўзнікаюць праблемы з лагістыкаю пасля ўкраінскіх удараў па НПЗ і транспартавай інфраструктуры.
«Калі ў нейкім рэгіёне ўзнікаюць праблемы з лагістыкай, а ён адносна блізка да Беларусі, то часам прасцей і выгадней прывезці паліва з Беларусі, чым цягнуць яго з іншых частак Расеі праз небяспечныя ўчасткі», – сказаў эксперт.
Паводле Махоўскага, менавіта паводле такой схемы Беларусь ужо дапамагала асобным рэгіёнам еўрапейскай часткі Расеі ў канцы мінулага года, калі там узнікалі лакальныя перабоі з пастаўкамі паліва.
