21-22 траўня ў Вільні адбыўся ІІІ Кангрэс па палітзняволеных #WithoutJustCause. Форум сабраў каля 200 удзельнікаў, сярод якіх праваабаронцы, былыя палітвязні, іх родныя, дыпламаты і журналісты.

Удзельнікі абмеркавалі стратэгіі вызвалення і падтрымкі тых, хто застаецца за кратамі. Мы сабралі сведчанні і меркаванні палітвязняў, якімі яны дзяліліся падчас выступаў на Кангрэсе.
Павел Севярынец

Павел Севярынец у сваім выступе звярнуў увагу на тое, наколькі важна шанаваць волю і выкарыстоўваць набыты ў турме досвед для набліжэння перамогі. Ён падкрэсліў, што былыя палітвязні — гэта «цэлая армія», здольная ствараць якасны культурніцкі і медыйны кантэнт, які будзе запатрабаваны ў Беларусі.
«Досвед зняволення вучыць цаніць кожную секунду на свабодзе, і гэты досвед вельмі дарагога варты. Я думаю, што міжнародная супольнасць магла б падтрымліваць не проста “добрае жыццё” ці адпачынак для былых вязняў, але іх актыўнасць, з якой яны маглі б садзейнічаць зменам у Беларусі.
Класнымі праектамі могуць быць відэа ці культурніцкія рэчы, якія былыя палітвязні транслявалі б на Беларусь. Гэта крута, гэта патрэбна, бо праз турмы прайшлі тысячы людзей, гатовых працаваць дзеля супольнай мэты».
Уладзь Лабковіч

Праваабаронца Уладзь Лабковіч падзяліўся сваімі назіраннямі пра татальную бесчалавечнасць пенітэнцыярнай сістэмы, дзе супрацоўнікі часта атрымлівалі асалоду ад здзекаў. Ён адзначыў эрозію сістэмы: метады, якія выпрабоўваліся на палітычных, пазней пачалі ўжываць да ўсіх астатніх зняволеных.
«Мая гісторыя — гэта больш гісторыя татальнай бесчалавечнасці, дзе людзі з сістэмы рэальна атрымлівалі задавальненне ад катаванняў і здзекаў. Было ўражанне, што нават калі б ім перасталі плаціць заробкі, некаторыя прыходзілі б на працу бясплатна, каб толькі выплеснуць сваю злобу на палітычных вязняў.
Усе гэтыя тэхналогіі маральнага і фізічнага ламання спачатку выкарыстоўваліся супраць нас, але потым я ўбачыў, як эрозія сістэмы пашыраецца, і яны распаўсюджваюцца на звычайных крымінальнікаў. Калі адміністрацыі нехта не падабаўся, да яго ўжывалі тыя ж метады, што і да палітвязняў».
Уладзь Лабковіч падкрэсліваў, што пытанне пра праявы чалавечнасці з боку супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы з’яўляецца для яго вельмі няпростым, паколькі тыя, хто здзяйсняў такія ўчынкі, усё яшчэ застаюцца ўнутры гэтай структуры.
«Гэтыя людзі яшчэ ў сістэме, і я бы хацеў бы, каб яны далей працягвалі свае гэтыя чалавечыя учынкі», — падкрэсліў Лабковіч.
Алесь Бяляцкі

Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі ў сваёй прамове акрэсліў тры галоўныя ўмовы для пачатку зменаў у краіне: вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне рэпрэсій і нацыянальны дыялог. Ён падкрэсліў, што беларусы, незалежна ад месца знаходжання, застаюцца адной сям’ёй, аб’яднанай прагай да справядлівасці.
«Мы апынуліся за мяжою не па сваёй волі, але мы ўсе — адная сям’я. Нас аб’яднала беларуская турма, прага да справядлівасці і жаданне вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь. Мы хочам не проста быць на свабодзе, мы хочам быць дома ў незалежнай краіне.
Заклікаю дыпламатычны корпус не паслабляць ціск на рэжым, пакуль не будуць выкананыя нашыя патрабаванні. Давайце не ўвязвацца ва ўнутраныя сваркі, бо задача спецслужбаў — нас раз’яднаць. Толькі разам мы з’яўляемся рэальнай сілай, здольнай дамагчыся зменаў».
Марфа Рабкова

Праваабаронца Марфа Рабкова выступіла з магутным пасланнем пра сілу маленькіх крокаў. Яна падкрэсліла, што кожны чалавек мае суб’ектнасць і можа паспрыяць вызваленню вязняў, не чакаючы глабальных палітычных зрухаў.
«Не трэба чакаць вялікіх подзвігаў, кожны з нас можа зрабіць нешта ўжо сёння вечарам, каб палітвязні хутчэй выйшлі на волю. Напішыце пост у сацсетках, праявіце салідарнасць, дапамажыце сям’і зняволенага без лішніх слоў.
Памятайце пра тых, хто не так вядомы, пра каго амаль ніхто не піша. Я веру, што менавіта такія маленькія, але рэгулярныя крокі вядуць да вялікіх перамен і дазваляюць нашай супольнасці пераадолець выклікі».
Ягор Марціновіч

Былы галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч выказаўся пра асаблівую ролю журналістаў як «моцнага голасу лабізму». Ён адзначыў, што сведчанні людзей, якія самі прайшлі праз турму, маюць вялікі эмацыйны ўплыў на міжнародную супольнасць.
«У інтарэсах грамадства і саміх палітвязняў, каб журналісты выходзілі на свабоду як мага хутчэй. Гэта патэнцыйна моцны голас для прыцягнення ўвагі да праблемы. Такія сведчанні ўздзейнічаюць эмацыйна больш моцна і на дыпламатаў, і на міжнародныя арганізацыі. Калі прадстаўнікі міжнароднай супольнасці асабіста прасякваюцца гэтымі гісторыямі, праблемы пачынаюць вырашацца трошкі хутчэй і лягчэй».
Ксенія Луцкіна

Журналістка Ксенія Луцкіна распавяла пра прафесійнае «пагружэнне» ў турэмнае асяроддзе і пра тое, як важна было адчуваць салідарнасць калег нават праз сцены камер. Яна згадала, як у СІЗА чула голас Севярынца і бачыла Бяляцкага, што давала сілы трымацца.
Ксенія Луцкіна ў сваім выступе адзначыла, што беларуская супольнасць аказалася не зусім гатовай да вяртання палітвязняў, асабліва ў плане ўспрымання іх не як «ахвяр», а як людзей з актыўнай пазіцыяй.
«Гэта тыя стэрэатыпы, якія варта пераадольваць. Для журналіста дастаткова двух дзён у турме для рэпартажа, месяца — для дакументалкі, а пасля двух месяцаў ты разумееш, што матэрыялу хопіць і на серыял, і на мастацкі фільм. Я памятаю, як упершыню пабачыла на Валадарцы Бяляцкага і як чула Севярынца праз адну камеру — гэта былі моманты, якія немагчыма забыць. Там ты можаш шмат чаго напісаць, але напісаць ты не можаш, бо першае, што ў цябе забіраюць, — гэта сшыткі.
Вельмі важнай была салідарнасць. Памятаю дзень пасля суда, калі нам з Марынай Золатавай адкрылі “кармушкі” ў суседніх камерах і забыліся закрыць — мы змаглі паразмаўляць, бо сядзелі насупраць. У турме мы адкрылі для сябе свет рэгіянальнай прэсы, яна была неверагодна класная, і кожная закрытая газета была для нас стратай. Але калі, напрыклад, пасадзілі журналістаў з Баранавічаў, гэта быў знак і для ўсяго горада: маўляў, сядзіце і маўчыце».
Эдуард Пальчыс

Эдуард Пальчыс засяродзіўся на тэме інфармацыйнай ізаляцыі і складанай дылеме публічнасці. Ён адзначыў, што адміністрацыя часта выкарыстоўвае медыйнасць вязня як інструмент для дадатковага ціску, таму кожны кейс патрабуе індывідуальнага падыходу.
«Цэнзура настолькі моцная, што могуць не прапусціць нават вершы Пушкіна. Ты часта не ведаеш, ці памятаюць пра цябе на волі. Табе могуць сказаць “цябе не забываюць”, але ты не ведаеш — ці гэта твая бабуля не забывае, ці хто?
Большую частку часу я сядзеў не ў калоніі, а ў крытай турме. Там пануе супермегаізаляцыя, тым больш для медыйных людзей, для іх ствараюць спецумовы, адміністрацыя калоній вельмі “любіць” журналістаў. На маё шчасце, вельмі шмат з тых, хто працуе ў турмах, не вельмі шмат чытаюць і гугляць гісторыі. Магчыма, кіраўніцтва добра ведала справу, а іншыя супрацоўнікі толькі калі я ўжо праз тры гады прыехаў другі раз на “крытую”, спыталі: “Пальчыс, чаму цябе другі раз прывезлі? Ты што, рэальна нейкі арганізатар?” Звычайныя супрацоўнікі могуць асабліва не ведаць — журналіст і журналіст. У Наваполацку да мяне падыйшоў адзін атраднік і спытаў: “А хто такі Лосік, можаш расказаць?” Але вядома, ёсць тыя, хто на кантролі ў Менску, і як бы ты ціха ні сядзеў, ты будзеш ездзіць у ШІЗА, цябе будуць кантраляваць і ізаляваць.
У пытанні публічнасці таксама ёсць канфлікт: палітвязень можа быць не супраць, каб пра яго пісалі, ён гатовы да ШІЗА. Але родныя лічаць інакш. Таму пачынаюцца праблемы з камунікацыяй. Бывае, калі ў вязня ўсё больш-менш спакойна, лішняя ўвага можа толькі нашкодзіць і прывесці ў ізалятар. Таму няма простага адказу пра публічнасць, гэта трэба вырашаць персанальна з кожным выпадкам. Таму я нікому не даю інтэрв’ю, бо не хачу самацэнзуравацца: ці тое, што я скажу, перашкодзіць камусьці ці не? Кожнае добрае, на што я магу намякнуць, адразу пагоршыць становішча тых, хто сядзіць. Таму я проста маўчу.
Але калі ў чалавека праблемы са здароўем ці штосьці дрэннае — тады трэба пісаць, бо калі “беспрадзел” ідзе ад мясцовай адміністрацыі, тут можна на нешта паўплываць. Таму гэта вельмі спецыфічная тэма, перад публікацыяй лепш раіцца і абмяркоўваць яе з тымі, хто сядзеў».
Эдуард Пальчыс падкрэсліў, што журналісты, якія прайшлі праз зняволенне, валодаюць унікальным досведам і могуць быць вельмі эфектыўнымі ў медыяпрасторы, але ім патрэбна падтрымка ў асваенні новых тэхналогій.
«Яны даволі хутка змогуць быць функцыянальнымі адзінкамі, сыграць добрую ролю не толькі для беларускіх медыяў, але і ўвогуле для рэгіёну. Трэба ім таксама гэта дапамагаць тым, хто выходзіць хутчэй авалодаць сучаснымі [тэхналогіямі]».
Зміцер Дашкевіч

Аўтар кнігі «Чарвяк» Зміцер Дашкевіч падзяліўся асабістым болем ад пераарышту ў дзень чаканага вызвалення і сваімі думкамі пра маральны стан тых, хто ажыццяўляе рэпрэсіі. Ён звярнуў увагу на цынізм сістэмы, якая свядома руйнуе сем’і.
«Мяне везлі ў дзень вызвалення, а супрацоўнікі рагаталі: “А ты бачыў, яго там сустракаюць!”. Жонка з дзецьмі ўпрыгожылі кватэру, сын паставіў ялінку, каб тата Раство адзначыў, а ім проста пазванілі і сказалі: яго пераарыштавалі. Дзеці ў слёзы, а гэтыя афіцэры гагочуць — гэта людзі, якія свядома забіраюць у цябе дзяцей.
Яны выдумляюць крыміналкі са столі. Я глядзеў на гэтых маёраў і палкоўнікаў і думаў: вось ты зараз фальсіфікуеш справу, а потым едзеш дахаты і цалуеш сваіх дзяцей? Гэта тэма для асобнай кнігі — што ў іх у галовах, калі яны робяць такія рэчы, ведаючы, што нішчаць чужыя жыцці».
