Кім адчуваюць сябе дзеці зь Беларусі, якія ўжо некалькі гадоў жывуць за мяжой? На якіх мовах у якіх сытуацыях гавораць? Ці магчыма наймалодшым мігрантам заставацца беларусамі не на радзіме? «Радыё Свабода» пагаварыла пра гэта з бацькамі беларускіх дзяцей-мігрантаў і псыхолягам.

50 тысяч дзяцей

Пасьля падзеяў 2020 году зь Беларусі з палітычных прычынаў зьехалі, паводле розных ацэнак, каля 500 тысяч чалавек. Гэтая лічба недакладная і можа быць значна большай. Сярод іх былі як тыя, хто зьехаў адзін, так і тыя, хто зьяжджаў разам зь сям’ёй, у тым ліку зь дзецьмі. Дакладная колькасць непаўналетніх беларусаў, вымушаных стаць палітычнымі ўцекачамі, таксама невядомая. Паводле падлікаў Свабоды, заснаваных на статыстычных зьвестках з папулярных у беларускіх палітэмігрантаў краін, зь Беларусі разам з бацькамі маглі зьехаць каля 50 тысяч дзяцей. Большасьць іх жыве зараз у Польшчы — каля 33 тысяч. Прыкладна па 4–4,5 тысячы непаўналетніх беларускіх палітуцекачоў жывуць у Літве і Нямеччыне. Прыкладна па тысячы — у Грузіі й Чэхіі.

Нашыя падлікі заснаваныя на зьвестках статыстычных камітэтаў і міністэрстваў адукацыі згаданых дзяржаваў. Яны могуць быць няпоўнымі і ня ўлічваць дзяцей беларусаў, якія нарадзіліся ўжо ў эміграцыі. Або тых, хто атрымлівае адукацыю ў прыватных навучальных установах ці вучыцца дыстанцыйна. Некаторыя краіны, такія як Грузія ці ЗША, ня маюць асобнай статыстыкі паводле грамадзянства, дадзеныя адтуль могуць быць прыблізнымі. Акрамя гэтага, беларускія палітуцекачы жывуць у многіх іншых краінах.

Адкрыцьцё беларускай школы ў Варшаве. Верасень 2022 году

Дзеці беларускіх палітуцекачоў атрымліваюць дазволы на жыхарства, прывязаныя да дакумэнтаў іхных бацькоў. Тое ж адбываецца і пры атрыманьні міжнароднай абароны або статусу палітычнага ўцекача. Народжаныя ў эміграцыі беларусы ў большасьці выпадкаў ня могуць разьлічваць на аўтаматычнае атрыманьне грамадзянства краіны нараджэньня, у ніводнай эўрапейскай краіне няма такой працэдуры. Іхныя бацькі ня могуць паехаць у Беларусь па дакумэнты, таму легалізацыя такіх дзяцей цалкам залежыць ад рашэньня ўладаў краіны, дзе яны нарадзіліся. Для Беларусі яны часта не існуюць увогуле.

У Дзень абароны дзяцей 1 чэрвеня «Радыё Свабода» расказвае некалькі гісторыяў непаўналетніх беларусаў, якія вымушана апынуліся за мяжой.

«Яму хочацца быць сваім у асяродзьдзі амэрыканскіх сяброў»

Сям’я Яўгеніі (не называем прозьвішча сям’і дзеля іхнай бясьпекі. — РС) пераехала зь Беларусі ў ЗША, штат Тэхас, 3,5 году таму. Цяпер старэйшай дачцэ Антаніне 19 гадоў, малодшаму сыну Рыгору — 14.

Яўгенія расказала Свабодзе, што ў іх расейскамоўная сям’я. Яна сама пачала пераходзіць на беларускую мову ў 2022 годзе, бо, паводле яе, мова тады засталася адзіным спосабам выказаць пратэст. Але потым яна адчула, што нават гаварыць па-беларуску ў Беларусі стала небясьпечна, даведалася, што беларускамоўных пры затрыманьні мацней б’юць. І вярнулася да расейскай мовы ў штодзённасьці.

«Мы павінны тут з бацькам (мужам. — РС) вывучаць ангельскую мову. Чытаць і слухаць усё на ангельскай. Але, бывае, сябры перададуць беларускія кніжкі, з захапленьнем прачытаеш — і потым зноў так хочацца пераходзіць на беларускую мову. Я раптам магу пачынаць размаўляць зь дзецьмі беларускай мовай, трасяначкай», — дзеліцца Яўгенія.

Дзеці адчуваюць сябе беларусамі, хоць многія называюць іх «рускія», калі даведваюцца, што яны гавораць па-расейску. Яўгенія змагаецца з гэтым азначэньнем.

У іхным атачэньні мала расейскамоўных людзей, у сынавай школе іх зусім няма. Хлопец сябруе з амэрыканцамі. Маці папытала ў Рыгора, кім ён сябе адчувае ў ЗША.

Сям’я Яўгеніі пасьля вызваленьня мужа і дачкі з амэрыканскай міграцыйнай турмы. Фота з прыватнага архіву

«Ён кажа: „Мама, вядома, я беларус. Але зараз я пераймаю амэрыканскіх сяброў, гляджу, як яны сябе паводзяць, апранаюцца“. Яму хочацца быць сваім у асяродзьдзі амэрыканскіх сяброў», — тлумачыць маці.

Рыгор вывучаў ангельскую мову ў Беларусі два гады, у трэцяй і чацьвёртай клясах. «Мячык», «коцік», «дошка», парта» — было ягоным узроўнем на момант пераезду ў ЗША, кажа маці, бо сям’я ніколі не плянавала зьяжджаць. Каб нармальна камунікаваць па-ангельску, хлопцу спатрэбіўся прыкладна год. Прычым, на думку маці, яго ў школе ня моцна абцяжарвалі. Цяпер ён ведае ангельскую мову лепш за бацькоў.

«Настолькі хутка, лёгка гэта атрымалася, што мы зьдзіўляемся. Ён усё жартуе з нас: „Вы ўсё вывучаеце-вывучаеце, а размаўляць ня можаце свабодна“», — адзначае Яўгенія.

Першыя год-два Рыгор яшчэ падтрымліваў кантакт з сваім беларускімі аднаклясьнікамі, працягвае маці. Калі старэйшая дачка скончыла школу, то выпускны ў яе быў вельмі прыгожым, урачыстым, «з шапачкамі», успамінае суразмоўца. Прыкладна ў гэты ж час сыну даслалі фота з заканчэньня школьнага году ў менскай школе.

«Яны стаяць у актавай залі на сцэне. Уся сцэна ўпрыгожаная чырвона-зялёнымі шарыкамі. Ён мне кажа: „Мама, паглядзі, яны ўсе ў хустачках стаяць“ — так ён называе піянэрскія гальштукі. Дзяўчаты адзетыя ў вайсковую форму, у пілётках, адна — у сукенцы, другая — у галіфэ. Мы з бацькам, дарослыя, глядзім на гэта: жах. А ён мне кажа: „Мама, абяцай мне, што я ніколі ня буду вучыцца ў беларускай школе“», — успамінае Яўгенія просьбу сына.

Ён ня ўспомніў нічога добрага зь беларускай школы, кажа маці. Але палюбіў амэрыканскую, дзе можна свабодна адзявацца, дзе можна жартаваць з настаўнікамі.

Беларуская палітуцякачка ў ЗША Вольга Бабаеўская са свай дачкой падчас пратэстаў у Менску ў 2020 годзе. Фота з прыватнага архіву

Дачка Антаніна была ў Беларусі майстрам спорту ў мастацкай гімнастыцы, уваходзіла ў нацыянальную каманду, займалася ў вучэльні алімпійскага рэзэрву. Але і там быў значны ідэалягічны складнік. Спартоўцы мусілі выступаць пад чырвона-зялёнымі сьцягамі на мотапрабегах у падтрымку Лукашэнкі. У выніку дзяўчына пайшла з вучэльні і са зборнай.

Дзякуючы спорту яна рана стала дарослай, самастойнай, арганізаванай, працягвае Яўгенія. У ЗША паступіла ў каледж, пайшла працаваць трэнэрам у гімнастыцы. З амэрыканскімі раўналеткамі ёй было складана знайсьці агульную мову, бо ўспрымала іх занадта малымі. Ёй не падабалася ў школе, прыкладам, што хтосьці мог прыйсьці ў піжаме.

Але дзяцей не цкавалі і ня ставіліся неяк ня так за тое, што яны прыежджыя, адзначае маці.

«Гэта Амэрыка — краіна мігрантаў. Гэта не Эўропа», — дадае яна.

Але каб дзеці трапілі ў добрую школу, сям’я адразу вырашыла здымаць жытло ў «добрым раёне», дзе «добрыя дзеці і добрыя бацькі». Яўгенія кажа, што яны здымаюць кватэру з трыма спальнямі амаль за $3 тысячы. Яны маглі б здымаць цэлы дом на тысячу таньней, але ў кепскім раёне.

«У школах у раёнах гета школы будуць з наркотыкамі, булінгам і ўсімі прыгодамі», — адзначае суразмоўца.

Адзінае дарагое для дзяцей у Беларусі, па кім і па чым яны сумуюць, — гэта дзядуля і бабуля, а таксама лецішча побач зь лясамі, на беразе Іслачы.

«Калі вершыкі пра сьцяг — то гэта пра бела-чырвоны сьцяг»

Беларуска Надзея* (імёны зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) разам зь дзецьмі ўжо пяць гадоў жыве ў Польшчы. Малодшаму сыну Ўладзю пры ад’езьдзе было два гады, старэйшай дачцэ Ганьне — дзевяць. У іх беларускамоўная сям’я.

Ганна на момант пераезду ўжо скончыла тры клясы беларускамоўнай школы. На радзіме ў яе было шмат беларускамоўнага асяродзьдзя. Яна ўжо пачала вучыць ангельскую мову і знаёміцца з лацінкай. Дагэтуль дзяўчына, з словаў маці, размаўляе па-беларуску чыста, мае вялікі запас лексыкі.

Уладзя ў два гады толькі пачаў размаўляць. Актыўна гаварыць пачаў ужо ў Польшчы. Зь дзяцінства ў яго было пераважна польскамоўнае атачэньне — і дзіцячы садок, і нянькі.

«Ён добра пераймаў рытуалы камунікацыі. Вельмі хутка асвоіўся па-польску ў стандартнай чалавечай камунікацыі: як павітацца, як папрасіць прабачэньня, як сфармуляваць любыя свае патрэбы», — кажа маці.

Пры гэтым дома Ўладзь гаворыць па-беларуску. Але гэта часта мяшанка моваў. Ён, здараецца, утварае словы на польскі манер, а беларускія формы ня можа зразумець.

«Ён вельмі любіць спаборнічаць і выйграваць. Кажа: „Я цябе абганю“, „Я цябе абганіл“. Я кажу: „Не абганіл, а абагнаў“. — „Тады абагніл“. — „Не, абагнаў“», — сьмяецца маці з словаўтварэньня малодшага.

Уладзь цяпер адначасова засвойвае лацінку і кірыліцу, але лацінкі ў школе больш. Ён яшчэ блытае некаторыя падобныя напісаньне літары ў двух альфабэтах, прыкладам, Y і У. Складанымі былі літары Ы і Ц.

«Для яго вялікім цудам было, што яго імя можна напісаць, пачаўшы з абсалютна розных літараў», — усьміхаецца маці.

Пачатак другога навучальнага году ў беларускай школе ў Варшаве. Верасень 2023

Паводле назіраньняў Надзеі, дзеці дакладна адчуваюць моўны кантэкст, дарэчнасьць і недарэчнасьць.

«Калі я спрабую практыкаваць ангельскую з Уладзем, яму гэта не падабаецца. Бо гэта мова мульцікаў і вучобы, але не размоваў з мамай. Уладзік таксама не асабліва выносіць, калі я зь ім размаўляю па-польску, бо нашая зь ім мова — беларуская. Такая ж гісторыя была і з Ганнай», — тлумачыць маці.

Уладзь амаль ня рос у расейскамоўным атачэньні. Але калі цяпер ён сустракае расейскамоўных дзяцей, то пераходзіць зь імі на расейскую, заўважае суразмоўца: «Гэта пытаньне дарэчнасьці». Калі яму трэба нешта папрасіць у маці, то ён пачне з «калі ласка», а калі ў незнаёмага, то з «proszę pana, pani».

Надзея заўважыла, што калі Гануля яшчэ была малой і хадзіла ў прыватны беларускамоўны садок у Беларусі, у нейкі момант іхная сям’я засталася адзінай беларускамоўнай сярод усіх бацькоў. Яна заўважыла, што дачка саромецца мамы і таты ў прысутнасьці расейскамоўных дарослых і спрабуе з сваімі бацькамі гаварыць па-расейску.

Цяпер Ганьне 14 гадоў, Уладзю — сем. Яны лічаць сябе беларусамі, кажа Надзея. Бацькі падкрэсьліваюць гэта ў размове зь дзецьмі.

«Уладзя ведае, што ён з Горадні. Ён ведае, што такое Пагоня. Я яго вадзіла на мітынгі, ён ведае, што такое „Жыве Беларусь!“ і „Лукашэнку ў аўтазак!“ Але ў школе ёсьць патрыятычнае выхаваньне — у Польшчы гэта даволі моцна, цікава і больш разнастайна, чым у Беларусі. Перад Днём сьцяга — канцэрты, прысьвечаныя сьцягу, на Дзень незалежнасьці — дзеці ўдзельнічаюць у спэктаклях. Ігнатка ведае, што бел-чырвона-белы сьцяг ягоны. Чырвона-зялёнага ён хіба што не ўсьведамляе. Але калі вершыкі пра сьцяг — то гэта пра бела-чырвоны сьцяг, калі пра герб — то гэта пра Orzeł», — камэнтуе маці.

Рэпетыцыя параду на Дзень Незалежнасьці Беларусі ў Менску. Архіўнае фота

Надзея дадае, што яны ўдзячныя Польшчы, бо яна дала ім прытулак. Але спрабуюць захаваць у дзецях беларускую самасьвядомасьць. Дзеля гэтага бацькі ходзяць зь дзецьмі на мітынгі да Дня волі. Значную ролю, на думку суразмоўцы, адыгрываюць іншыя беларускамоўныя людзі, каб дзеці маглі бачыць, што беларуская мова — гэта ня толькі мова сям’і, але шырэйшая прастора. У Польшчы сям’я мае больш беларускамоўнага атачэньня, чым мела ў Беларусі, заўважае яна.

«Гэтае адчуваньне, што ты беларус, беларуска, але пры гэтым не абмежаваная жалезнай заслонай і можаш жыць дзе заўгодна ў сьвеце. Адчуваньне, што для нас хутчэй забароненая Беларусь, чым увесь сьвет», — падсумоўвае Надзея.

У канцы яна дадае, што дзеці, нават малодшы сын, хацелі б калісьці паехаць у Беларусь, на вёску, па якой сумуюць.

Стратэгія анкляву і стратэгія зьліцьця

Псыхоляг Натальля (не называем прозьвішча суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС) у камэнтары для Свабоды сказала, што самаідэнтыфікацыя дзяцей у эміграцыі залежыць ад узросту, у якім дзеці зьехалі з краіны, у якой нарадзіліся, а таксама ад стаўленьня сям’і да гэтага пытаньня ў новай краіне.

«Ёсьць стратэгія анкляву — мы ня зьмешваемся зь мясцовымі, жывем у сваім асяродку: лацінскія кварталы, кітайскія кварталы. Іншая стратэгія — зьліцьцё, калі я вывучу мясцовую мову так, што буду размаўляць як прыродны носьбіт. Буду ўсім казаць, што я немец, і ідэнтыфікаваць сябе як немца. Гэта дзецям перадаецца таксама», — кажа яна.

Яна мяркуе, што выбіраць стратэгію варта ў залежнасьці ад мэты, якую ставіць чалавек.

«Калі мэта — захаваць сваю чыстую ідэнтычнасьць, то можна сяліцца ў анклявах. Калі хочацца прыжыцца, асабліва калі ёсьць варыянт, што мы ня вернемся ў Беларусь, то, напэўна, ёсьць жыцьцёвая рацыя засвоіць мясцовую мову, уключыцца ў жыцьцё краіны, дзе чалавек знаходзіцца», — камэнтуе псыхоляг.

Заняткі ў беларускай школе ў Варшаве. Архіўнае фота

Сям’я Натальлі ўжо 12 гадоў жыве ў Нямеччыне. Яны разьдзяляюць паняцьці грамадзянства і нацыянальнасьці.

«Дзеці ведаюць, што мы — беларусы, ня немцы, немцамі ніколі ня будзем. Але мы жывем у Нямеччыне, у нас ужо ёсьць нямецкае грамадзянства, ёсьць беларускае грамадзянства. Мы беларусы зь нямецкім грамадзянствам», — кажа яна.

Калі сям’я Натальлі зьехала зь Беларусі, дачцэ было два гады, а сыну дзесяць месяцаў, таму яны ня памятаюць Беларусі, кажа маці.

«Для іх Беларусь — гэта хутчэй радзіма мамы і таты. Калі пытацца пра іхную радзіму, яны хутчэй скажуць, што Нямеччына. Бо ўсё сьвядомае жыцьцё яны тут. Тут садок, школа, сябры, усё жыцьцё. Пагатоў мы цяпер ня можам паехаць у Беларусь. Беларусь — гэта краіна, у якой жывуць нашыя бабулі і дзядулі, да якіх мы калісьці езьдзілі ў госьці», — тлумачыць Натальля.

Калі ў іх запытацца, хто яны паводле нацыянальнасьці, то іхныя дзеці адкажуць, што яны беларусы, адзначае суразмоўца. «Яны ня кажуць пра сябе: я немец».

Дома сям’я размаўляе пераважна па-расейску. Зь Беларусі яны прывезьлі беларускамоўныя кніжкі, часам глядзяць фільмы па-беларуску. Паміж расейскай і беларускай мовай дзеці абяруць расейскую для камунікацыі, кажа Натальля. Пры гэтым беларускую яны разумеюць. Але больш свабодна і хутка яны гавораць па-нямецку. Брат зь сястрой паміж сабой часьцей гавораць па-нямецку, часам пераходзяць на нямецкую і з бацькамі.

«Я чую, што па-расейску яны размаўляюць больш павольна. Па-нямецку — у звычайным тэмпе, ім ня трэба падбіраць словы, думаць, як і што яны кажуць», — адзначае суразмоўца.

Маці заўважае, што да іхных дзяцей мясцовыя дзеці ніколі ня ставіліся неяк асабліва, не цкавалі празь іхнае паходжаньне.

svaboda.org