Аб’яднаны пераходны кабінет уганараваў медалямі дзевяцёх чалавек. У іхным ліку – Кацярына Ваданосава

Медалі Аб’яднанага пераходнага кабінету. Злева направа: медаль Няскораных (Ларысы Геніюш), медаль «За плённую працу на карысць Беларусі», медаль Францішка Скарыны, Крыж Свабоды. Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі / Telegram

Кабінет назваў васьмярых чалавек, уганараваных медалямі. Дзявяты, уганараваны Крыжам Свабоды, атрымае ўзнагароду непублічна.

Аб’яднаны пераходны кабінет пастанавіў узнагародзіць шэраг выбітных асобаў, рашэнне падпісала 31 ліпеня кіраўніца Кабінету Святлана Ціханоўская.

Медалём Францішка Скарыны ўзнагародзілі:

  • Галіну Казіміроўскую – беларускую харавую дырыжорку, кампазітарку, музычнага педагога і музыказнаўцу;
  • Юрыя Астапчука (Jerzy Ostapczuk) – дзеяча беларускай меншасці ў Польшчы, педагога, арганізатара культурніцкіх праектаў;
  • Багуславу Карчэўскую (Bogusława Karczewska) – беларускую дзяячку ў Польшчы, спявачку, педагога і арганізатарку культурніцкіх праектаў.

Медалём Няскораных (Ларысы Геніюш) уганаравалі праваабаронцу, сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча.

Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» ўганаравалі:

  • Ірыну Быкаву (пасмяротна) – беларускую культурніцкую дзяячку, журналістку, захавальніцу літаратурнай спадчыны народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава;
  • Кацярыну Каланчук-Ваданосаву – беларускую спявачку, паэтку, музыку і культурніцкую дзяячку;
  • Дайнюса Жалімаса (Dainius Žalimas) – літоўскага юрыста, доктара права, прафесара міжнароднага і канстытуцыйнага права, дзяржаўнага дзеяча;
  • Сяргея Собалева (Сергій Соболєв) – украінскага палітычнага дзеяча, юрыста, гісторыка, народнага дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны.

Акрамя таго, Крыжам Свабоды ўшанавалі неназваную асобу, якая атрымае ўзнагароду непублічна. Ёй дадуць узнагароду «за асабісты грамадзянскі ўчынак, які стаў сімвалам барацьбы беларусаў за свабоду, а таксама шматгадовае змаганне за дэмакратыю ў Беларусі».

Кацярына Ваданосава – беларуская спявачка, музыка, паэтка, майстарка народных строяў, акторка і тэлевядоўца. На «Белсаце» вяла праграму «Нітка Зорка», цяпер – сувядоўца праграмы «Каса на камень».

Алесь Наваборскі, belsat.eu