
На новай сядзібе Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку з’явілася шыльда на дзвюх мовах — польскай і беларускай. На ёй побач з польскай назвай установы змешчаны і беларускі надпіс «Цэнтр беларускай культуры». Шыльду ўсталявалі перад афіцыйным адкрыццём, якое запланавана на верасень.
Кажа намесніца дырэктара Цэнтра Ілона Карпюк:
– Тое, што з’явілася шыльда, гэта знак таго, што мы часта чулі: а як патрапіць да цэнтра, дзе ўваход у цэнтр, а які гэта будынак цэнтра. І хаця ёсць інфармацыя, што гэта Варшаўская, 1А, то ўсё ж такі шыльда неабходная для таго, каб людзі ведалі, дзе мы знаходзімся.
Пасля афіцыйнага адкрыцця Цэнтр плануе зрабіць новую прастору адкрытай не толькі для сваіх праектаў. Беларуская супольнасць Падляшша зможа карыстацца памяшканнямі для сустрэч, прэзентацый, выстаў, канцэртаў і іншых культурных мерапрыемстваў.
Кажа Ілона Карпюк:
– Цэнтр вядзе сваю багатую праграму, і ёсць што прапанаваць наведвальнікам, госцям і г.д. Але калі будзе такая прастора, зразумела, будзем сустракаць з вялікай радасцю розныя прапановы. Чаму не, калі ёсць прастора? Вядома, праца прасторы будзе абмежаваная колькасцю супрацоўнікаў цэнтра, якія ў змозе ў гэтай прасторы пабываць.
Нагадаем, з чэрвеня Цэнтр беларускай культуры працуе ў новым будынку па вуліцы Варшаўскай, 1а ў Беластоку. Новая сядзіба значна большая за папярэднюю і ўпершыню зможа дазволіць ладзіць уласныя культурныя імпрэзы, а таксама адкрыць для наведвальнікаў беларускі архіў і кнігазбор.
