
Каардынацыйная Рада трэцяга склікання завяршае сваю працу і рыхтуецца перадаць паўнамоцтвы новаму складу, абранаму па выніках выбараў.
Пра вынікі дзейнасці дзеючага складу і наступныя крокі распавёў спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан:
– Сыходзячая Каардынацыйная Рада яшчэ працуе. Гэта хутчэй падрыхтоўка да першага паседжання новай кадэнцыі. Тыя, хто абраныя, яны знаходзяцца яшчэ ў статусе дэпутатаў-электаў, яны яшчэ не прыступілі да сваіх паўнамоцтваў. 25-30 новых персон у КР. Нават з’явіліся новыя фракцыі.
На думку Арцёма Брухана, важна, каб новаабраныя прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады як мага хутчэй пачалі непасрэдны дыялог з беларускай супольнасцю. Адной з такіх магчымасцяў можа стаць фестываль TUTAKA на Падляшшы, які пройдзе ў ліпені (16-19.07.2026):
– Калі атрымаю такое запрашэнне, з вялікім задавальненнем прыму ўдзел. Важна сустрэцца з выбаршчыкамі нават пасля выбараў, гэта вельмі добрая думка. Тым больш, «Тутака» – гэта такі легендарны фестываль, там шмат беларусаў – і палітыкаў, і ўсіх, таму, мне падаецца, гэта вельмі добрая ідэя, каб дэпутаты прынялі ўдзел у гэтым фестывалі.
Паводле спікера, першае пасяджэнне Каардынацыйнай Рады чацвёртага склікання, на якім новы склад афіцыйна ўступіць у свае паўнамоцтвы, плануецца правесці паміж 15 і 22 чэрвеня 2026 года. Пасля гэтага новаабраныя сябры рады змогуць пачаць паўнавартасную працу ў сваіх камісіях і прадстаўляць беларускую супольнасць на міжнародных і грамадскіх пляцоўках.
