Адзін дзень Паўла Севярынца: шэсць гадоў таму палітыка прэвентыўна затрымалі перад выбарамі

Павел Севярынец на судзе. Фота: radiosvaboda / Telegram

Палітык Павел Севярынец адным з першых пацярпеў падчас выбарчай кампаніі 2020 года. Ён быў арыштаваны 7 чэрвеня – фактычна за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў. Пакуль беларусы масава стаялі ў чэргах, каб падпісацца за незалежных кандыдатаў, Севярынец ужо сядзеў у вязніцы. У размове з «Белсатам» палітык згадаў драматычныя падзеі шасцігадовай даўніны і апавёў, чаму верыў і дагэтуль верыць у беларускую рэвалюцыю.

Адзін з заснавальнікаў «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» згадвае, што нягледзячы на праведзеныя фактычна шэсць апошніх гадоў за кратамі, не можа назваць свой досвед траўматычным. Ён спакойна распавядае пра той самы ранак 7 чэрвеня, калі паснедаў, памаліўся, развітаўся з жонкай і сынам ды выправіўся ў бок Камароўскага рынку. Ягонаю мэтаю была не купля фермерскіх сыроў ці півоняў з лецішча. Менавіта там а 12-й гадзіне быў запланаваны збор подпісаў і сустрэча з выбарцамі. Нягледзячы на тое, што сам Павел Севярынец так і не наважыўся балатавацца ў прэзідэнты, яму было што сказаць менчукам у цэнтры Менску наконт палітычнай сітуацыі ў краіне і выбараў, прызначаных на 9 жніўня.

Пайшоў на Камароўку распаліць пратэст

Згадваючы падзеі пачатку лета 2020 года, суразмоўца адзначае, што пратэст трэба было нарошчваць. Сваю ролю ў падзеях палітык бачыў менавіта ў тым, каб распаліць і падштурхнуць супраціў. Калі б перспектыўныя падзеі набралі хаду, мелі б усе магчымасці выйсці з узроўню лакальных акцыяў на нацыянальны маштаб.

«На той момант мы бачылі, што хваля пратэстаў ідзе ў гару, што людзей у чэргах, там, дзе збіраліся подпісы, становіцца ўсё болей. Задача была пераўтварыць стыхійныя сустрэчы ў масавы пратэст. Для гэтага трэба было кожную нядзелю рабіць масавае мерапрыемства: сход, акцыю, мітынг», – згадвае Севярынец.

Палітык адзначае, што меў пэўнасць у будучай беларускай рэвалюцыі. Чэргі і подпісы паказвалі на патэнцыял. Суразмоўца згадвае, што ў 2010 годзе прадвеснікам паслявыбарчых пратэстаў сталі вялікія чэргі пакінуць подпіс за Андрэя Саннікава. Тады чэргі вымяраліся дзясяткамі людзей, што вылілася ў выхад дзясяткаў тысяч людзей на паслявыбарчыя пратэсты.

«Калі на пікеты [Святланы] Ціханоўскай стаялі тысячы людзей, было зразумела: пратэст будзе на парадак большы», – згадвае палітык.

Яшчэ адным чыннікам, які падагрэў людзей, стала пандэмія. Севярынец мяркуе, што тыя падзеі далі многім зразумець, што палітычны рэжым – гэта больш як пытанне камфорту ці багацця, фактычна гэта пытанне жыцця і смерці. Будучы за кратамі, палітык разумеў, што выканаў сваю ролю. Ён заўважыў, што цяпер вакол асобы Ціханоўскай гуртавалася кола і там будуць прымацца рашэнні, што паўплываюць на лёс рэвалюцыі.

Сузаснавальнік партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», пісьменнік і былы палітвязень Павел Севярынец. 13 снежня быў вызвалены з турмы і прымусова вывезены з Беларусі ва Украіну, адкуль ён прыехаў у Літву. Вільня, Літва. 5 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

Палітык глыбока ўздыхае, прыгадваючы, што станам на 7 чэрвеня шмат хто з лідараў апазіцыі быў нейтралізаваны ці арыштаваны. Сяргей Ціханоўскі і Мікола Статкевіч, якія адкрыта крытыкавалі Аляксандра Лукашэнку, ужо трапілі за краты. Супраць іх рыхтаваліся крымінальныя справы. Ланцуговая рэакцыя пераследу распаўсюдзілася і на іхных памочнікаў ды паплечнікаў. Менавіта гэта і пераканала Севярынца пайсці на Камароўку і выступіць там з прамовай. Ён мяркуе, што іначай магла збіцца хваля пратэставага настрою: улады маглі дасягнуць такога эфекту праз запалохванні і арышты.

Севярынец фактычна не сумняваўся, што і ягоны выступ на Камароўцы мусіў скончыцца менавіта арыштам. Да таго ж, ён сам меў некалькі неадседжаных арыштаў за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй з зімы 2019–2020 года. Праваабарончы цэнтр «Вясна» прыводзіць звесткі, што на рахунку Севярынца магло заставацца ад 30 да 105 содняў арышту. Сам палітык мяркуе, што тэрмін складаў блізу 75 содняў. Адпаведна пры затрыманні ён мог сустрэць выбары ўжо ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на сумнавядомым завулку імя лётчыка Акрэсціна.

Нельга было проста чакаць, што ўсё само сабой зменіцца

Улетку 2020 году гучалі думкі, што не варта занадта абвастраць выбарчую кампанію. Папулярны кандыдат на прэзідэнцтва Віктар Бабарыка, які сам менш як праз два тыдні пасля Севярынца апынецца за кратамі, выступіў з праграмнай заявай: «голас большасці немагчыма скрасці». Гэтыя словы ўскалыхнулі грамадства. Частка беларусаў з надзеяй глядзела на электаральную кампанію і не верыла ў магчымасць масавых фальсіфікацыяў, але другая частка заяўляла, што нельга недаацэньваць уладу Лукашэнкі, які добраахвотна не аддасць уладу.

Саму дату сустрэчы на Камароўцы Севярынец уважаў знакавай:

«У нядзелю, 7 чэрвеня з самага ранку, я выставіў пост пра свята Тройцы. Я напісаў пра тое, што Дух Святы абуджае гэтую зямлю. Ілюстрацыяй пад словамі служыла фота з мільённага мітынгу-малітвы з удзелам Папы Рымскага ў Польшчы, калі ён прыляцеў у Польшчу за часамі “Салідарнасці”».

На Камароўцы адбыўся мітынг. Севярынец згадвае, што на плошчы людзі ўзнялі некалькі бел-чырвона-белых сцягоў, а супраць іх адбываліся правакацыі. Менавіта праз падрыхтаваныя загадзя правакацыі ў Горадні за краты трапіў Ціханоўскі. Аднак Севярынец у атачэнні тузіна прыхільнікаў паспрабаваў вярнуцца дадому па сканчэнні акцыі. Ён амаль адолеў свой шлях, пакуль каля ягонага дому не з’явіліся бусікі з АМАПам.

Баявік у звычайным менскім двары

Раптам самы звычайны спакойны сталічны двор нібы пераўтварыўся ў здымачную пляцоўку баевіку. Пачалася бойка. Севярынца сілавікі здолелі гвалтам запіхнуць у бусік, але людзі не давалі таму з’ехаць. Змаганне трывала хвілінаў пятнаццаць. Урэшце людзей раскідалі, а затрыманага адвезлі ў Фрунзенскі РАУС.

Севярынец кажа, што далейшую размову ў міліцыі проста немагчыма забыць:

«Працаўнікі райаддзелу казалі, што гэта ўсё спрабуе Расея, за пратэстамі стаіць Расея, а ваш Ціханоўскі – агент ФСБ. На што я адказваў, што ваш агент ФСБ ужо 26 гадоў сядзіць у рэзідэнцыі – гэта Лукашэнка».

Палітык мяркуе, што такую тактыку прапагандысты і сілавікі выкарыстоўвалі для таго, каб раскалоць грамадства і частку нацыянальнага руху. Гэта мусіла не дапусціць правядзення масавых акцыяў пратэсту. Аднак далейшыя падзеі, на думку Севярынца, засведчылі правал праграмы дыскрэдытацыі, бо сотні тысячаў людзей выходзілі на вуліцы з бел-чырвона-белымі сцягамі.

На выпадак свайго раптоўнага затрымання палітык падрыхтаваў цэлы шэраг відэазваротаў. На жаль, праз збег акалічнасцяў яны так і не пабачылі свет. Ён адзначае, што ў іх гучалі заклікі не здавацца і працягваць выходзіць на вуліцы і плошчы гарадоў кожную нядзелю а 12-й гадзіне, дзеля таго, каб адбыліся перамены ў Беларусі. Севярынец згадвае, што ў яго з паплечнікамі быў падрыхтаваны цэлы план магчымых дзеянняў у выбарчы перыяд.

Вольга Севярынец чакае мужа на Акрэсціна. Фота: Надзея Бужан / Наша Ніва

План Севярынца

Улетку 2020 Севярынец скептычна ставіўся да магчымасці перадачы ўлады ў Беларусі праз выбары: «Праз выбары нічога не магчыма было і немагчыма цяпер перамяніць у лукашэнкаўскай Беларусі. Спалучэнне выбарчай кампаніі з масавымі акцыямі – вось дзе быў шанец».

Палітык кажа, што ўнутры БХД шмат спрачаліся наконт патрэбных крокаў для дасягнення пераменаў. Найбольшага поспеху ў гэтай сітуацыі можна было дасягнуць выключна сродкамі нацыянальнага страйку, мяркуе суразмоўца. Паводле яго, ён з калегамі не «вынаходзілі ровар», але карысталіся выключна паспяховай практыкай з Усходняй Еўропы. Цяпер ён бачыць, што, магчыма, недаацэньваў патэнцыял пратэстаў, аднак слушна ўбачыў ключавую ролю страйку. Шмат у тыя жнівеньскія дні магло залежыць ад яго поспеху ці паразы. Севярынец згадвае, што менавіта пра такую тактыку ён казаў на шматтысячных стрымах у траўні і пачатку чэрвеня.

Рэцэпт выглядаў наступным чынам: мусілі адбыцца масавыя пратэсты. Калі людзі ўбачылі б, наколькі іх шмат, гэта справакавала б нацыянальны страйк і спыненне вытворчасці. Адпаведна, гэты момант мог стаць зручным для расколу элітаў і перамоваў з чыноўнікамі і сілавікамі наконт падтрымання пратэстаў. Масавыя пратэсты без страйку, на думку Севярынца, былі наканаваныя на правал. Менавіта такім чынам людзі проста «сядзяць і чакаюць вынікаў», а ўлада тым часам спакойна ператрывае цяжкія дні, каб потым нанесці скрышальны ўдар у зручны момант.

«У тым ліку масавыя пратэсты без усеагульнага страйку маглі прывесці да радыкалізацыі і крыві», – кажа Севярынец.

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду. 16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь. Фота: Белсат

Менавіта нацыянальны страйк мусіў зберагчы рэвалюцыю ад праліцця крыві. Палітык праводзіць паралель з гісторыямі іншых краінаў Усходняй Еўропы, дзе страйк гуляў значную ролю для дасягнення мірных пераменаў:

«Ва Усходняй Еўропе амаль заўжды перамены ішлі такой дарогай. З крывёю – іншы алгарытм. Нам здавалася, што мы ўсё абдумалі і прадугледзелі, але ніхто не прадказваў такі маштаб пратэсту. Усе марылі пра сто тысячаў на плошчы, потым пра масавую забастоўку і рыхтавалі працу з наменклатурай і сілавікамі».

Умовы на Акрэсціна ўлетку 2020 здзівілі нават дасведчанага сядзельца

Пасля «дыскусіі» ў аддзеле міліцыі Севярынца змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, куды ён упершыню трапіў яшчэ ў канцы ХХ стагоддзя. Але досвед лета 2020 здзівіў нават дасведчана сядзельца. Для яго Акрэсціна фактычна прайшло ў карцары – бетоннай скрыні два на тры метры. У памяшканні да сцяны ланцугом былі прымацаваныя адкідныя нары. Падчас дагляду былі адабраныя куртка і ўсе рэчы з адмысловай «трывожнай торбы» ўключна з зубной шчоткай. «Нават для мяне гэта было няпроста», – згадвае Севярынец.

Праз невыносныя ўмовы палітыку нават давялося парэзаць жылы. Такім чынам ён хацеў звярнуць увагу на адсутнасць паветра, вады і магчымасці нармальна карыстацца прыбіральняй.

«Удзень душна, уначы халодна, голая дошка. У большасці людзей праз пэўны час пачынае падрываць дах, бо пастаянна цярпіш і няма чаго рабіць, тупа ходзіш два крокі туды, два крокі назад, больш няма як. Ну але маліўся Богу, абдумваў будучыя кнігі, збіраўся датрываць да «выбараў» – нармальна», – згадвае Севярынец.

Палітык ацэньвае ўмовы прыбывання «так сабе». У першую ноч зняволення нейкая жанчына ў суседняй камеры ўвесь час крычала, магчыма, па-цыганску, біла кулакамі і нагамі ў дзверы, патрабавала курыць і вызваліць яе. Да самага ранку на драўлянай голай нары ён так і не заснуў. Так скончыўся вельмі доўгі і насычаны дзень у жыцці Севярынца.

Зранку ў карцары знікла вада. Ахоўнікі паведамілі, што ў ізалятары пачаўся «рамонт». Ваду ў кране так і не вярнулі нават пасля «ўскрыцця жылаў», але пачалі выдаваць раз на дзень пластыкавую бутэльку з вадой.

Што было далей

20 жніўня 2020 году па сканчэнні адбыцця адміністрацыйнага тэрміну Севярынец так і не выйшаў на волю. Яго перавезлі ў Валадарку – СІЗА № 1, дзе выставілі абвінавачванні ў парушэнні ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Павел Севярынец прамаўляе падчас сустрэчы ў Беларускім доме. Варшава, Польшча. 23 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Разглядалі справу палітыка ў закрытым рэжыме. 25 траўня 2021 года Магілёўскі абласны суд прызнаў яго вінаватым, а суддзя Ірына Ланчава прысудзіла яму сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 13 снежня 2025 года Севярынец апынуўся сярод вызваленых беларусаў, якіх прымусова вывезлі ва Украіны без дакументаў. 17 снежня палітвязень змог пераехаць у Літву, дзе ўз’яднаўся нарэшце са сваёй сям’ёй.

Нягледзячы на вымушаную эміграцыю, Севярынец не губляе надзеі на перамены ў Беларусі і нават паспеў у траўні выпусціць новую кнігу «Беларусь – гэта святое». Палітык актыўна прымае ўдзел у жыцці дыяспары і знаходзіць сілы ды аптымізм арганізоўваць асветніцкія сустрэчы з беларусамі. Ён усё яшчэ спадзяецца, што беларуская рэвалюцыя адбудзецца, і адбудзецца без крыві. Палітык упэўнены, што такі шлях беларускаму народу вызначыў сам Бог, і беларусы змогуць яго прайсці. Ён адзначае, што нават будуючы самыя скрупулёзныя планы і стратэгіі, немагчыма ўлічыць усяго, а адпаведна, беларусаў абавязкова могуць чакаць сюрпрызы.

25 траўня стала вядома, што ў Беларусі супраць палітыка распачалі новую крымінальную справу. Цяпер за арганізацыю Дня Волі 25 сакавіка.

Шыман Хаванскі, belsat.eu