
Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці ў Літве сустракаюцца з літоўскімі палітычнымі дзеячамі, прадстаўнікамі духавенства, прафсаюзаў. Актыўны ў гэтым сэнсе і старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч. Нядаўна ён сустракаўся з літоўскімі палітыкамі, дэпутатам Сейма Літвы Жыгімантасам Павілёнісам, прадстаўнікамі гарадскога самакіравання, а таксама з Усяленскім Канстанцінопальскім патрыярхам Барталамеем.
РР: Вы сустракаліся з літоўскімі палітыкамі, у тым ліку з дэпутатам Сейма Жыгімантасам Павілёнісам. Пра што размаўлялі на гэтай сустрэчы і якія вынікі гэтага візіту?
Алесь Адамковіч: Была сустрэча з Жыгімантасам Павілёнісам, дэпутатам літоўскага Сейма, прысутнічыла там яшчэ некалькі кансерватараў, сацыял-дэмакраты, былі прадстаўнікі віленскага самакіравання, але з міністэрства не было нікога.
Асноўная тэма сустрэчы: “Якая небяспека можа чакаць Літву?”. Таму што зараз жывём у такім складаным часе, калі і дроны залятаюць, і там Масква часам бывае, выказваецца, што нападзе на Літву, таму дыскутавалі на гэтыя тэмы, наколькі гэта ўсё рэальна, ці гэта магчыма, што рабіць людзям і як падрыхтавацца.
РР: Дарэчы, у Латвіі быў збіты дрон на днях, пра гэта вялася размова? І былі ж папярэджанні і ў Літве, што дрон мог заляцець, і такія сур’ёзныя былі папярэджанні, якія навялі, можна сказаць, вэрхалу ў Літве, асабліва ў Вільні, канешне, людзі перапужаліся. Але гэта быў такі, як бы, і ўрок на будучае. Вось гэтую тэму краналі – дронаў і падрыхтоўкі?
Алесь Адамковіч: Так, краналі тэму дронаў, але, як кажуць, тэма трошкі перабольшаная. Дронаў трэба менш баяцца, так кажуць палітыкі. Просто такіх масавых атак не павінна быць. Могуць быць, як гэта любіць рабіць Расеі і рускія, такія вось правакацыі – закінуць там дзясятак дронаў, чыста справакаваць, пагуляць людзям на нервах. Таму трэба вучыцца на прыкладзе ўкраінцаў, як іх збіваць, гэтыя дроны, што рабіць людзям, калі раптам заляцяць масава дроны, куды ім бегчы, ці ў падвалы, ці яшчэ куды. Гэта ўсё абмяркоўвалі.
РР: Вы ўсё ж такі ўзначальваеце Таварыства беларускай культуры ў Літве. Ці надаецца зараз увага культуры, менавіта сувязям з беларусамі вось у гэтым культурніцкім накірунку, ці ўсё ж такі зараз культура адыходзіць на апошні план, таму што небяспека – гэта галоўная праблема, і ёй надаецца найбольшая ўвага?
Алесь Адамковіч: Так, як сказаў бы, на жаль, увага да культурніцкіх пытанняў трошкі аслаблена, адведзеная як бы ім другасная роля. Такая вось палітычная сітуацыя – і канфлікты з самой Беларусью, і з рэжымам самазванца Лукашэнкі, які таксама робіць вельмі шмат, каб пасварыць тут беларусаў і літоўцаў, таму што з яго боку і тыя паветраныя шары мы бачым, і канфлікты з фурамі. Тут можна шмат што пералічваць.
Вось неяк так культурніцкія планы патрошкі адыходзяць на другі план. Таксама вельмі цяжка, што і з Беларусі вельмі складана людзям прыехаць, атрымаць візы і шмат іншых праблем, але, на жаль, вось у такім жывём перыядзе, які трэба перажыць.
РР: Дарэчы, з першага чэрвеня змяніўся парадак міграцыі, які закрануў і Літву таксама. Ці размаўлялі вы на гэты конт пра міграцыю, пра бежанства, у тым ліку пра беларусаў, пра праблему беларусаў у гэтым кірунку, пра легалізацыю г. д. ?
Алесь Адамковіч: Зараз не, бо тут тэма была датычная нацыянальнай бяспекі, падамаліся трошкі іншыя пытанні, час абмежаваны, таму пытанні міграцыі не закраналіся.
РР: А што яшчэ цікавага па бяспеце казалі?
Алесь Адамковіч: Яшчэ там казалі, што вось ёсць розныя там міжнародныя правы, што для Расеі гэта нічога не важна і не значыць, што яна толькі спыніцца там, дзе яна адчувае сілу адпору, дзе, як кажуць, ім могуць надаваць па носе.
Таксама параўноўвалі з ізраільскай сітуацыяй, дзе таксама краіна знаходзіцца кожны раз у небяспецы пад ракетнымі абстрэламі, і ці магчыма такое ў Літве. Таму размова была цікавай.
РР: А казалі пра тое, што трэба нейкі сумесны план з беларусамі, калі адбудзецца штосьці такое надзвычайнае, што будуць рабіць, напрыклад, літоўцы, літоўскія палітыкі разам з прадстаўнікамі беларускай супольнасці?
Алесь Адамковіч: Разам рыхтавацца да абароны краіны, але і плюс вельмі такі вялікі, у адрозненне ад той жа самай Расея, казалі, што Літва ёсць краінай НАТА, за ёй стаяць Злучаныя Штаты Амерыкі, а за Расеяй ніхто не стаіць. Таму вось такая сітуацыя, якая павінна ўсё ж такі агрэсара стрымліваць, хаця там зразумела, што кіруюцца не розумам, а зусім іншым.

