Беларускія Kрыжы ў Мідлэндзе: памяць, вера і нацыянальная годнасьць

14 чэрвеня 2026 году Беларусы правінцыі Антарыё, Канада здзейсьнілі традыцыйную вандроўку да Беларускіх крыжоў у Прошчы Пакутнікаў у Мідлэндзе, што непадалёк ад возера Гурон, аднаго з Вялікіх азёраў Паўночнае Амэрыкі.

Гэтае месца для Беларусаў Канады ўжо даўно стала ня проста пунктам штогадовае пілігрымкі. Гэта месца памяці, малітвы, нацыянальнага сьведчаньня і духоўнае еднасьці.

Прoшча Пакутнікаў — Сьвятыня Канады і месца памяці народаў

Гісторыя яе сягае XVII стагодзьдзя, калі на землі Гуроніі прыйшлі першыя езуіцкія місіянэры з Эўропы. Яны працавалі сярод карэнных народаў, несьлі хрысьціянства і ўрэшце прынялі пакутніцкую сьмерць у часе драматычных падзеяў міжпляменных войнаў. Пазьней Каталіцкі Касьцёл прызнаў іх Сьвятымі Мучанікамі, а гэтае месца стала адной з найбольш вядомых хрысьціянскіх сьвятыняў Канады. Штогод яго наведваюць звыш ста тысячаў людзей.

Дамінанта Прошчы – Касьцёл Езуітаў

Але Мартыйрз-Шрайн — гэта ня толькі Каталіцкая прошча. Гэта таксама вялікая прастора памяці народаў, якія стварылі сучасную Канаду. На яе тэрыторыі знаходзяцца дзясяткі нацыянальных Крыжоў, скульптурных кампазыцыяў і памятных знакаў. Яны нагадваюць, што Канада — краіна імігрантаў, дзе прадстаўнікі розных народаў, моваў і рэлігіяў могуць захоўваць сваю спадчыну, не губляючы пры гэтым агульнага пачуцьця прыналежнасьці да канадзкай дзяржавы.

Беларускі Крыж і Курапацкі знак

Беларускі Крыж быў урачыста адкрыты ў 1988 годзе ў адзначэньне 1000-годдзя Хрысьціянства ў Беларусі. Ён быў усталяваны дзякуючы ахвяраваньням Беларусаў з усяго сьвету — з Канады, Злучаных Штатаў, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі і іншых краінаў.

Крыж быў асьвечаны Апостальскім Візітатарам для Беларусаў айцом Аляксандрам Надсанам. Падчас адкрыцьця выступалі старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, прадстаўнікі Беларускае дыяспары, славутая паэтка Натальля Арсеньнева. Сымбалічна, што на Мэмарыяльнай дошцы Крыжа зьмешчаныя радкі зь яе верша «Малітва», які сёньня Беларусы ведаюць як духоўны гімн нацыі — «Магутны Божа».

Побач зь Беларускім Крыжам знаходзіцца яшчэ адзін надзвычай важны для Беларусаў памятны знак — крыж у памяць ахвяраў камуністычнага тэрору ў Беларусі. Ён быў усталяваны ў 1994 годзе, праз шэсьць гадоў пасьля адкрыцьця праўды пра Курапаты, калі дзякуючы Зянону Пазьняку і ягоным паплечнікам сьвет даведаўся пра адзін з самых жудасных сымбаляў савецкага генацыду на нашай зямлі.

Гэты крыж стаў адным зь першых у Канадзе адмысловых памятных знакаў, прысьвечаных ахвярам камуністычных рэпрэсіяў. Беларусы ўшанавалі сваіх забітых тады, калі маштабы трагедыі яшчэ далёка ня былі поўнасьцю асэнсаваныя. На дошцы ўзгадваліся сотні тысяч ахвяраў. Сёньня ж у Беларускай дыяспары ўсё часьцей гавораць пра значна большыя страты — пра 1,8-1,9 мільёнаў людзей, зьнішчаных камуністычнай сыстэмай у мірны час, у 1920–30-я і паваенныя гады.

Таму для Беларусаў Мідлэнд — гэта месца двух Крыжоў. Адзін нагадвае пра тысячагадовую хрысьціянскую традыцыю Беларусі. Другі — пра Курапаты, пра забітых, пра тых, хто стаў ахвярай расейска-бальшавіцкага тэрору на беларускай зямлі.

Ля гэтага знаку, як і кожны год, былі запаленыя зьнічкі. Побач стаялі Беларускі і Канадзкі сьцягі. Гэта была даніна памяці ўсім Беларусам, якія загінулі за волю, годнасьць і незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі

Нягледзячы на дождж, шмат Беларусаў прыехала на ўрачыстасьць, над калёнаю луналі  бела-чырвона-белыя сьцягі. Крыжы былі аздоблены ручнікамі, кветкамі і вялікім нацыянальным сьцягам, які стаў урачыстым фонам усёй сустрэчы.

Прадстаўнік адміністрацыі прошчы, які дапамагаў усталёўваць намёты, сталы і крэслы, прызнаўся, што кожны год чакае моманту, калі Беларусы ўздымаюць каля свайго крыжа вялікі Бел-Чырвона-Белы сьцяг. Гэтае спалучэньне колераў, паводле ягоных словаў, заўсёды робіць Беларускую прысутнасьць асабліва выразнай.

Побач, каля свайго Крыжа, у той самы дзень маліліся і сьпявалі славакі. Гэта было прыгожае сьведчаньне таго, як у Канадзе розныя народы захоўваюць сваё — сваю веру, сваю памяць, сваю песьню, свой сьцяг. Беларусы ў гэтай вялікай канадзкай традыцыі стаяць на роўных з іншымі народамі.

Слова пра гісторыю і змаганьне

Сьвятар БАПЦ ярэй а. Вячаслаў прачытаў малітву за Беларусь.

Перад прысутнымі выступіў старшыня Парафіяльнай рады Царквы сьвятога Кірылы Тураўскага (БАПЦ) у Таронта  Зьміцер Эльяшэвіч. Ён нагадаў, што традыцыя вандровак да Беларускага крыжа была закладзеная старэйшым пакаленьнем беларускай эміграцыі. Сёньняшні абавязак — не даць гэтай традыцыі перарвацца і перадаць яе маладзейшым.

Сябра Ўправы Таронтаўскага аддзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады Віталь Кашалёў у сваім слове зьвярнуўся да старонак Беларускага збройнага змаганьня супраць бальшавізму. Ён узгадаў генэрала Станіслава Булак-Балаховіча — аднаго з найбольш яскравых Беларускіх вайсковых дзеячаў пачатку ХХ стагодзьдзя.

У 1920 годзе аддзелы Булак-Балаховіча дзейнічалі на Беларускіх землях і ля мяжы з сучаснай Украінай, у тым ліку ў раёне Чарнобыля, дзе яны вялі баі з савецкімі войскамі. Гэта быў час, калі Беларускі народ не прымаў бальшавіцкай навалы моўчкі. Ён адказваў супрацівам, зброяй, словам, народнай песьняй і сатырай.

У народзе тады сьпявалі:
Едуць, едуць камуністы —
Усё так і сьвішча,
Хавай, баба, хлеб і сала,
Жыта на гарышча.
Цьвіце, цьвіце чарамшына,
А ў ёй балахоўцы.
Парубілі падразьвёрстку
Маладыя хлопцы.
Бяжыць, бяжыць камуністы,
Ажно сэрца занялося.
Балаховец стрэльбу зьняў —
І ўсё сканчылося.

Гэты фальклёр быў ня проста жартам. Гэта была памяць пра час, калі ў людзей адбіралі апошні хлеб, калі ў Беларусь прыйшла чужая ўлада і пачала ламаць жыцьцё народу. Таму згадка пра Булак-Балаховіча была ня толькі гістарычнай даведкай. Гэта быў напамін: Беларусы маюць сваю вайсковую гісторыю, сваіх герояў, сваю традыцыю змаганьня. І калі народ забываецца на сваіх змагароў, ён становіцца безабаронным перад чужой гістарычнай хлусьнёй.

Нацыянальны сувэрэнітэт як умова жыцьця

У сваім выступе сябра Канадыйскага сэктару Рады БНР Алесь Кот падкрэсьліў, што Беларусам сёньня недастаткова гаварыць толькі пра дзяржаўны сувэрэнітэт. Ня менш важны — а ў пэўным сэнсе нават яшчэ больш важны — сувэрэнітэт нацыянальны. Бо дзяржава можа фармальна існаваць, але калі народ губляе мову, памяць, культуру і разуменьне сваёй гісторыі, ён паступова губляе сябе. Тады чужая інфармацыйная прастора захоплівае сьвядомасьць людзей. Тады можа здарыцца самае страшнае: народ сам, праз уяўна дэмакратычную працэдуру, «добраахвотнае» рашэньне, аддасьць сябе чужой імпэрыі.

Расея ўжо неаднойчы паглынала і асымілявала народы і землі. Дастаткова згадаць Беларускія этнічныя абшары на Смаленшчыне, Браншчыне, Пскоўшчыне, дзе Беларуская прысутнасьць была амаль цалкам зьнішчаная русыфікацыяй. Тое самае можа здарыцца і з усёй Беларусьсю, калі Беларусы паступова згубяць свае мову, культуру, нацыянальную памяць. Менавіта таму Беларуская мова, Беларуская школа, Беларуская кніга, Беларускі сьцяг, Беларускі крыж, Беларуская песьня — гэта ня дробязі і ня фальклёрная аздоба. Гэта лінія абароны. Гэта перашкода, якая не дазваляе нам праваліцца ў багну расейшчыны.

Кожны беларус, які гаворыць па-беларуску, чытае Беларускую кнігу, прыводзіць дзяцей на Беларускія імпрэзы, падтрымлівае Беларускую царкву, арганізацыю ці культурную справу, кладзе свой каменьчык у агульны падмурак будучай Беларусі.

Прыезд Вольгі Іпатавай

Асаблівай і вельмі кранальнай падзеяй стала прысутнасьць вядомай Беларускай пісьменьніцы Вольгі Іпатавай, якая ўжо блізу чвэрці стагодзьдзя жыве ў Канадзе. Пасьля працяглай і цяжкай хваробы яна знайшла сілы прыехаць у Мідлэнд разам з сынам, доктарам Русланам Качатковым.

Для прысутных гэта стала прыемнай неспадзяванкай. Сп. Вольга была ў цэнтры ўвагі, яе віталі, ёй дзякавалі, ёй радаваліся.

Падчас сустрэчы Алесь Кот уручыў ёй выйшаўшую ў сьвет у сьнежні 2025г. кнігу Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы «У восем год я была на вайне» з аўтарскім подпісам. Для Вольгі Іпатавай гэта быў нечаканы і вельмі дарагі падарунак. Яна сказала некалькі словаў, у якіх прагучала радасьць ад таго, што Беларуская мова і культура ў Дыяспары не згасаюць. Яна гаварыла пра залатую нітку пераемнасьці, якую трэба трымаць і перадаваць далей — ад пакаленьня да пакаленьня.

Гэтыя словы былі асабліва важныя. Бо перад прысутнымі стаяла ня толькі вядомая пісьменьніца, асоба, ў што ў свой час узначальвала Саюз Беларускіх пісьменьнікаў, але і чалавек, які сам шмат зрабіў для Беларускай культуры і цяпер бачыць, што гэтая праца дала плён.

«Магутны Божа» над Прошчай

Завяршэньнем урачыстай часткі стала супольнае выкананьне  гімна «Магутны Божа». Гімн гучаў над дрэвамі, над Крыжамі розных народаў, над Сьвятыняй, дзе Памяць і Вера злучаюцца ў адно. Словы гімна  ёсьць на Мемарыяльнай дошцы Крыжа.

У гэты момант асабліва выразна адчувалася: Беларусь жыве ня толькі ў межах сваёй зямлі. Беларусь жыве ўсюды, дзе Беларусы памятаюць, хто яны. Дзе яны гавораць сваёй мовай. Дзе яны моляцца за Бацькаўшчыну. Дзе ўздымаюць свой Сьцяг і перадаюць дзецям праўду пра свой народ.

Пасьля малітвы, выступаў і сьпеваў удзельнікі сабраліся за сяброўскім сталом, рупліва падрыхтаваным Парафіяй сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта. Сала, каўбаскі, чорны жытнёвы хлеб, зялёная цыбуля, агуркі, памідоры, гарбата і шчырыя размовы зрабілі гэты дзень яшчэ цяплейшым, нягледзячы на дождж.

Беларускія Крыжы ў Мідлэндзе ўжо дзесяцігодзьдзямі яднаюць Беларусаў розных пакаленьняў, розных канфэсіяў і розных жыцьцёвых шляхоў. Тут разам стаяць праваслаўныя, рыма-каталікі, грэка-каталікі, пратэстанты. Тут няма падзелу паводле таго, хто як жагнаецца. Тут усе — Беларусы.

І таму кожны год па канадзкіх дарогах зноў едуць аўтамабілі ў кірунку Мідлэнду. Едуць людзі, каб стаць пад Беларускім Крыжам і Курапацкім знакам, запаліць зьнічку, памаліцца за Беларусь, сустрэць сваіх і яшчэ раз сказаць: мы ёсьць, мы памятаем, мы працягваем.

Бо пакуль жыве нацыянальная памяць — жыве народ. 

А пакуль жыве Беларускі народ — будзе жыць Беларусь.

Алесь Кот, belarus-news.us