Чым пахне Радзіма? Зянон Пазняк прэзентаваў кнігу пра Віленшчыну

Зянон Пазняк падчас прэзентацыі свайго зборніку вершаў «Віленшчына любімая і прыўкрасная» ў краме з беларускімі таварамі Vyraj. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

У Варшаве адбылася прэзентацыя новай кнігі беларускага палітыка, кіраўніка руху «Вольная Беларусь» Зянона Пазняка «Віленшчына любімая і прыўкрасная». Аўтар паразважаў пра значэнне рэгіёну для беларусаў, расказаў, чым пахне Радзіма, а таксама назваў найлепшы час Вільні. «Белсат» наведаў прэзентацыю, распавядаем асноўнае.

У сувенірнай краме «Вырай» у цэнтры Варшавы сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, прысутнічалі не толькі беларусы, але і палякі. Аўдыторыя складалася з людзей абсалютна рознага ўзросту. Перад самым пачаткам у невялікім памяшканні ўжо не заставалася месцаў, а некаторым давялося стаяць каля ўваходу.

У кнізе «Віленшчына любімая і прыўкрасная» сабраныя пад адной вокладкай звыш 70 вершаў на беларускай, польскай і нават французскай мовах. Творы розных паэтычных формаў прасякнуты любоўю да родных мясцінаў аўтара. Менавіта на Віленшчыне нарадзіўся і правёў юнацкія гады Зянон Пазняк. Аўтар адзначыў, што з тугою згадвае родныя Суботнікі і з жалем ставіцца да таго, што, магчыма, больш ніколі не зможа пабачыць родную хату, дзе нарадзіўся і вырас.

Зянон Пазняк падчас прэзентацыі свайго зборніку вершаў «Віленшчына любімая і прыўкрасная» ў краме з беларускімі таварамі Vyraj. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

Віленшчына – сэрца Беларусі

Разважаючы пра тэматыку і назву кнігі, аўтар адразу даў зразумець, што Віленшчына – гэта не даніна юнацкім сантыментам. Пазняк упэўнены, што гэты край – сапраўднае сэрца Беларусі. Яго проста немагчыма адарваць ад гісторыі цэлага народу.

«Віленшчына – прыгожы, самабытны край, дзе пахне Вялікім Княствам. Віленшчына – своеасаблівы край. Здаўна людзі вакол Вільні жылі ў адчуванні, што гэта цэнтр сусвету. Вільня – гэта наша ўсё», – кажа Пазняк.

Ён згадвае, што за савецкім часам з родных Суботнікаў да Вільні існаваў аўтобусны маршрут. Аўтобус прыязджаў на станцыю, «начаваў там» і вяртаўся назад. Напаўжартам Пазняк успамінае, што ў дзяцінстве падавалася, быццам Суботнікі і Вільня гэта дзве сталіцы.

Разважаючы пра адметнасці краю, аўтар згадаў тутэйшасць. Ён лічыць, што ў краі важная прыналежнасць менавіта да той зямлі. Менавіта так віленчукі адрознівалі «сваіх» і «чужых». На якой бы мове чалавек ні размаўляў, да яго даверліва ставіліся, калі ён быў «адсюль». Нават калі нехта быў «жагуном» – так называлі на Віленшчыне літоўцаў.

Беларусь пахне бэзам

Значную частку лірыкі ў новай кнізе займае асалода ад водараў Радзімы. Пазняк адзначае, што пахі свайго краю немагчыма ні з чым пераблытаць, і калі б яго з завязанымі вачыма прывезлі дадому, то адразу б пазнаў родныя мясціны. Ён згадваў, як у студэнцкія гады мог 6 гадзінаў ехаць у Суботнікі з Менску. Прыадчыніўшы вакно ў аўтобусе, ён адчуваў, што ўжо пад’язджае да Юрацішак. «Заплюшчу вочы і я скажу, дзе я ёсць. Гэта не патэтычны вобраз. Радзіма пахне», – сцвярджае Пазняк.

Перанёсшыся ўжо ў часы вымушанай эміграцыі, аўтар кажа, што амаль кожны год ездзіў па Віленшчыне. Ён наймаў машыну і ездзіў па ваколіцах. Пазняк згадвае, што падыхаць тымі водарамі было жыццёва неабходна.

«Для мяне Беларусь пахне бэзам, бо гэта мой улюбёны водар», – кажа Зянон Пазняк.

Зянон Пазняк падчас прэзентацыі свайго зборніку вершаў «Віленшчына любімая і прыўкрасная» ў краме з беларускімі таварамі Vyraj. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

Каб пазнаць Бацькаўшчыну, трэба хадзіць пехатою

Зянон Пазняк падзяліўся таямніцай, што моцна палюбіць і спазнаць свой край яму дапамагла хада пешшу. Часта ён па 16 кіламетраў хадзіў па ваколіцах. 

«Каб пазнаць Беларусь, нават ровара не трэба. Трэба хадзіць пешшу, і мне гэта вельмі падабаецца», – кажа Пазняк.

Ён лічыць, што такім чынам беларуская зямля амаль увайшла ў ягоную кроў.

Шпацыр заўжды дапамагае сустрэцца і пагаманіць з людзьмі. Размова спрыяе не толькі асабістаму знаёмству, але і назіранням за мовай і ладам мыслення. Пазняк згадаў знаёмства з браслаўскім пастухом з вачыма «колеру мясцовых азёраў», які падказваў дарогу словамі: «Ну пану скажу – вы проста валіце».

Калі б наведнік вечарыны не ведаў, што Пазняк палітычны дзеяч, то лёгка мог падумаць, што той выключна займаецца мастацтвам. Гэтак пранікнёна той чытаў уласныя творы і дзяліўся гісторыямі з жыцця. Удзельнікі прэзентацыі нават адклалі апладысменты да самага канца сустрэчы. А калі за вакном пайшоў моцны дождж, здавалася, што ён быў найлепшым акампанементам ці нават бітам гучання для паэзіі.

Зянон Пазняк падчас прэзентацыі свайго зборніку вершаў «Віленшчына любімая і прыўкрасная» ў краме з беларускімі таварамі Vyraj. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

Пра цяжкасці эміграцыі

Падчас прэзентацыі Зянон Пазняк паразважаў пра цяжкасці эміграцыі. Вершы для яго сталіся не толькі ўспамінамі, але і своеасаблівай сустрэчай з Віленшчынай.

«Эміграцыя – гэта найперш псіхалагічна цяжка. Гэта самы страшны і цяжкі боль, бо душа баліць. Баліць, хаця і потым праходзіць», – кажа Зянон Пазняк.

Ён адзначыў, што самыя няпростыя для яго былі першыя 2-3 гады ад’езду з Беларусі.

Пра дух Вільні і цікавыя 50-ыя

Артыстычна чытаючы вершы пра Вільню розных гадоў, Пазняк адзначыў, што горад вельмі перамяніўся з таго часу, як адбылося іх знаёмства. На думку палітыка, самы цікавы час даўняй сталіцы ВКЛ прыпаў на 50-ыя гады ХХ ст. Ён кажа, што для Вільні гэта быў час аптымізму і светласці. Час абуджэння пасля крывавай вайны.

Аўтар сцвярджае, што горад найперш вызначае не столькі архітэктура, колькі людзі, якія ў ім жывуць. Менавіта таму ён кажа пра адметныя 50-ыя. На віленскіх вуліцах тады было поўна людзей, якія размаўлялі на беларускіх гаворках ці польска-беларускай трасянцы.

Палітык з сумам канстатаваў, што Вільня вельмі змянілася з тых часоў. «Людзей мала, а горад параўнальна пусты. Больш не чуваць таго духу», – адзначае аўтар кнігі. Пазняк кажа, што горад нібыта стаў халодным. Быццам архітэктура засталася і нават адбылася выдатная рэканструкцыя, але душа старога гораду знікла.

Зянон Пазняк падчас прэзентацыі свайго зборніку вершаў «Віленшчына любімая і прыўкрасная» ў краме з беларускімі таварамі Vyraj. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

Нельга даць Расеі разыграць «карту Віленшчыны»

На завяршэнне аўтар паэтычнай кнігі сказаў, што сёння на Віленшчыне таксама адбываюцца значныя падзеі, якія могуць паўплываць на лёс Усходняй Еўропы. Ён з сумам адзначыў, што людзі ў рэгіёне не жывуць гэтак дружна, як у 90-ыя. На ягоную думку, варожыя сілы імкнуцца звесці беларусаў і літоўцаў ілбамі, каб у выніку Расея стала бенефіцыярам культурнага і палітычнага канфлікту.

Пазняк кажа, што беларусаў і літоўцаў спрабуюць пасварыць гэтак сама, як і напярэдадні здабыцця незалежнасці. Палітык прыгадаў, як у апазіцыі БНФ хапіла палітычнай волі дамаўляцца з літоўскімі палітыкамі дзеля агульнай карысці рэгіёну і супрацьстаяць наратывам савецкай імперыі. Ён згадвае, як атрымалася падпісваць мемарандумы пра добрасуседства і забяспечыць беларускамоўную школу, радыётрансляцыі і нават эфірны час на тэлебачанні на беларускай мове ў Вільні. «Цяпер нельга даць Расеі разыграць «карту Віленшчыны» на сваю карысць», – з запалам у вачах прамаўляе Зянон Пазняк.

Зянон Пазняк падчас прэзентацыі свайго зборніку вершаў «Віленшчына любімая і прыўкрасная» ў краме з беларускімі таварамі Vyraj. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

Палітык выказаў шкадаванне, што многія балтыйскія палітыкі сёння не разумеюць, як важна мець вольную Беларусь, у тым ліку дзеля бяспекі рэгіёну. У адваротным выпадку, на ягоную думку, расейскія войскі будуць стаяць на межах Польшчы, Літвы і Латвіі. Адпаведна, рана ці позна яны паспрабуюць здзейсніць напад, наступствы якога будуць страшныя.

На развітанне аўтар выказаў надзею, што гісторыя народаў Усходняй Еўропы не скончыцца пад ціскам расейскай агрэсіі. Што, як і ў старажытныя часы, сэрца Віленшчыны будзе біцца моцна з любоўю да свабоды і прынясе шмат плёну для беларусаў, палякаў і літоўцаў, а самі народы будуць па-сяброўску супрацоўнічаць, як у часы Вялікага Княства. Менавіта рытмічным чытаннем вершаў пра даўнія часы рыцарства і прыгодаў у ВКЛ Пазняк завершыў прэзентацыю кнігі.

Шыман Хаванскі, belsat.eu