Павел Севярынец: «Уся турма ўвосені 2023 года чула, як працавалі над Дзядком»

Павел Севярынец у сваім тэлеграм-канале напісаў, што прачытаў новую кнігу Міколы Дзядка «Апавяданні з кішэняў» і падзяліўся ўражаннямі ад яе.

Мікола Дзядок

«Кішэнямі ў Гродзенскай крытай турме называлі закуткі з цеснымі, 2х1.4 метра, камерамі-трунамі.

Мікола Дзядок прасядзеў там сем месяцаў пад найдзічэйшым прэсам: «спецыяльна абучаныя» сексоты ў суседніх камерах удзень і ўначы раўлі, білі ў сцены ды трубы міскамі ды кубкамі, каб давесці Міколу да вар’яцтва ці самагубства.

Кніга — не проста турэмны расповед у стылі «і я там быў», а дакументальнае, з прозвішчамі і нават фотамі, сведчанне ашаламляльных катаванняў, якія практыкаваліся ў Гарадзенскай.

Уся турма ўвосені 2023 года чула, як «працавалі» над Дзядком.

Мікола трымаўся узорна, сведчу сам, бо колькі разоў перасякаўся і сядзеў побач з ім у гарадзенскім ШІЗА. Але чаго гэта яму каштавала — можна даведацца толькі тады, калі прачытаць «Апавяданні з кішэняў».

Асабліва раю прачытаць кнігу тым, хто вядзе кампанію цкавання Міколы тут, у вольным свеце. Для чаго прачытаць? Для таго, каб зразумелі: Бог так рыхтаваў і гартаваў Міколу, што ніякім «хэйтам» альбо «кэнсэлінгам» яго не ўзяць.

Як і ўсякая кніга-факт, «Апавяданні» напісаныя простай і яснай мовай, з дакладнай фіксацыяй падзеяў, думак і дыялогаў.

І калі-небудзь на нашым Нюрнбергскім трыбунале беларускі пракурор падымецца за сваім сталом, выпрабавальна зірне на лаву падсудных і, трымаючы ў руцэ «Апавяданні з кішэняў», на чыстай беларускай мове агалосіць: Доказ нумар такі і такі. Сведчанне Мікалая Дзядка», — напісаў Павел Севярынец.

nashaniva.com