
19 чэрвеня спаўняецца 102 гады з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава — аўтара, чыя творчасць лічыцца адной з ключавых у фармаванні беларускай літаратурнай ідэнтычнасці і асэнсаванні маральнага выбару чалавека.
Пісьменнік і выдавец Зміцер Вішнёў адзначае, што Быкаў застаецца «сумленнем нацыі» і аўтарам, які, на яго думку, не здрадзіў бы сваім прынцыпам і застаўся верным дэмакратычным і еўрапейскім каштоўнасцям:
– Васіль Быкаў не пайшоў на кампраміс з дзейснай уладай і выехаў за мяжу. Як бы Васіль Быкаў пісаў цяпер? Думаю, так бы пісаў. Гэта вынікае з яго кнігі “Доўгая дарога дадому”, дзе ён пераасэнсаваў гэтае савецкае мінулае. Мы бачым яго як пісьменніка якраз еўрапейскага, дэмакратычнага, гаворыць з намі пра тое, што адбываецца вакол нас.
Пісьменніца з Новай Зеландыі Вольга Касцюк, у сваю чаргу, падкрэслівае, што Быкаў у розных гістарычных умовах рабіў усё магчымае, каб захаваць сутнасць сваіх твораў і каб ягоныя ідэі даходзілі да чытача:
– “Доўгая дарога дадому” Васіля Быкава, раю гэтую кнігу, расказвае пра тое, якія праблемы ў яго былі з друкаваннем некаторых твораў, і як ён гэтыя творы змяняў, нешта там прыбяраў. Савецкая цэнзура не дазваляла яму друкавацца, і ён сам перакладаў на расейскую мову, каб гэты твор выйшаў у часопісе “Новый мир» Твардоўскага.
Творчасць Васіля Быкава і сёння разглядаецца як адзін з найважнейшых прыкладаў беларускай літаратуры пра вайну, маральны выбар і адказнасць чалавека перад гісторыяй.
І праз больш чым стагоддзе пасля нараджэння аўтара яго спадчына застаецца прадметам асэнсавання і дыскусій у сучасным беларускім грамадстве.


racyja.com,
фота з адкрытых крыніц
