Дзённік Юркі Хмялеўскага: «Czasopis» у беларускім хабе ў Беластоку і «Wierszalin 2.0» у Гарадку

З сябрамі з рэдакцыі „Часопіса” – Мірай і Тамашом – правялі мы надта сімпатычную сустрэчу ў беластоцкім хабе „Новая зямля”. Было гэта ў 10 траўня, калі заходзіць туды шмат людзей. Галоўным чынам сустракаюцца там прыезджыя беларусы, што апынуліся ў Беластоку, найбольш пасля вядомых падзей з 2020 г. Для іх, распыленых па горадзе, такое месца вельмі патрэбнаe. Тут адбываюцца розныя сустрэчы, арганізуюцца таксама заняткі для дзяцей. Дзейнасцю хабу ўмела заводзіць яго кіраўнік Надзея Салаўёва. 

Мая аўтарская сустрэча ў Гарадку. Фота Радаслава Кулешы / ГЦК

І менавіта з ёю Тамаш дамовіўся, каб у хабе правесці сустрэчу з людзьмі з дыяспары і расказаць ім пра наш штомесячнік, заахвоціць яго чытаць і дасылаць нам матэрыялы для публікацыі. Ад некалькі месяцаў заносім туды дзясятак экзэмпляраў кожнага нумару. Бясплатна, у рамках прамоцыі. І гэта запрацавала, бо наведвальнікі пацікавіліся нашым выданнем. Даволі цяжка пэўна чытаць ім у „Часопісе” тэксты па-польску, зручней, вядома, па-беларуску. А такіх артыкулаў у нас шмат і нават ёсць пастаянная рубрыка „Людзі дыяспары”. 

Калі з Мірай з’явілся мы ў хабе, Тамаш быў ужо на месцы. Прыйшлося амаль паўгадзіны пачакаць, бо ў хабе было шмат асоб, якія жыва з сабой размаўлялі, нават спрачаліся. Толькі што закончылася нейкая сустрэча палітычнага характару ў сувязі з выбарамі на наступным тыдні ў Каардынацыйную раду. Многія спяшалі дамоў, бо былі крыху стомленыя пасля спрэчак, а заўтра ж трэба было ісці на працу. Частка аднак засталася, больш за дзясятак асоб.

Спачатку выступіў Тамаш, які коратка расказаў прысутным пра нашае выданне. Згадаў пра яго ўнікальны характар – разнамоўе і даволі высокі інтэлектуальны ўзровень, нягледзячы на вельмі сціплыя фінансавыя і арганізацыйныя магчымасці. Сябра звярнуў увагу, што падобнага выдання ў Беларусі няма і не было. У сённяшняй сітуацыі наогул гэта немагчымае з увагі найперш на некаторыя тэмы і праблемы ў артыкулах, якія не супадаюць, мякка кажучы, з дзеяннямі цяперашняй недэмакратычнай улады. 

Затым я коратка расказаў пра генезіс і гісторыю нашага штомесячніка. Патлумачыў таксама загаловак, які ў нашым беларуска-польскім свеце не гучыць банальна, толькі даслоўна як запіс часу. Нашага і тут ад многіх нават стагоддзяў. 

Хаця „Часопіс” выходзіць ужо трыццаць шосты год, амаль усе ўдзельнікі сустрэчы наогул пра яго яшчэ не чулі, або даведаліся зусім нядаўна. Нават пра наш багаты сайт Czasopis.pl. Дарэчы, мяне гэта не здзівіла, бо тыя людзі крыху быццам з іншага свету. Калі жылі яшчэ ў Беларусі, многія з іх нават не ведалі, што па-за межамі, на Беласточчыне, пражываюць карэнныя беларусы, якія маюць нават сваю прэсу. Там пра такое не вучаць у школах, не паказваюць у тэлевізары і амаль не пішуць у газетах. Такая вось палітыка дзяржавы. Не памянялася яна  яшчэ з савецкіх часоў. Пра нас ведаюць толькі тыя, што з беларускай меншасцю ў Польшчы мелі або маюць сямейныя і сяброўскія кантакты, нейкую сувязь. Перад усім на культурніцкай, навуковай ці грамадскай ніве.

Таму прысутным у хабе, як я заўважыў, цікава было даведацца, што кожны месяц у „Часопісе” публікуецца аб’ёмістая хроніка як дакумент перад усім жыцця беларускай меншасці. Міра дапоўніла яшчэ мой аповед рэфлексіямі пра штотыднёвік „Ніва”, які выходзіць удвая даўжэй, бо з 1956 г. (нядаўна, у лютым – сакавіку, быў юбілей 70-годдзя). А „Часопіс” вырас менавіта з „Нівы”.

Мне як галоўнаму рэдактару вельмі залежыць, каб мець чытачоў таксама ў гэтым асяроддзі. Таму падчас сустрэчы хацеў я пачуць прапановы тэм, якія асабліва іх маглі б зацікавіць. На жаль, не надта з гэтым атрымалася. Большую цікавасць выклікала мая прапанова дасылаць у наш штомесячнік тэксты для публікацыі. Тым больш, што сярод прысутных былі асобы, якія займаюцца літаратурнай ці публіцыстычнай творчасцю. У тым ліку знакаміты вядомы аўтар Уладзімір Арлоў, які і адгукнуўся на маю прапанову, дасылаючы фрагмент свайго рамана, які апублікуем ужо ў наступным летнім выпуску.

З кніжкай „Wierszalin 2.0” дабраўся я ўрэшце ў Гарадок 15 траўня. Запрашэнне атрымаў яшчэ ў лютым, як толькі выйшла. Гэтая сустрэча была для мяне асабліва важнай. Бо Гарадоччына мне вельмі блізкая. Гэта ж амаль маё роднае старонне. Да таго дваццаць гадоў быў я рэдактарам „Гарадоцкіх навін” і даволі доўга дырэктарам тамашняга Дому культуры. Гэты досвед, несумненна, паўплываў на маю цікавасць да рэгіянальнай гісторыі, чаго вынікам ёсць між іншым і гэтая кніга.

З Уладзімірам Арловым у хабе „Новая зямля” ў Беластоку. Фота Міры Лукшы

Сустрэча адбылася ў былой канферэнц-зале Дому культуры. Ужо год, як перароблена яна ў рэгіянальны музей, які называецца Izba Pamięci Gminy Gródek. Урачыстае адкрыццё было ў чэрвені мінулага году як галоўны пункт у праграме святкавання юбілею 60-годдзя пабудовы гэтага легендарнага ўжо будынку, шыкарна адрамантаванага якраз тады, калі быў я там дырэктарам. 

Інтэр’ер прыютнага музея быў створаны па матывах колішняй вясковай хаты. У цэнтры стаіць там характэрная белая кафляная печ. Экспанаты – даўнія хатнія і сельскія прылады, мэблю – перадалі мясцовыя жыхары. 

На такім вось фоне прэзентаваў я кніжку, што дадаткова адпавядала апісанай у ёй гісторыі. У пэўным сэнсе дазваляла гэта перамясціцца ў часе, каб лепш уявіць сабе вясковы свет, у якім жыў галоўны герой „прарок” Ільля і людзі, што да яго натоўпамі прыбывалі. Ішлі яны часта здалёк, бо нават з Віленшчыны і Палесся, хаця найчасцей з вёсак над ракой Нарвай у цяперашняй Заблудаўскай гміне. Але шмат хто таксама з жыхароў Гарадоччыны бачыў таго Ілляша Клімовіча і пабываў у пабудаванай ім царкве ў Грыбоўшчыне. У размове, якую вельмі добра павяла Дарота Сульжык, я звярнуў на гэта ўвагу. Распавёў таксама пра здарэнні і асобы з Гарадоцкай гміны звязаныя з апісанымі мною падзеямі. У такі спосаб хацеў я падкрэсліць, што належыць гэта і да гісторыі менавіта Гарадоччыны, бо мала хто з цяперашніх тутэйшых жыхароў тое сабе ўсведамляе.

Як я заўважыў, прысутным надта цікава было паслухаць пра маю доўгую і цяжкую працу над кніжкай і яе асноўны змест з цалкам новымі фактамі, што пярэчаць розным міфам пра Вершалін, якія моцна ўкараніліся ў грамадскай свядомасці. 

Некалькі асоб было з Міхалова. Асабліва запамяталася мне пажылая, але яшчэ жвавая бабуля (ёй ужо звыш дзевяноста). Яна распавяла, як у дзяцінстве бачыла „вершалінскіх” паломнікаў, якія прыбывалі ў Міхалова на магілу свайго „апостала” Яна Ломніка.

Сярод публікі бачыў я шмат знаёмых твараў, сустрэў сваіх тутэйшых сяброў і знаёмых. Прысутны быў, што мне надта парадавала, сам войт Веслаў Кулеша. На канец разам з дырэктаркай гарадоцкага Гміннага Цэнтра культуры ўручыў ён мне падарункі – свойскі малюнак і прыгожы кубачак з „гарадоцкім пеўнем”.

Гэта была вельмі ўдалая мая ўжо пятая па чарзе аўтарская сустрэча. Зноў прадалося даволі шмат кніжак і многім з прыемнасцю іх падпісаў. 

Юрка Хмялеўскі, czasopis.pl