
Ультыматум Уладзіміра Зяленскага з патрабаваннем прыбраць з памежжа Беларусі рэтранслятары, з дапамогаю якіх карэктуюць удары па Украіне, мае пад сабой юрыдычныя падставы. Такое меркаванне выказаў «Белсату» дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў.
«Самы важны момант – Украіна кіруецца прынцыпам самаабароны», – падкрэсліў Леанід Марозаў. У якасці пацверджання ён прыгадаў пра Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, дзе замацаваны гэты прынцып, а таксама магчымасць прасіць дапамогі ў выпадку нападу.
Паводле яго, калі Украіна разглядае нейкі аб’ект як ваенны і ёсць узброены канфлікт міжнароднага характару, у які ўцягнутая Беларусь, то Украіна можа зрабіць усё, што ёй патрэбна. Ёсць толькі пытанні, ці можна некаторыя аб’екты ўважаць ваеннымі.
«Перадавальнікі, якія наўпрост дапамагаюць Расеі, – мне падаецца, што можна іх лічыць. Ці можна заводы? З нацяжкаю», – адзначыў дарадца Святланы Ціханоўскай.
На ягоную думку, гэтае вызначэнне залежыць ад кліентаў заводаў: калі прадукцыю прадаюць цывільным, нават калі яна далей ідзе войску, складана ўважаць завод ваеннай цэллю, калі беспасярэдне вайскоўцам – то можна.
«Украіна ўжо ў вайне, ва ўзброеным канфлікце, – дадаў Марозаў. – І Украіна можа абараняцца так, як ёй патрэбна. Дазволу ёй не трэба прасіць. Тое, што яна папярэджвае партнёраў, сведчыць пра тое, што яна хоча выконваць нормы і прынцыпы міжнароднага права».
Дарадца Ціханоўскай у прававых пытаннях устрымаўся ад каментавання заяваў расейскіх чыноўнікаў пра абарону Беларусі ад Зяленскага і магчымых пагрозах беларускаму суверэнітэту ў гэтай сувязі: «Гэтыя людзі жывуць зусім у іншай рэальнасці».
Давяраць беларускім і расейскім следчым нельга
Марозаў пракаментаваў таксама тое, што Следчы камітэт Расеі заявіў, што быццам вызначанае дачыненне камандуючага сіламі беспілотных сістэмаў ЗСУ Робэрта Броўдзі і начальніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Алега Івашчанкі да атакі на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці 17 чэрвеня.
«Пра што мы можам казаць і як можам давяраць следчым расейскім і беларускім, калі з 2020 года не было расследаванае ніводнае злачынства, што адбывалася ў Беларусі», – адрэагаваў на паведамленне Марозаў.
Ён нагадаў, што «ва Украіне, дзе ідзе вайна, дагэтуль працуюць следчыя з іншых краінаў»: напрыклад, з трыбуналу ў справе Руанды, «якія расследавалі злачынствы там, а цяпер яны працуюць у Бучы і на іншых тэрыторыях», спецпрадстаўнікі ААН і АБСЕ.
«Украіна цалкам адкрытая для міжнародных экспертаў, якія кажуць: “Так, гэта доказ, і адтуль пайшла нейкая атака”. У Беларусі і ў Расеі гэтага цалкам немагчыма зрабіць, – мяркуе дарадца Ціханоўскай. – І пакуль пра гэта не паведамяць, пакуль мы не пабачым нейкай высновы міжнародных экспертаў, я ў гэта не паверу ніколі».
Інцыдэнт адбыўся 17 чэрвеня, калі аўтобус з дзецьмі з Рэчыцы ехаў у Геленджык праз Бранскую вобласць Расеі. Загінула жанчына, якая суправаджала групу, восем чалавек былі параненыя, у тым ліку шасцёра дзяцей.
МЗС Беларусі адразу запатрабаваў тлумачэнняў ва Украіны. Аднак прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зняпраўдзіў тое, што атака была ўкраінскаю, і дадаў, што здарэнне – гэта расейская правакацыя.
