
Выезд дзіцячых арганізаваных груп за межы Беларусі будуць узгадняць дзяржаўныя органы, а несьці адказнасьць за бясьпеку — арганізатары.
Урад Беларусі зацьвердзіў парадак выезду непаўналетніх грамадзян за межы краіны.
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнт-партале Беларусі пастанове, арганізатары выезду абавязаныя ўзгадняць выезд груп з шэрагам дзяржаўных органаў.
Узгадняць паездкі дзяцей за мяжу павінны:
- Міністэрства адукацыі, калі мова ідзе аб выезьдзе для ўдзелу ў міжнародных адукацыйных мерапрыемствах, моладзевых форумах і іншых адукацыйных мерапрыемствах. Гэтае патрабаваньне таксама датычыць пры арганізацыі выездаў дзяцей Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі,
- Міністэрства культуры — для ўдзелу ў міжнародных конкурсах, фэстах, выстаўках і іншых мерапрыемствах у сфэры культуры,
- Міністэрства спорту — для ўдзелу ў міжнародных фізкультурна-аздараўленчых і іншых спартовых мерапрыемствах,
- Рэспубліканскі цэнтар па аздараўленьні і санаторна-курортным лячэньні насельніцтва — накіраваньне на лячэньне і аздараўленьне за межы Беларусі,
- аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам — для ўдзелу ў мерапрыемствах міжрэгіянальнай супрацы або накіраваньне на аздараўленьне без пуцёвак ці арганізаванай групы грамадзкімі аб’яднаньнямі, арганізацыямі і фондамі.
Для атрыманьня ўзгадненьня арганізатары павінны зьвярнуцца ў гэтыя структуры не пазьней, чым за 30 каляндарных дзён да выезду.
Падставай для адмовы ў выдачы ўзгадненьня зьяўляюцца «неспрыяльная эпідэміялягічная, іншая абстаноўка ў краіне ўезду (краіне маршруту руху да месца правядзеньня мерапрыемства)». Сярод падстаў для адмовы адсутнічаюць ваенныя дзеяньні або іншыя прыкметы вядзеньня такіх дзеяньняў.
У пастанове адзначаецца, што арганізатара і суправаджаючыя асобы «нясуць адказнасьць за жыцьцё, здароўе, бясьпеку непаўналетніх грамадзян арганізаванай групы, выкананьне іх правоў і законных інтарэсаў падчас час шляху руху і знаходжаньня за межамі Беларусі, а таксама за іх вяртаньне ў Рэспубліку Беларусь».
Што папярэднічала
17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.
Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду.
Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу паводле факту тэрарыстычнага акту.
У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».
Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.
18 чэрвеня, камэнтуючы інцыдэнт у Бранскай вобласьці, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «трэба займацца футболам і іншымі мерапрыемствамі тут, больш камфортна, у ціхай і спакойнай краіне».
«І трэба забараніць усялякія паездкі безь дзяржаўнага нагляду і дазволу. Бацькі вырашылі, да прыватнай кампаніі зьвярнуліся. Не хачу тут асуджаць гэтую прыватную кампанію — яны працавалі законна. […] Замовілі аўтобус, паехалі, а цяпер некаторыя прэтэнзіі выстаўляюць. Ня трэба нам выстаўляць прэтэнзіі. Трэба дарослым людзям, нам, найперш, бацькам, акуратней да гэтага ставіцца. А гэты выпадак павінен быць расьсьледаваны, разам з расейцамі. Яны гатовыя нам дапамагаць», — заявіў Лукашэнка.
