Вяртаючыся са Святой Зямлі, Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка застаўся амаль без коней, грошай і часткі маёмасці. Але рабаванне ў Італіі было толькі апошнім выпрабаваннем. Падчас паломніцтва магнат перажыў штормы, сустрэчы з разбойнікамі, напад варожага натоўпу, самавольства асманскіх чыноўнікаў і абстрэлы з турэцкіх фартэцаў. Пра тое, як праходзіла адно з самых вядомых падарожжаў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Радзівіл пазней расказаў у сваім дзённіку.

Вясной 1584 года ў Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі засталіся два худыя мулы і дзве кульгавыя клячы. Частка світы ішла пешшу, частка ехала па чарзе. За некалькі дзён да таго італьянскія бандыты забралі ў іх коней, грошы і частку рэчаў.
Каб рухацца далей, Радзівіл наняў двух праваднікоў. Першы, Францішак, восем гадоў быў бандытам і меў сярод іх знаёмых. Другі быў святаром, чые два браты таксама займаліся разбоем. Так магнат з Вялікага Княства Літоўскага, які вяртаўся з Іерусаліма і Егіпта, праязджаў праз Італію пад аховай людзей, звязаных з тымі, хто мог яго зноў абрабаваць.
Як ён апынуўся ў гэтай сітуацыі? Радзівіл пазней апісаў гэта ў сваім дзённіку.
Дарога ў Святую Зямлю
За васямнаццаць месяцаў да гэтага ён выехаў з Нясвіжа, праехаў праз Прагу і Вену, а ў снежні 1582 года дабраўся да Венецыі. Там ён чакаў адплыцця, сустракаўся з дожам і францысканцамі, атрымліваў папскія лісты. Разам з ім ехалі шляхцічы Ежы Кос, Міхал Канарскі, Пётр Быліна і Анджэй Скорульскі, імперскі дыпламат Абрахам фон Дона, лекар-цырульнік Ханус Шольц і кухар Іерэмія Гермек.
16 красавіка 1583 года Радзівіл змяніў магнацкі гарнітур на пілігрымскае адзенне і паехаў на гандоле да манастыра Santa Maria della Grazia – адтуль ён выправіўся ў шлях на венецыянскай ваеннай галеры, якая везла на Кіпр 120 ваяроў.
На Кіпры магнат мусіў наняць яшчэ адно судна — ужо да Яфы, марскога порта каля Іерусаліма. Але нават гэта было не так проста.
Я наняў невялікае судна, якое ў тых краях называюць карамузанам. Ягоным кормчым быў араб-хрысціянін. Як толькі турэцкі кадзі даведаўся пра гэта, ён – праз падбухторванне аднаго грэка, які некалькімі гадамі раней прыняў іслам, хоць паходзіў са шляхетнага кіпрскага роду і падчас захопу туркамі Нікасіі адважна змагаўся супраць іх, забіўшы многіх уласнаручна, – загадаў забраць ветразь і вяроўкі, каб мы не маглі адплысці, пакуль не заплацім яму грошай. Бо туркі жывуць тым, што выдзіраюць і выманьваюць у хрысціянаў.
Калі той грэк прыйшоў на нашае судна, мы пачаставалі яго і далі падарункі. Пасля гэтага ён выхадатаў у кадзі вяртанне адабраных рэчаў.
Але непрыемнасці на гэтым не скончыліся: калі група ўжо ўбачыла вежу над яфскім портам, падняўся штармавы вецер, які не даў прычаліць, сарваў ветразь і парваў снасці.
Капітан прапанаваў ісці на поўнач, да Трыпалі: вецер дзьмуў ім у карму, а вяртацца да Кіпра было небяспечней. За васямнаццаць гадзін яны прайшлі шэсцьдзесят міль і ўрэшце ўвайшлі ў Трыпалі.

«Калі б янычары нас не баранілі»
У Трыпалі магнат дамовіўся з мясцовым чыноўнікам Лемірам, каб той далучыў да групы ахову на дарогу праз Дамаск. За гэта трэба было плаціць падарункамі.
Лемір даў ім двух конных і двух пешых янычараў, і з гэтай аховай група рушыла ўглыб Сірыі – да Дамаска, а пасля праз Самарыю і Галілею да Іерусаліма.

Ля гарадской брамы Дамаска паломнікі спешыліся: хрысціянам нельга было ехаць верхам па вялікім асманскім горадзе. Іх суправаджалі чатыры янычары. Двое ішлі пешшу, двое ехалі верхам; побач трымаліся таксама туркі, з якімі група ехала ад Трыпалі.
Радзівіл запісаў, што, калі натоўп убачыў падарожнікаў, людзі пачалі крычаць і свістаць, а дзеці і дарослыя выбягалі з усіх вуліц – і чым бліжэй паломнікі падыходзілі да гандлёвых вулачак і людных кварталаў, тым гусцей у іх ляцелі камяні і плявалі ім услед.
«Калі б янычары нас не баранілі, разарвалі б нас», – занатаваў ён.
Нават з аховай, дадаў Радзівіл, было цяжка ўберагчыся ад камянёў, якія кідалі дзеці.
Як адабралі двух найлепшых коней
На дарозе да Іерусаліма, недалёка ад замка Танайтэра, група Радзівіла спынілася адпачыць – на той момант ужо значна большая, чым была пад Дамаскам.
Мы дамовіліся з Балухам, братам Леміра з Трыпалі: у нас былі да яго лісты, і ён мусіў суправаджаць нас аж да Ерусаліма. Неўзабаве ён прыбыў з пяццю іншымі коннымі янычарамі і такой самай колькасцю пешых.
Але большая колькасць людзей не абараняла ад усяго. Асабліва ад гвалту з боку дзяржавы.
Ледзь мы злезлі з коней, як падбег чаўш у суправаджэнні трох чалавек, узброеных лукамі і сагайдакамі. Ён ехаў да санджака Газы і іншых егіпецкіх саноўнікаў: усіх, каго толькі можна было вызваліць, адпраўлялі на вайну ў Персію.
Адразу ж ён забраў у нас двух найлепшых коней, кажучы, што едзе ад султана і таму мае права забраць каня не толькі ў нас – бо нас яны называюць сабакамі, – але й ва ўладаннях вялікага турэцкага ўладара: хоць бы нават самому вершніку загадаў з яго злезці. І сапраўды, такі закон існаваў у турэцкіх землях.
Коней вярнулі пасля просьбаў янычараў і грошай, якія перадалі чаўшу. Але для групы гэта быў не дробны канфлікт. У сухапутнай дарозе конь быў не толькі сродкам перамяшчэння: на ім везлі частку рэчаў, ён вызначаў хуткасць групы і яе магчымасць хутка сысці з небяспечнага месца.
Арабскія разбойнікі на дарозе да Іерусаліма
25 чэрвеня 1583 года паломнікі ўбачылі ўрэшце Іерусалім. Радзівіл адзначыў у дзённіку, што ўсе спыніліся, падзякавалі Богу і прачыталі малітвы.
Але асманская ўлада ў Святой Зямлі не азначала поўнага кантролю над ёй. Радзівіл пісаў пра ўзброеныя атрады арабаў, якія «ня маюць нідзе сталага жытла, але туляюцца, рабуюць і туркаў, і каго сустрэнуць». Паводле яго, пашы трох гарадоў пасылалі да іх паслоў з падарункамі, каб тыя не чапалі караваны.
Праз паўмілі пасля гэтага ім насустрач выехалі 25 узброеных вершнікаў. У дзённіку Радзівіл называе іх «арабскімі разбойнікамі». Адзін з янычараў адразу паехаў да іх; астатнія не разумелі, пра што ідуць перамовы.
Вершнікі прапусцілі групу. Праз перакладчыка яны перадалі, што паломнікам трэба падзякаваць янычару: той «выпрасіў у іх нашыя жыцці». Пазней сам янычар паведаміў, што добра ведае гэтых людзей і некалі доўга разбойнічаў разам з імі.
У Іерусаліме Радзівіл прабыў менш за два тыдні. Потым былі Яфа, Трыпалі, Кіпр, Егіпет, Александрыя і доўгая зімоўка на Крыце.
Турэцкія гарматы і шторм каля Закінфа
На Крыце Радзівіл папрасіў капітана Ларэнца Прыволі ўзяць яго на сваю галеру да Корфу.
Венецыя і Асманская імперыя ў той момант не знаходзіліся ў адкрытай вайне: мір пасля 1573 года яшчэ дзейнічаў. Але гэта не рабіла мора бяспечным. У дзённіку Радзівіл тлумачыць, чаму венецыянскія судны ішлі групамі: «венецыянская галера ніколі не ідзе адна, а прынамсі з другой – дзеля ўсялякай небяспекі, бо мусіць доўга ісці ўздоўж турэцкага берага». Неўзабаве стала відаць, наколькі мела рацыю гэтая асцярожнасць – спачатку з боку туркаў, а потым з боку самога мора.
Ля Кароні капітан не хацеў падыходзіць блізка да замка: з фартэцы маглі адкрыць агонь. На наступны дзень судны абышлі Метоні з іншага боку выспы, але асманская фартэца ўсё роўна заўважыла галеры і тройчы выстраліла. Ядры не даляцелі. Венецыянцы адказалі гарматнымі стрэламі. Не каб напасці, а каб паказаць, што іх судны не варожыя. Галеры мінулі Наварын і пайшлі далей, да Закінфа.
Там іх чакала небяспека іншага роду. Ля Закінфа ўзняўся моцны вецер. Блізкага порта не было, а стаяць на якарах было небяспечна. Побач з галерай Радзівіла перавярнулася фрэгата – людзей ледзь паспелі выратаваць. Адзін з ягоных слуг, немец, якога Радзівіл наняў на Крыце, патануў. На Закінфе ён пабачыў яшчэ адзін разбіты карабель: судна Георгія Эма, венецыянскага консула ў Егіпце, з якім Радзівіл быў знаёмы. На ім загінулі 37 чалавек; каля адзінаццаці выратаваліся.
Ад турэцкіх гармат можна было адкупіцца стрэлам у адказ. Ад ветру каля Закінфа – не.
Апошняе рабаванне ў Італіі
У сакавіку 1584 года Радзівіл высадзіўся ў Атранта, на паўднёвым усходзе Італіі. Далей ён ішоў праз Бары, Барлету, Фоджу і Остуні – у бок Пескары.
Менавіта тут ягоная група трапіла ў рукі бандытаў.
Разбойнікі забралі грошы, коней і рэчы. Яны не заўважылі невялікую металічную скрыначку з папскімі і каралеўскімі лістамі, венецыянскімі паперамі і крэдытнымі дакументамі. Калі б бандыты зразумелі, каго менавіта абрабавалі, Радзівіл баяўся, што без выкупу справа не абышлася б.

Пасля нападу губернатар Карафа даў падарожнікам начлег. Радзівіл пазычыў грошы, каб рухацца далей, і шукаў крэдыт пад рэшткі каштоўнасцяў, якія ўцалелі пасля рабавання.
Праз Анкону ён дабраўся да Венецыі. Адтуль шлях ішоў праз Трэнта, Інсбрук, Халь і Вену; далей – да Гродна і Нясвіжа.
У ліпені 1584 года магнат вярнуўся дадому без большасці рэчаў. Яго дзённік, выдадзены ў 1601 годзе, стаў еўрапейскім хітом.
