
Гродзеншчына адчувае недахоп працоўных рук. Таму вобласць гатовая прыняць “невялікую колькасць працавітых, непітушчых” мігрантаў з Узбекістана для працы ў сельскай гаспадарцы. Пра гэта кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў заявіў на сустрэчы з дэлегацыяй Самаркандскай вобласці, перадае тг-канал аблвыканкама.
“Не сакрэт, што ў нас дэфіцыт працоўнай сілы ў вёсцы, а ў іх — дэфіцыт працы. І таму я прапанаваў, што невялікую колькасць працавітых, непітушчых, якія імкнуцца зарабіць, мы гатовыя прыняць, каб яны ў нас папрацавалі. Мы не збіраемся перагружаць вобласць і насельніцтва мігрантамі ні ў якім разе. У нас у краіне гэты працэс кантралюецца больш жорстка, чым дзе-небудзь”, — сказаў Караеў.
У найбліжэйшыя пяць гадоў улады плануюць прыцягнуць у Беларусь 100 тысяч мігрантаў. Летась Аляксандр Лукашэнка заяўляў пра намер запрасіць 150 тысяч пакістанцаў, што выклікала негатыўны розгалас у грамадстве. Праўда, пакістанцы не спакусіліся нізкімі беларускімі заробкамі — пакуль што да нас пераязджаюць пераважна работнікі з Туркменістана.
