
Мастацкі дырэктар беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін падчас свайго выступу на MALDZIS-фэсце ў Варшаве 13 ліпеня заявіў, што Беларусь сёння застаецца на мапе толькі дзякуючы медыям і культуры, паведамляе «Белсат». А таксама прадставіў ідэю культурніцкага праекту пра нашую краіну, які мог бы «выстраліць».
«Беларусь застаецца на мапе, дзякуючы культуры»
Мікалай Халезін перакананы – культура дае больш камунікацыі і магчымасцяў трымаць Беларусь у павестцы, чым палітыка.
«Пра палітыку думаюць людзі спецыфічныя, пра культур ж – нашмат больш хто. У мяне перакананне, што Беларусь застаецца на мапе дзякуючы медыям і культуры, якая дэкларуе штосьці. Творчыя прадукты працуюць гадамі, і Беларусь гучыць», – сказаў выступоўца.
Арт-дырэктар Свабоднага тэатру распавёў пра тры яго прадукты, якія ўзляцелі і атрымалі сусветнае прызнанне.
Першы – гэта спектакль «Сабакі Еўропы» па аднайменным рамане Альгерда Бахарэвіча, прэм’ера якога адбылася ў сакавіку 2022 года ў Лондане. Са словаў Халезіна, правы на пастаноўку ён атрымаў «не прачытаўшы ніводнага радка», па парадзе Сяргея Шупы, які рэдагаваў твор.
Бюджэт спектаклю склаў каля 600 тысячаў фунтаў ці 900 тысячаў долараў.
«Мы хацелі зрабіць глабальны флагманскі беларускі прадукт, які б прадставіў Беларусь у свеце. І ён праехаў сусветны тур ад Берліна, Лондана да Нью-Ёрку і Аўстраліі, і амаль адбіў свае грошы. Калі б было менш удзельнікаў і не такія вялікія затраты на брытанскую тэхналагічную групу, мы маглі б выйсці ў плюс, але гэтага, на жаль, не здарылася», – распавёў удзельнік MALDZIS-фэсту.

Як стваралася опера «Дзікае паляванне караля Стаха»
Другі паспяховы прадукт – опера «Дзікае паляванне караля Стаха» па кнізе Уладзіміра Караткевіча. Яе бюджэт склаў мільён фунтаў ці адзін мільён і трыста-чатырыста тысячаў долараў.
«Гэта вялікая праца. Быў дэфіцыт вакалістаў-беларусаў, на жаль, ніхто не змог удзельнічаць. Мы сабралі ўкраінскую групу: шэсць украінскіх вакалістаў плюс акторы беларускага Свабоднага тэатру. Спектакль гэтак ж, як «Сабакі Еўропы», стартаваў на сцэне лонданскага галоўнага тэатру Barbican. За два месяцы да прэм’еры былі раскупленыя ўсе квіткі і нам ужо няважныя былі рэв’ю і меркаванні крытыкаў», – казаў Халезін.
У 2023 годзе Нью-Ёркская Metropolitan Opera прапанавала паставіць оперу ў 2027 годзе, але на той момант Свабоднаму тэатру падалося, што яны не могуць планаваць на такі даўгі адрэзак.
Большую частку выдаткаў на оперу, са словаў Халезіна, пакрылі мецэнаты з ЗША і Вялікай Брытаніі, якія працуюць з беларускім Свабодным тэатрам, але самі не маюць дачынення да Беларусі.
«Наш амерыканскі партнёр, які ў асноўным прафінансаваў гэты праект, сказаў, што хоча праверыць, ці правільна ён робіць стаўку, гэта быў ягоны спартовы інтарэс – маўляў, выбіраю з некалькіх творчых прадуктаў, стаўлю на яго немалую суму і хачу праверыць уласны выбар. І была абвешчаная намінацыя оперы на прэмію Лорэнса Аліўе ў 2024 годзе – вышэйшую тэатральную брытанскую ўзнагароду, ён напісаў – я шчаслівы. Гэта значыла, што ўсё спрацавала», – падзяліўся Халезін.

Немагчымае і магчымае
Трэці праект, які «выстраліў» – павільён «Official. Unofficial. Belarus» у Венецыі, створаны беларускім Свабодным тэатры.
Мікалай Халезін прызнаўся, што не хацеў займацца гэтым праектам, думаў, што гэта немагчыма. Аднак дачка пераканала яго, што магчыма. У выніку тэатр выйграў у конкурсе з 465 удзельнікаў, дзе ўсяго быў 31 пераможца, і атрымаў права стварыць павільён.
Каштаваў праект 1 мільён 600 тысячаў фунтаў. Нацыянальны павільён не маглі цалкам прафінансаваць замежныя мецэнаты – трэба было шукаць беларускіх спонсараў. Мікалай Халезін вёў перамовы з рознымі беларускімі кампаніямі, і ў выніку праект на 60% быў закрыты грашыма беларусаў.
Павільён працуе да 22 лістапада 2026 года. Са словаў Халезіна, у дзень яго наведваюць у сярэднім 1300 чалавек. Такі ахоп быў бы немагчымы ў выпадку спектаклю. Каб яго атрымаць, давялося б паставіць 180 спектакляў з аўдыторыяў 1200 чалавек у дзень.

Сусвет Караткевіча
Напрыканцы выступу Халезін прапанаваў ідэю праекту пра Беларусь, якая магла б сёння спрацаваць – гэта серыял па трох творах Уладзіміра Караткевіча.
Першы – усё тое ж «Дзікае паляванне караля Стаха» з галоўным героем этнографам Андрэем Беларэцкім.
«Мы ўжо праверылі гэты твор. Брытанскія крытыкі пра яго казалі – у адным творы нейкі беларускі аўтар, якога яны раней не ведалі, аб’ядналі хорар, рамантычную гісторыю, дэтэктыў, фэнтэзі і ўсё гэта паклаў на платформу з нуару. Так да яго рабіў толькі Артур Конан Дойл у «Сабацы Баскервілей», – кажа арт-дырэктар «Свабоднага тэатру».
Другі твор – «Чорны замак Гальшанскі» з галоўным героем палеографам Антонам Космічам.
«Такі ж прывабны герой, авантурыст, з прафесіяй, якую мала хто разумее. Такая ж рамантыка, на платформе з нуару, прывабная візуальна», – зазначыў выступоўца.
І трэці герой – студэнт Алесь Загорскі з «Каласоў пад сярпом тваім».
«Гэта ўвогуле нашая класіка, галоўны твор у беларускай гісторыі. І тут яшчэ студэнт, які ўсвядоміў, што такое Беларусь», – заўважае Халезін.
Мастацкі кіраўнік «Свабоднага тэатру» прапаноўвае на выхадзе стварыць аднаго героя – этнографа Алеся Горвата, «беларускага Індыяну Джонса, якога мы прапускаем праз усе тры творы, які становіцца чалавекам, які ўвасабляе сусвет Караткевіча»:
«Гэты сусвет мы маглі б стварыць, прапанаваўшы праект Netflix ці Hulu. Мы ўжо правялі перамовы. На гэтай фазе ўсім вельмі цікава, таму што ніхто не ведаў, што ў нас ёсць такі нацыянальны аўтар, які стварыў унікальную трылогію».

Ідэальны свет
Мікалай Халезін распавёў, што марыць пра ідэальны свет, у якім беларускія бізнесоўцы ўкладваюць грошы ў беларускія культурніцкія праекты, якія выходзяць у Вэст-Эндзе ў Лондане – аналагу Нью-Ёркскага Брадвею, дзе знаходзяцца сусветна вядомыя камерцыйныя тэатры, і атрымліваюць прыбытак.
«Калі гэта здарыцца, гэта будзе азначаць стварэнне новага для беларусаў свету», – рэзюмаваў Халезін.
MALDZIS-фэст – інтэлектуальны фестываль беларускай культуры і спадчыны, які рэалізуецца ініцыятывай Maldzis, названай у гонар беларускага даследчыка і літаратуразнаўцы Адама Мальдзіса.
Мэта ініцыятывы – шукаць і вяртаць забытыя беларускія культурныя каштоўнасці, архівы і імёны, звязаныя з нашай краінай.
Ініцыятыва, у прыватнасці, набывае беларускія культурныя скарбы для перадачы ў музеі Беларусі, збірае інфармацыю пра страчаныя каштоўнасці, маніторыць аўкцыёны, узаемадзейнічае з прыватнымі калекцыянерамі, стварае і пашырае супольнасць беларускіх мецэнатаў і ахвярадаўцаў для фінансавання набыцця беларускіх артэфактаў.
