Выйшла кніга турэмных эсэ Статкевіча, якія ён пачаў ствараць з 2005 году

Кніга турэмных успамінаў Міколы Статкевіча

У Беластоку выдалі кнігу экс-палітвязьня Міколы «І гэта ўсё ў табе. Зборнік турэмных эсэ».

Статкевіч у тэлеграме прывёў заключны тэкст, разьмешчаны на апошняй старонцы вокладкі кнігі.

«Як людзі робяць маральны выбар у складаных сытуацыях, як яны робяцца героямі ці здраднікамі, як ператвараюцца ў падонкаў ці застаюцца сумленнымі людзьмі? Каб даць адказ на гэтыя пытаньні, я мусіў разьбірацца з чалавечай псыхалёгіяй. Аж да інстынктаў. Але ў літаратуры па тэме ўцямнага вызначэньня чалавечых інстынктаў не знайшлося, а шмат дзе, увогуле, адмаўлялася іх наяўнасьць у нас, акрамя некалькіх відавочных прымітыўных, што цалкам пярэчыла майму веданьню чалавека. Таму, у галоўным тэксту гэтай кнігі, які і даў ёй назву, я мусіў прапанаваць сваё вызначэньне нашых інстынктаў ды іх пералік. А потым, на падставе гэтага, апісаць, як мы робім свой маральны выбар у складанай сытуацыі. Спадзяюся, што разуменьне гэтага дапаможа чытачу лепей зразумець чалавечую сутнасьць, сябе і ўсё, што адбылося і адбываецца з нашай краінай і намі», – гаворыцца ў кнізе.

Пра што кніга

Паводле Статкевіча яго зборнік складаецца зь дзьвюх частак: першая тычыцца этычнага боку супраціву, маральнага выбару чалавека ў складанай сытуацыі, а другая прысьвечаная пошуку стратэгіяў захаваньня і разьвіцьця невялікай краіны і нацыі, заціснутай паміж дзьвюма варожымі і культурна антаганістычнымі цывілізацыямі.

Статкевіч адзначыў, што ў турме ён кіраваўся парадай Марка Аўрэлія — каб разгадаць таямніцу душ людзей наўкол, дастаткова звароту да ўласнага розуму.

«Я афармляў свае меркаваньні ў выглядзе эсэ, якія лістамі (калі іх яшчэ прапускалі) адпраўляў маёй жонцы Марыне, якая публікавала іх у сеціве. Калі магчымасьцяў пісаць ці перадаваць на волю свае тэксты ў мяне не было, я добра прадумваў іх, каб аднавіць у памяці і запісаць ужо пасьля вызваленьня. У гэтым зборніку мае эсэ і іншыя тэксты, напісаныя ці падрыхтаваныя ў зьняволеньні, пачынаючы з 2005 году», — паведаміў палітык.

Адзін з турэмных лістоў Міколы Статкевіча, 2021 год. Архіўнае фота

Палітык мяркуе, што пасьля ўстанаўленьня рэпрэсіўнага рэжыму ў людзей дэмакратычных перакананьняў ёсьць пяць гадоў, каб вярнуць краіне свабоду.

Мікола Статкевіч адзначыў, што рэжым у Беларусі забясьпечыў сябе неабмежаванымі рэсурсамі ад Масквы, якая аплочвае яго існаваньне за абяцаньні і дзеяньні, якія ў будучыні вядуць да амаль непазьбежнага паглынаньня Беларусі Расеяй.

Паводле палітыка, рэжым разумеў небясьпеку для сябе ад патрыятычнага супраціву і пастаянна падвышаў яго цану — спачатку адміністрацыйныя арышты, вялікія штрафы і канфіскацыя маёмасьці, потым «абмежаваньні волі», потым усё большыя і масавыя турэмныя тэрміны ўва ўсё больш жорсткіх умовах, ціск на блізкіх, а таксама выкраданьні і забойствы. «Будучыня свабоды і незалежнасьці залежала ад прыкладу лідэраў, гатовых плаціць за іх такую цану», — мяркуе Статкевіч.

Што трэба ведаць пра зьняволеньне і вызваленьне Статкевіча

Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 года ў Менску на Камароўскім рынку. У сьнежні 2021 года палітыка пакаралі на 14 гадоў пазбаўленьня волі.

11 верасьня 2025 года беларускія ўлады вызвалілі і выправадзілі з краіны 52 зьняволеных. Мікола Статкевіч стаў адзіным з гэтай групы, хто не перасек мяжу Беларусі і Літвы. Некаторы час палітыка можна было бачыць на здымках з камэраў на мяжы, пазьней яго ў невядомым накірунку павезьлі людзі ў масках. Пасьля гэтага Статкевіч працягваў адбываць пакараньне за кратамі.

19 лютага 2026 года стала вядома, што Мікола Статкевіч выйшаў на волю. У палітыка ў зьняволеньні здарыўся інсульт. У красавіку экс-вязень расказаў, што ня змог атрымаць даведку аб вызваленьні. Як заявіла яму кіраўніцтва СІЗА-1, такую паперу выдаць ня могуць, бо Статкевіча «не вызвалялі».

svaboda.org