
Расейскі алігарх беларускага паходжання Андрэй Мельнічэнка (вугаль, хімія, № 8 у спісе Forbes Расея) выпусціў у The Economist праграмны артыкул «Чаму разбураная Расея шкодная для свету». Цэнтральная думка: пасля заканчэння вайны ва Украіне Расея павінна захаваць суверэнітэт, інакш будзе горш. Будзе менш бяспекі, менш прадказальнасці, больш рызык.
Падсанкцыйны алігарх аргументуе гэты тэзіс наступным чынам:
- Расея, якая захавала паўнавартасны суверэнітэт, лепш за любы з чатырох альтэрнатыўных варыянтаў, паколькі можа быць партнёрам у пытаннях бяспекі, гэткім жа, як быў Савецкі Саюз;
- Расея мае абмежаваныя, выразна акрэсленыя інтарэсы, і лепш, танней з імі лічыцца, чым спрабаваць звесці вялікую краіну (глабальнага гульца) да залежнага статусу;
- класічнае – пагроза выкарыстання ядравай зброі. У артыкуле, вядома, Андрэй нікому не пагражае, але мяккасць фармулёвак не павінна падманваць. І ў частцы, дзе ён апісвае магчымае далейшае развіццё вайны, і там, дзе прагназуюцца наступствы магчымага распаду Расеі, размова менавіта пра патэнцыйнае выкарыстанне ядравай зброі.
І, вядома, цяперашнюю палітычную сістэму Расеі прапануецца ўважаць нейкай канстантай, дадзенасцю, унутранаю справаю самой Расеі, якая падлягае выключна нявызначанаму эвалюцыйнаму развіццю.
Чатыры сцэнары страты суверэнітэту Расеі, якія павінны напалохаць заходняга абывацеля, выглядаюць наступным чынам.
- Прыніжаная Расея, што захрасла на перыферыі Захаду. Паводле яго логікі, гэта не стварае парадак, а назапашвае «адкладзеную энергію» (аналогія з Вэрсалем) – у перспектыве прыводзіць да агрэсіўнага рэваншызму.
- Васалізацыя Кітаем – Расея фармальна захоўвае атрыбуты вялікай дзяржавы, але фактычна робіцца сыравінным прыдаткам і буферам у інтарэсах Пекіну. Аўтар уважае гэты шлях нестабільным і для самога Кітаю нявыгадным.
- Фрагментацыя Расеі – распад, барацьба за ядравы арсенал, рэсурсы, межы. Разбурае згуртаванасць, на якой трымаецца ядравае стрымліванне.
- Расея-крэпасць – закрытая, мабілізаваная, у стане перманентнай аблогі. У чымсьці падобная на цяперашні Іран. Вайна ператвараецца не ў падзею, а ў сталы спосаб арганізацыі дзяржавы.
Агульная выснова? Яна не прапісаная выразна, але павінна гучаць гэтак (быць звернутай да Захаду): згаджайцеся на цяперашнія ўмовы Пуціна (яны сфармуляваныя так: частка тэрыторыі, статус расейскай мовы, фармальная нейтральнасць Украіны), падтрымайце суверэнітэт Расеі як сусветнага гульца, не лезьце ў яе ўнутраныя справы – і тады… а што тады?
Верагодна, вы, заходнія абывацелі, атрымаеце тую самую бяспеку, якая (для вас) і ёсць найвышэйшай каштоўнасцю. Інакш будзе горш, мы за сябе не адказваем.
Шматслоўе і наяўнасць вялікай колькасці лагічна звязаных аргументаў стварае ілюзію інтэлектуальнасці, грунтоўнасці сур’ёзнага тэксту ў сур’ёзным выданні. І нават хочацца ўступіць у дыялог, пагадзіцца… Калі ж гэты флёр, туман спадае, уключаецца свядомасць і ўзнікаюць пытанні.
Ну, напрыклад:
– гэтая прапанова пагадзіцца на цяперашнія ўмовы Пуціна. Аднак 24 лютага 2022 года ягоныя амбіцыі былі значна большымі. Дзе гарантыя, што, адпачыўшы ад санкцыяў, аднавіўшы эканоміку, назапасіўшы сілаў, у тым ліку дзякуючы супрацы з Захадам, мы не ўбачым паўтарэння тых самых падзеяў на новым вітку? Давайце нагадаем Андрэю Будапешцкі мемарандум 1994 года. Украіна ўжо адзін раз аддала гарантыі (ядравую зброю) у абмен на прызнанне суверэнітэту ад Расеі, і Расея сама ж гэтыя гарантыі парушыла ў 2014-м.
– цяперашняе зневажальнае становішча Расеі – з чым яно больш звязанае? З стаўленнем Захаду? Або з выбудаванай аўтарытарна-алігархічнай сістэмаю рабавання дзяржавы, часткай якой ёсць і сам аўтар?
– у якім выпадку пагроза ўжывання ядравай зброі большая – калі тая самая «чырвоная кнопка» ў руках чалавека, які ўжо загубіў, паламаў жыцці паўтара мільёна ўласных грамадзянаў (паводле інфармацыі CSIS і Moscow Times на ліпень 2026 года, агульныя страты Расеі забітымі, параненымі і зніклымі без вестак – блізу 1,4 млн чалавек), ці калі яна трапіць да пакуль слаба прагназаваных «іншых асобаў»?
Пытанняў можна задаць яшчэ шмат, але галоўныя менавіта гэтыя – аўтар спрабуе паказаць цяперашнюю расейскую ўладу ў якасці адэкватнага, дагавораздатнага боку, якім яна, вядома, не ёсць. Палітычныя рэпрэсіі, адсутнасць якіх-колечы правоў і свабодаў грамадзяніна, ціск на бізнес, які, не як Мельнічэнка, не можа закрыць свае карупцыйныя пытанні пералікам 32 млрд пуцінскаму цэнтру «Сірыус», і паўсядзённая, зусім махровая, дрымучая прапаганда – менавіта гэта аўтар прапануе ўважаць асноваю расейскага суверэнітэту, прызнаць за дадзенасць і весці з гэтым нейкія справы. Вельмі і вельмі слабая аснова.
Ну, а што можна сказаць наконт чатырох сцэнароў развіцця сітуацыі ў Расеі ў выпадку паразы ў вайне і паніжэння статусу?
– Вэрсальскі сіндром і рэваншызм? Што цяпер адбываецца ў Расеі. Што ж тут новага?
– Падпарадкаванне Кітаю? Гэты працэс ідзе поўнаю хадою, і на месцы краінаў Захаду я б не моцна турбаваўся з гэтай нагоды. Цяперашні рэжым у Пекіне, пры ўсіх яго праблемах, якраз дэманструе прадказальнасць у сусветнай палітыцы. І калі Расея будзе зонай яго адказнасці – бяспекі зробіцца больш, а не менш.
– Распад Расеі? Захад ужо даў сабе рады з распадам СССР, з распадам Югаславіі. Так, цана была высокая і працэс працягваецца да гэтага часу, але для краінаў Захаду ў чым пагроза, акрамя неабходнасці зноў вылучыць некаторую прыкметную колькасць сродкаў на развязанне гуманітарных пытанняў? Больш за тое, распады імперыяў – натуральны гістарычны працэс. І так, пры гэтым варта паклапаціцца аб ядравых арсеналах: момант пераходу – сапраўды самы небяспечны ўчастак, але ён менш небяспечны, чым бестэрміновае захаванне ядравай кнопкі ў цяперашняга рэжыму. Магчыма, з’яўленне 4-5 асобных дзяржаваў створыць больш падставаў для бяспекі, чым наяўнасць адной агрэсіўнай краіны, якая ўжо развязала самую крывавую (пасля 1945 года) вайну ў Еўропе і ўвесь час пагражае менавіта ядравай зброяй?
– Расея-крэпасць? Мы ўжо маем Іран-крэпасць, КНДР-крэпасць. Так, з імі даводзіцца мець дачыненні, выбудоўваць стасункі ці ваяваць. Але чым гэтая канструкцыя адрозніваецца ад таго, што кожны дзень прапагандуецца ва ўсіх расейскіх дзяржаўных СМІ? Гэта ж сёння жаданы ўладамі вобраз Расеі?
Тое, што алігарх Мельнічэнка апісвае як крытычны сцэнар альбо ўжо здарылася, альбо мае патэнцыял нестабільнасці меншы, чым захаванне цяперашняга пуцінскага рэжыму.
Гледзячы ж з мясцовай, беларускай, званіцы, хочацца спытаць у аўтара: а як вы ставіцеся да беларускага суверэнітэту? Ці гатовыя неяк папрасіць Пуціна трохі «аслабіць павадок» на шыі Лукашэнкі? Дзеля таго самага нацыянальнага суверэнітэту? Ці ён працуе толькі ў адзін бок?
А ўварванне ва Украіну 24 лютага 2022 года з тэрыторыі Беларусі – гэта як адпавядае суверэнітэту? Мала таго што ў беларускага народу ніхто не пытаўся (а хто ў яго наагул пытаецца) – нават сам Лукашэнка, фармальна кіруючы тэрыторыяй, пасля публічна даваў зразумець, што не быў абазнаны ў дэталях аперацыі.
Прапановы Мельнічэнкі Захаду аб захаванні самастойнасці рэжыму Пуціна наўпрост пагражаюць незалежнай будучыні Беларусі. І сёння шлях ва ўстойлівую, незалежную будучыню Беларусі ляжыць менавіта праз паслабленне Расеі. І любы з прапанаваных Андрэем «катастрафічных» сцэнароў – карысць для Беларусі. Не заўсёды гэта азначае карысць эканамічную (але мы ўжо пажынаем наступствы развязанай Пуціным вайны, і далей будзе толькі горш, усё роўна давядзецца плаціць), але заўсёды карысць палітычная, грамадская.
Пуцінская Расея – беспасярэдняя пагроза будучыні Беларусі. Спроба схаваць за мяккімі, прыгожымі фармулёўкамі цяперашнюю ўнутрырасейскую катастрофу можа зрабіць уражанне на абывацеляў, максімальна далёкіх ад падзеяў, што адбываюцца, – дзесьці ў Вашынгтоне, можа быць, у Сасэксе або ў ісландскіх фіёрдах.
Але мы тут жывем. І кожны чатырох апісаных аўтарам сцэнароў паслаблення Расеі мае свой кошт, але выгадны не толькі для Беларусі, але і для Украіны, і для Польшчы, і для Літвы.
Для тых самых краінаў, патрэбу ў суверэнітэце якіх расейскі алігарх Андрэй Мельнічэнка старанна спрабуе не заўважаць.
