З канцэртам і сьвяточнымі прамовамі. Так адзначалі Дзень Волі ў Нью-Ёрку. Піша bielarus.info.
Беларусы па ўсім сьвеце 25 сакавіка адзначалі 105-ую гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Насычаныя мерапрыемствы, акцыі, выступы, канцэрты, шэсьці, выставы, мітынгі, узьняцьце сьцягаў прайшло як у эўрапейскіх краінах, так і ў ЗША.
У Нью-Ёрку галоўнае сьвяточнае мерапрыемства прайшло не 25, а 26 сакавіка і пачалося са службы ў саборы сьв. Кірылы Тураўскага, што на Атлянтык Авэню. Тут сонечным нядзельным ранкам на будынку сабора былі ўсталяваны сьвежыя сьцягі: нацянальны беларускі, украінскі і амэрыканскі. Гатавалася бабка, смажыліся каўбаскі ды дранікі. Сьцягі на саборы мяняюцца 2 разы на год – падчас сьвяткаваньня Дня Волі і ў верасьні.
У царкве ў гэту раніцу сабралася некалькі дзесяткаў людзей. Сьвятар царквы айцец Іван Кухар адслужыў малебен за свабоду для Беларусі. Разам са сьвятаром вернікі маліліся за палітвязьняў і ўсіх пакутуючых беларусаў.
Падчас малебна адбылося ўрачыстае ўзьняцьце беларускага нацыянальнага і амэрыканскага сьцягаў, якія парафіяне вынесьлі наперад і трымалі падчас малітвы.
Апоўдні ў грамадзкай залі пры саборы сьвю Кірылы Тураўскага пачалася сьвяточная праграма, якая распачалася сьпяваньнем гімна Беларускай народнай Рэспублікі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», вядомы таксама як «Ваяцкі гімн».
Пасьля гэтага з віншавальным словам для прысутных выступіла старшыня Галоўнай управы BAZA Натальля Федарэнка. Яна зьвярнула ўвагу на тое, што 25 сакавіка – гэта Дзень Волі, бо ў 1918 годзе беларусы аб’явілі аб сваёй незалежнасьці. Таксама яна ўзгадала сёньняшнюю сітуацыю і складаныя варункі для беларускай дзяржаўнасьці.
«25 сакавіка 1918 года мара ўсіх пакаленьняў беларусаў, што жылі і цярпелі пад імпэрскім гнётам і змагаліся за аднаўленьне сваёй дзяржавы, нарэшце ажыцьцявілася. Мы шчасьлівыя, што беларусы, што стаялі ў вытокаў БНР, зрабілі амаль немажлівае і абвесьцілі аб ставарэньні незалежнай беларускай дзяржавы, і заклалі цьвёрды падмурак для нашай Бацькаўшчыны, які быў скарыстаны ў 1991 годзе, калі паўстала незалежная Беларусь», – прамовіла старшыня ўправы.
Акрана Пятрашка, старшыня нью-ёркскага адзьдзела BAZA зьвярнула ўвагу прысутных на выкарастыньне роднай мовы ў паўсядзённым жыцьці. А таксама заклікала шанаваць і працягваць барацьбу беларускіх сыноў за незалежнасьць Беларусі.
У залі таксама быў уключаны зварот Івонкі Сурвілы, старшыні Рады БНР. Прыгадаўшы гісторыю абвяшчэньня незалежнасьці БНР, спадарыня Сурвіла зьвярнулася да беларусаў з нагоды 105-гадавіны гэтай падзеі:
«Дарагія суродзічы, дзеля прысутнасьці 105 год таму пазьней на нашай усходняй мяжы таго самага крывавага ворага, які дасюль не пазбыўся сваіх імпэрскіх намераў, мы сёньня яшчэ раз абвяшчаем сьвету, што мэтай нашага народу дасюль ёсьць змагацца ўсімі даступнымі нам сіламі, каб абараніць наш вольны і незалежны край ад цяперашняга самазванца і ад ягоных расейскіх патронаў, якія яшчэ ўсё пагражаюць зноў паняволіць наш народ», — сказала Івонка Сурвіла.
Пры гэтым яна падкрэсьліла, што беларусы з’яўляюцца самастойным, адукаваным, разьвітым народам у сям’і эўрапейскіх народаў.
Віншавальнае слова старшыні Парафіяльнай Рады сабору Сьв. Кірылы Тураўскага Расьціслава Гарошкі было прысьвечана дзейнасьці паваеннай беларускай эміграцыі, важнасьці акта 25 сакавіка 1918 года.
Сябра Рады БНР Ганны Сурмач павіншавала прысутных і нагадала аб ідэалах БНР.
«Рада БНР – гэта не толькі сымбаль нашай дзяржаўнай незалежнасьці, а гэта і дзейсная палітычная структура. Рада БНР будзе працаваць да таго часу, пакуль Беларусь не стане цьвёрда на шлях дэмакратычнага развіцьця. Я спадзяюся, што гэты час настане і мы гэтаму паспрыяем», – сказала спадарыня Ганна.
Міхал Чаропка, заступнік старшыні нью-ёркскага адзьдзела BAZA, зрабіў мультымэдыйны дакляд на тэму «Гісторя БНР». У ім ён паказаў значнасьць Акта 25 сакавіка і падкрэсьліў моманты барацьбы беларускага народа за сваю незалежнасьць і свабоду.
Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэта, якая цяпер знаходзіцца ў ЗША, прывітала беларусаў ад імя кабінэта. А таксама адзначыла складанасьці нацыянальнага адраджэньня, варожасьць і чужасьць улады да нацыянальна-культурных памкненьняў беларусаў.
«Воля, гонар, незалежнасьць – гэтыя каштоўнасьці падзялялі заснавальнікі БНР. Гэтыя каштоўнасьці праз 105 гадоў падзяляем і мы з вамі», – зазначыла Аліна Коўшык.
Таксама на мерапрыемстве прагучала віншаваньне ад Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына”, зачытвалася 3-я Устаўная Грамата БНР, з віншавальным словам выступіў старшыня Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня” Віталь Зайка. Адбылося паўторнае адкрыцьцё выставы мастака-графіка Зьмітра Шапавалава, ад Ірыны Хадарэнка, сябры Беларускай Асветніцкай Лігі Амерыкі (BELA), чытаньне эсэ У. Арлова «Незалежнасьць – гэта»…
Сапраўдным упрыгожваньнем сьвяточнай імпрэзы сталі сьпецыяльныя музычныя госьці – Сяржук Сокалаў-Воюш, Вольга Казак-Анлар і Зьміцер Вайцюшкевіч, які напярэдадні выступіў у Бостане.
Сяржук Сокалаў-Воюш сьпяваў вядомыя і любімыя свае песьні, а таксама прадставіў новую, якая яшчэ не з’яўлялася на прасторах інтэрнэта і на шырокай аўдыторыі.
Вольга Казак прасьпявала як народныя беларускія, так і ўкраінскія, а таксама карагодныя песьні. Яны былі прасякнутыя любоў да сваёй зямлі і прыродным хараством.
Зьміцер Вайцюшкевіч выканаў шмат песень на словы Уладзіміраў – Караткевіча і Някляева. Прагучалі ў яго песьні і дзіцячай тэматыкі. Як адзначыў сам Зьміцер, гэта асаблівыя песьні, якія служаць абуджэньню нацыянальных пачуцьцяў у маленькіх беларусікаў.
Усім музыкам вядомы скульптар Гэнік Лойка падараваў бюсты Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага, якія ён адліў адмыслова да Дня Волі.
У грамадзкай залі пры саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў гэты дзень было шматлюдна, цікава, насычана, лёгка і свабодна.
Адзін з удзельнікаў мерапрыемства, дальнабойшчык, распавёў у прыватнай гутарцы, што ехаў з грузам з Флорыды на поўнач. Пакінуў трак і прыйшоў на некалькі гадзін на сьвяткаваньне Дня Волі, каб потым зноў сесьці за стырно.
Алесь Пазьняк, bielarus.info,
здымкі аўтара