
У суботу 27 чэрвеня 2026 у нашым “Беларускім доме” у Нью-Ёрку на 401 Атлантык Авэню назіралася нязвыклае ажыўленьне. Тут былі і мужчыны і жанчыны, кожны завіхаўся на сваім працоўным месцы. Гэты выходны дзень стаўся працоўным для некаторых сяброў БАЗА і прыхаджанаў Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага. Парафіяльная рада Сабору ў гэты дзень саарганізавала талаку, каб пафарбаваць сьцены ў грамадзкай залі, бо наступным крокам будзе абнаўленьне падлогі. Так нью-ёрскія беларусы рыхтуюцца ў пачатку верасьня сустракаць гасьцей 36 -й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі.
Грамадзкая заля Сабору – гэта галоўная пляцоўка, дзе праходзяць беларускія імпрэзы, сустрэчы і кантакты між беларускай грамадою горада і ваколіцаў, а часам сюды наведваюцца госьці з іншых беларускіх асяродкаў у ЗША і з розных краінаў. Усё гэта вымагае неабходнасьць утрымліваць залю належным чынам, клапаціцца пра абсталяваньне, пра эстэтыку, пра стварэньне спрыяльнай атмасфэры і захаваньне нацыянальнай адметнасьці.
У залі, дзе шмат дзьвярэй, вакон, розных прыстасаваньняў, паліцаў, вітрынаў не так ужо лёгка ўсё дасканала вымаляваць. Найперш, за гэтую справу ўзяліся нашы мужчыны, шмат хто з іх ўжо мае практычны досьвед такой працы на сваім эмігранцкім шляху. Прыехалі нават хлопцы з Філадэльфіі, якія адразу актыўна ўзяліся за працу. З Нью Джэрі дабраліся Аляксандр і Вольга Акульчыкі. Гэнік Лойка энэргічна кіраваў працэсам. Валеры Хвашчынскі і Аляксандр Ярмоліч дапамагалі яму спраўляцца з гэтым абавязкам і самі натхнёна працавалі. Віталь Карпейчык і Васіліса Хілько пільна вымалёўвалі калёны, трошкі дапамагла ім і Ганна Сурмач. Іван Лойка ўпершыню ў гэты дзень наведаў наш Беларускі цэнтр і адразу ж узяўся за працу, як адмысловы маляр, ён дасканала маляваў сьцены, а потым і ўваходныя дзьверы. Наш новы сябра БАЗА з Нью Джэрзі Аляксандр Гецальд таксама свой выходны дзень актыўна адпрацаваў разам з іншымі талакоўцамі.
А жанчыны тым часам завіхаліся на кухні, каб маляры не засталіся галоднымі. Смачны абед падрыхтавалі Ксенія Барсукова і Вольга Акульчык.
Напрыканцы пад’ехаў старшыня Парафіяльнай Рады Аляксандр Хомчанка, які ў гэты дзень быў заняты на сваёй асноўнай працы і не мог далучыцца раней.
Спорная праца, сумесны абед стваралі сяброўскую спрыяльную атмасфэру і працоўны час не здаваўся доўгім і стамляльным. Талакоўцы пачуваліся ў добрым настроі і , як выглядала, не адчувалі стомы, а толькі задавальненьне ад зробленай патрэбнай працы. Гэта наш “Беларускі дом” на чужыне і мы павінны яго ўтрымліваць у належным парадку, каб наш Сабор выглядаў не горшым за будынкі іншых народаў, якія мы бачым побач.
Усім, хто браў удзел у гэтай талацэ і чые імёны тут названыя, заслугоўваюць безумоўнай падзякі за тое, што яны не пашкадавалі свайго часу і сілаў і адгукнуліся на просьбу Парафіяльнай рады Сабору. Гэта сьведчыць пра іх адказнасьць за падтрыманьне беларускага жыцьця на чужыне і іх адданасьць беларускай справе.
