
Беларускае грамадска-культурнае таварыства запрашае на традыцыйныя жнівеньскія мерапрыемствы, якія сёлета пройдуць напрыканцы месяца. Жыхароў Падляшша і гасцей рэгіёна чакаюць сустрэчы з беларускай культурай у Бельску-Падляшскім, Мастаўлянах і Рыбалах.
Пра праграму распавёў старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень:
– 29 жніўня адбудзецца беларускі народны фэст у Бельску-Падляшскім. 30 жніўня – беларускі народны фэст у Мастаўлянах, што ў Гарадоцкай гміне. Там непадалёк царква, вельмі прыемная імпрэза. А таксама наш удзел у Дажынках, якія праходзяць у Рыбалах у Заблудаўскай гміне.
Як адзначыў Васіль Сегень, жнівеньскія сустрэчы ўжо шмат гадоў застаюцца адной з візітовак БГКТ. Яны аб’ядноўваюць мясцовыя супольнасці, беларускія творчыя калектывы і ўсіх, хто цікавіцца культурай Падляшша. Арганізатары запрашаюць сем’ямі наведаць Бельск-Падляшскі, Мастаўляны і Рыбалы, дзе напрыканцы жніўня адбудуцца канцэрты, сустрэчы і іншыя культурныя падзеі.


