Навукоўцы, палітыкі, грамадскія дзеячы і дзеячы культуры абмеркавалі будучыню беларускага ўніверсітэта ў выгнанні

20 ліпеня 2026 года адбыўся анлайн-круглы стол «Беларускі ўніверсітэт у выгнанні: досвед, адказнасць і будучыня». У размове ўзялі ўдзел 19 прадстаўнікоўі прадстаўніц беларускай акадэмічнай і экспертнай супольнасці, адукацыйных і грамадскіх ініцыятыў, а таксама палітычныя і культурныя дзеячы і дзяячкі.

Круглы стол арганізавала Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі. Мадэравала дыскусію даследчыца, доктарка навук у галіне камунікацыі Ірына Сідорская. Сустрэча праходзіла паводле правіла Chatham House: у публічнай камунікацыі фіксуюцца агульныя тэмы і вынікі размовы, а не індывідуальныя пазіцыі ўдзельнікаў.

Дыскусія не была прэзентацыяй або прасоўваннем аднаго праекта. Яе ўдзельнікі разглядалі шырэйшы досвед беларускай адукацыі і навукі ў выгнанні, у тым ліку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Вольнага Беларускага Універсітэта, Беларускай акадэміі і ініцыятывы Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча.

Удзельнікі абмеркавалі, ці задавальняюць ужо існыя адукацыйныя і акадэмічныя праекты патрэбу ў беларускім універсітэце ў выгнанні, якія ўрокі варта вынесці з іх дзейнасці і што неабходна для стварэння легітымнай, прызнанай і ўстойлівай інстытуцыі. Асобная ўвага была нададзеная развіццю беларускай акадэмічнай суб’ектнасці, ролі беларускай мовы і культуры, якасці адукацыі і даследаванняў, механізмам кіравання і справаздачнасці, мадэлям фінансавання, а таксама адносінам з міжнароднымі партнёрамі і беларускім грамадствам.

«Наш маральны абавязак у выгнанні — узяць на сябе адказнасць за захаванне беларускай культуры, мовы і ідэнтычнасці. Зрабіць гэта без сістэмы нацыянальнай адукацыі немагчыма», — адзначыў ва ўводным выступе старшыня Рады Беларускай асацыяцыі адукацыі і навукі Павел Церашковіч.

Дыскусія паказала, што пытанне паўнавартаснага беларускага ўніверсітэта ў выгнанні па-ранейшаму нельга лічыць вырашаным. Па-за межамі Беларусі дзейнічае цэлая экасістэма арганізацый, праграм і даследчых цэнтраў, аднак застаецца адкрытым пытанне інстытуцыі, якая спалучала б беларускую нацыянальную місію, фундаментальныя даследаванні, адукацыйныя праграмы і прызнаны акадэмічны статус.

Сярод ключавых арыенціраў для такой інстытуцыі ўдзельнікіі называлі:

  • працу з выразным фокусам на Беларусі і для будучай дэмакратычнай Беларусі;
  • захаванне і развіццё беларускай мовы, культуры, нацыянальнай адукацыйнай традыцыі і акадэмічнай суб’ектнасці;
  • спалучэнне даследаванняў, навучання і публічнай інтэлектуальнай працы;
  • высокую якасць адукацыі, здольную прыцягваць беларускіх студэнтаў і канкурыраваць у еўрапейскай акадэмічнай прасторы;
  • празрыстае і інклюзіўнае кіраванне, акадэмічнае самакіраванне, адкрыты набор супрацоўнікаў, ратацыю і механізмы прадухілення канфліктаў інтарэсаў;
  • устойлівую мадэль фінансавання, якая не ставіць універсітэт у залежнасць ад аднаго донара, вузкага кола заснавальнікаў або асобных публічных фігур;
  • міжнародныя партнёрствы і магчымасць транснацыянальнай сеткавай працы пры захаванні беларускай місіі.

Сярод магчымых мадэляў гучала прапанова кампактнага даследчага ўніверсітэта для абмежаванай колькасці студэнтаў, які аб’ядноўваў бы адукацыйныя праграмы розных узроўняў, цэнтр беларускіх даследаванняў і партнёрствы з моцнымі еўрапейскімі ўніверсітэтамі. Гэтая мадэль разглядалася як адзін з варыянтаў, а не як канчатковае рашэнне.

Разам з тым падчас размовы выявіліся істотныя рознагалоссі. Яны датычылі таго, ці павінен універсітэт ад самага пачатку мець фармальны статус і паўнавартасныя адукацыйныя праграмы або спачатку можа развівацца як больш гнуткая інтэлектуальная і сеткавая пляцоўка. Розныя пазіцыі прагучалі і адносна будучыні ЕГУ: ад прапановы зрабіць яшчэ адну спробу яго пераўтварэння менавіта як беларускага праета да меркавання, што новую беларускую інстытуцыю неабходна ствараць на іншай аснове. Адкрытымі засталіся таксама пытанні маштабу, юрыдычнай мадэлі, месца размяшчэння і доўгатэрміновага фінансавання.

«Адукацыя — крытычна важная сфера для нацыянальнай ідэнтычнасці і будучыні суверэннай краіны. Гэтая тэма пакуль недастаткова прысутнічае ў медыя, у публічнай і палітычнай прасторы, таму экспертная і грамадская размова павінна працягвацца», — падсумавала мадэратарка круглага стала Ірына Сідорская.

Па выніках сустрэчы Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі апрацуе агучаныя пазіцыі і падрыхтуе дакументы. Адным з іх мае стаць рабочы дакумент «Прынцыпы беларускага ўніверсітэта ў выгнанні: досвед, адказнасць і будучыня», які будзе накіраваны ўдзельнікам і ўдзельніцам для ўзгаднення.

Сярод канкрэтных прапаноў, якія прагучалі падчас круглага стала, — арганізаваць асобную панэль пра будучыню беларускай адукацыі на канферэнцыі «Новая Беларусь», прысвяціць адзін з наступных Форумаў Касцюшкі праблемам беларускай адукацыі і навукі, а таксама працягнуць абмеркаванне з удзелам шырэйшага кола навукоўцаў, выкладчыкаў, студэнтаў, грамадскіх арганізацый і палітычных прадстаўнікоў. Абмяркоўваліся таксама сістэмная камунікацыя ў медыя і адвакатаванне ідэі беларускага ўніверсітэта ў дыялогу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, польскімі, літоўскімі і іншымі еўрапейскімі партнёрамі. Было падкрэслена, што далейшая праца павінна абапірацца на ўжо падрыхтаваныя канцэпцыі і назапашаны досвед, а не пачынацца з чыстага аркуша.

Круглы стол стаў першым этапам шырэйшай экспертнай і грамадскай размовы пра тое, якой можа быць беларуская ўніверсітэцкая інстытуцыя ў выгнанні і якую ролю яна павінна адыгрываць у захаванні і развіцці нацыянальнай навукі, адукацыі і культуры.

У дыскусіі ўдзельнічалі: Павел Баркоўскі, Сабіна Брыло, Кацярына Ваданосава, Аляксей Грахоўскі, Яўген Красулін, Ганна Красуліна, Дзмітрый Крук, Наста Кудасава, Таццяна Кулакевіч, Іна Кулей, Андрэй Лаўрухін, Святлана Мацкевіч, Дзмітрый Нікановіч, Марына Сакалова, Павел Севярынец, Ірына Сідорская, Павел Церашковіч, Андрэй Хадановіч і Віктар Шадурскі.

Паводле прэс-рэлізу