
Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі кажа, што ў спрэчцы пра санкцыі супраць рэжыму няма жалезных аргументаў ні ў прыхільнікаў жорсткага падыходу, ні ў прыхільнікаў гнуткага. Ён разумее гуманітарную логіку Марыі Калеснікавай, якая заклікала Еўразвяз «трымаць дзверы адчыненымі» для беларусаў, але нагадвае: ідзе вайна, і ў Еўропе дамінуе логіка бяспекі.
Аляксандр Класкоўскі пракаментаваў заяву былой палітзняволенай Марыі Калеснікавай, якая ў інтэрв’ю аўстрыйскай газеце Der Standard адзначыла, што ізаляцыя Беларусі толькі ўзмацняе яе залежнасць ад Расеі, і прапанавала Еўразвязу больш прагматычную стратэгію: захоўваць цвёрдасць у дачыненні рэжыму, але пры гэтым трымаць дзверы адчыненымі для жыхароў Беларусі. Гэта, на ейную думку, тычыцца візаў, адукацыі, культуры, незалежных СМІ і прафесійных абменаў і дапамогі ахвярам рэпрэсій.
«Кожны грае сваю партыю»
На думку Аляксандра Класкоўскага, спрэчкі паміж прыхільнікамі жорсткага і гнуткага падыходаў ідуць з 2020 года пастаянна, і гэта нармальна для дэмакратычных сілаў, мяркуе аналітык.
«Вось Калеснікава – флейтыстка, і такі вобраз можна ўжыць: кожны грае сваю партыю. Ёсць прыхільнікі жорсткага, бескампраміснага падыходу, ёсць прыхільнікі больш гнуткага падыходу. І такіх стопрацэнтных, жалезных аргументаў няма ні на карысць аднаго, ні на карысць другога падыходу», – кажа Класкоўскі.
Пазіцыю Калеснікавай ён тлумачыць тым, што ў яе на першым плане гуманітарныя меркаванні: «Гэта такая гуманістычная прамова, і з гэтым зусім цяжка спрачацца», – зазначае аналітык.
Ідзе вайна – і дамінуе логіка бяспекі
Але ёсць і другі бок, нагадвае Класкоўскі: беларускі рэжым – саўдзельнік агрэсіі.
«Таму натуральна, што ва Украіны, у Еўропы, у краін NATO, асабліва тых, што мяжуюць з Беларуссю, дамінуе логіка сек’юрытызацыі, то бок адгарадзіцца і максімальна сваю бяспеку ўзмацніць на выпадак магчымай гібрыднай, а то і наўпроставай агрэсіі», – тлумачыць аналітык.
Пры гэтым ён прызнае, што бываюць і перагіны з перабольшанымі фобіямі – напрыклад, калі ў краінах Балтыі гучаць галасы ўвогуле спыніць аўтобусны рух з Беларуссю, «бо там шпіёны панаедуць, агенты».
А з візамі праблема яшчэ і тэхнічная: пасля таго, як Лукашэнка павыганяў супрацоўнікаў еўрапейскіх амбасадаў і штаты скараціліся да мінімуму, у консульстваў проста няма фізічнай магчымасці выдаваць больш візаў. «Так што тут з усіх бакоў трэба глядзець на праблему», – адзначае аналітык.
Едуць вучыцца не ў Расею, а ў Еўропу
Класкоўскі не пагаджаецца з рэмаркай Калеснікавай пра тое, што беларуская моладзь адпраўляецца вучыцца ў Расею, а не ў Еўропу, – і спасылаецца на даследаванне Інстытута «Палітычная сфера».
«Там наадварот: 10 гадоў таму ў два разы больш ехала ў Расею – 24 тысячы навучэнцаў было ў 2013 годзе. А цяпер ужо больш за 20 тысяч едзе ў Еўропу, а ў Расею – толькі 10 з хвосцікам. То бок, перакуліліся гэтыя лічбы наадварот: амаль удвая больш беларусаў едзе вучыцца ў Еўропу», – кажа аналітык.
Гэтую тэндэнцыю не зломяць нават «дубаломныя метады» рэжыму кшталту абвяшчэння Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй», упэўнены Класкоўскі: не ў Вільню, дык у Варшаву ці Гданьск – але беларуская моладзь усё адно паедзе вучыцца ў Еўропу, і тэндэнцыя будзе мацнець. Хоць, дадае ён, было б добра, каб студэнцкіх візаў і праграмаў для беларускай моладзі было яшчэ больш.
Ці ёсць у Расеі план на выпадак сыходу Лукашэнкі
На словы Калеснікавай пра тое, што ў Расеі ёсць свой план адносна Беларусі, Класкоўскі адказвае наступнае:
«Зразумела, што сама імперская сутнасць Расеі падказвае: у выпадку, калі Лукашэнка так ці інакш стане няздольным выконваць свае функцыі, Масква пастараецца скарыстацца гэтым момантам – безумоўна, каб падгрэбці бліжэй да сябе гэтую тэрыторыю, гэты стратэгічны плацдарм ці “беларускі балкон”, як яны яго называюць», – кажа аналітык.
Праўда, шмат што будзе залежыць ад таго, у якім стане ў момант транзіту ўлады ў Беларусі будзе сама Расея. У той жа час Класкоўскі адзначае, што ў добраахвотны сыход Лукашэнкі не верыць: «Я думаю, што толькі фізічная немагчымасць прывядзе да транзіту ўлады».
«Пернікі» для здаровага ядра наменклатуры
Фармальна план, нагадвае палітык, ёсць і ў Еўропы: у 2021 годзе Еўракамісія абнародавала комплексны план падтрымкі рэформаў у выпадку дэмакратызацыі Беларусі. Але дакумент даволі абстрактны: незразумела, на якім этапе можна сказаць, што дэмакратызацыя пачалася, і на што канкрэтна будуць давацца грошы.
Класкоўскі спасылаецца на свежае даследаванне Цэнтра новых ідэй пра варыянты транзіту ўлады ў Беларусі, якое зрабілі палітолаг Рыгор Астапеня і ягоныя калегі. Апытаныя эксперты схіляюцца да таго, што, хутчэй за ўсё, будзе аўтарытарны транзіт: да ўлады пасля Лукашэнкі прыйдзе нехта з ягонай сям’і або з сілавікоў. Аўтары прапануюць Еўразвязу прапісаць сапраўдную праграму для Беларусі па пунктах і прыняць яе ў выглядзе рэгламенту, каб яна набыла моц закона, а беларускім дэмсілам – займацца яе адвакатаваннем у Брусэлі.
«Трэба падкрэсліць, што ў беларускай наменклатуры, я думаю, таксама ёсць здаровае ядро – тыя людзі, якім абрыдла, што на кожнай нарадзе Лукашэнка ім кайданкамі пагражае, прымушае трымаць на аркане кошты і гэтак далей. І вось да гэтых людзей з наменклатуры варта, каб быў нейкі мэсэдж», – мяркуе Класкоўскі.
Такая праграма, тлумачыць ён, «паказала б пернікі» той частцы наменклатуры, якая ў прынцыпе разумее: завязка на Расею і няспынныя рэпрэсіі – гэта шлях у тупік, і трэба неяк выграбаць на дарогу паляпшэння дачыненняў з цывілізаваным светам.
