У Дубічах Асочных 1 жніўня прайшло свята «Białoruska Tradycja Pełną Gębą», якое сабрала аматараў беларускай культуры, песні, традыцыйнай кухні і народных рамёстваў. Але за такімі імпрэзамі стаіць нешта значна большае, чым канцэрты і майстар-класы. Гэта магчымасць захаваць мясцовую беларускую спадчыну, перадаць яе наступным пакаленням і задумацца над будучыняй беларускай мовы на Падляшшы.
Ці жывая сёння беларуская мова ў Дубічах Асочных і на Гайнаўшчыне? Ці гучыць яна ў сем’ях і сярод моладзі? Наколькі важныя такія сустрэчы для мясцовай супольнасці і ці ёсць каму працягваць беларускую справу?

«Радыё Рацыя» пагутарыла з настаўніцай беларускай мовы на пенсіі, былой метадысткай, прадстаўніцай Кола вясковых гаспадынь «Асачане» Іялантай Грыгарук:
РР: Нядаўна ў Дубічах Асобчны адбылося свята «Беларуская традыцыя Pełną Gębą», якое сабрала аматараў беларускай культуры. Вы былі сярод арганізатараў і ўдзельніц гэтага свята. Якія вашыя ўражанні? Ці атрымалася тое, што вы задумвалі? Але на пачатку пару словаў пра сябе.
Іялантай Грыгарук: Я ўжо не працую. Была настаўніцай беларускай мовы. Цяпер выхоўваю ўнукаў. Не сама, проста час ад часу займаюся ўнукамі, калі ў бацькоў няма магчымасці, калі праца, ці нейкія іншыя справы. Маю цяпер унукаў у розным узросце. Унучцы 6 гадоў, унуку 4 гады і блізняты – дзяўчынка і хлопчык, якім тры з паловаў гады. Вельмі цікавы занятак займацца малымі людзьмі, якія ўжо вялікія сэрцам, вялікія душою, вялікія сваімі назіраннямі. Цяпер гэта мой галоўны занятак.
Але таксама дачка арганізавала нам і ўсім жыхарам вёскі такі дадатковы занятак, проста каб выйсці з хатаў. Для нас, на самым пачатку, важнае было тое, каб старэйшыя людзі не сядзелі ў хаце і не чакалі, калі будзе вечар. Проста паказаць, што можна нешта цікавае пабачыць, разам правесці час, разам пакаштаваць нейкіх страваў, паспяваць, патанцаваць. Калі нават ужо гэтыя ногі не так ходзяць, але прынамсі трошкі паварушыцца.

Гэта быў такі наш першы накірунак – для сталых людзей, каб яны адчулі, што яны патрэбныя, што яны ўдзельнікі гэтага нашага вясковага жыцця, а не толькі сядзяць у сваіх хатах. Бо цяпер і на лавачку мала хто выходзіць. Каб пабачылі, што яны патрэбныя, каб лепш сябе адчувалі.
А другі накірунак – каб запрашаць дзетак, не толькі нашых, бо нашых нямнога ў вёсцы, дзетак з Гайнаўкі, з іншых мясцовасцаў, каб яны разам тут патанцавалі, паскакалі, паелі чагосьці. І гэта таксама для маладых бацькоў, якім цікава пабыць у адным месцы, прыемна правесці час. Такія былі мэты дзеяння.


Так складася, што нашая сям’я вельмі любіць варыць. Найгоршае было тое, што дачка любіць варыць і хацела нас частаваць, муж любіць варыць, таксама хацеў бы частаваць і я люблю варыць і таксама хацела кагосьці частаваць. Ну а калі ўжо ўсе варым ўсе хочам кагосьці частаваць, то трэба знайсці людзей, якіх можна пачаставаць.
Я не кажу, што толькі мы дзейнічаем толькі ў гэтай галіне, ёсць іншыя сябры нашай маленькай арганізацыі, яны таксама любяць варыць, і праводзіць час, і паспяваць, і паразмаўляць. Для нас вельмі важна, што мы разам, што мы праводзім разам гэты час. І разам цешымся, што не закрываемся ў сваіх хатах, а проста робім штосьці для іншых. Варта быць разам.
Прыязджаюць да нас і з Гайнаўкі і з іншых мясцовасцяў. І я не адчуваю ніякай варожасці, што гэта беларуская імпрэза. Ёсць вялікае зацікаўленне. Гучала і беларуская мова і беларускія песні. Незалежна ад таго, ці ведае хтосьці гэтую мову, ці слаба ведае, ці не ведае, але вельмі ахвотна заўсёды праводзілі час. Мова – вельмі важная справа. Але важна, каб яна не абмяжоўвала чалавека, каб ён быў адкрыты на іншых людзей, якія не валодаюць яго мовай. Няма патрэбы прымушаць кагосьці, каб ён таксама думаў, як мы.



racyja.com,
фота з архіва Іяланты Грыгарук
