23‑гадовы студэнт стаў адказваць за моладзевую палітыку ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Што за ён?

«Наша Ніва» спытала ў Аляксея Грахоўскага, як яго закінула ў палітыку, чым плануе займацца і ці хапае грошай на жыццё.

Аляксей Грахоўскі. Фота з яго ўласнага архіву

Маргарыта Ворыхава пакінула пасаду прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета па моладзевай палітыцы і студэнцтве. Пакуль Каардынацыйная рада не прапануе новую кандыдатуру, яе абавязкі будзе выконваць першы намеснік, 23‑гадовы Аляксей Грахоўскі — сузаснавальнік моладзевай арганізацыі Lichtar і магістрант Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані.

Мы папрасілі Аляксея расказаць пра сябе і сваю дзейнасць.

«У Беларусі грамадская дзейнасць заўсёды будзе палітычнай»

Аляксей Грахоўскі: Я нарадзіўся ў Мінску. Грамадскай дзейнасцю займаюся прыкладна з 2017—2018. Я заўсёды вельмі цікавіўся беларускай гісторыяй і мовай. Першай арганізацыяй, у якую я ўступіў, было Таварыства беларускай мовы ў Мінску.

Пасля вучыўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Калі скончыў яго, вырашыў, што павінен займацца грамадскай справай, каб зрабіць свой унёсак у пераўтварэнне Беларусі ў дэмакратычную краіну. У сітуацыі з Беларуссю грамадская дзейнасць заўсёды будзе палітычнай. Нават калі чалавек займаецца нечым, што падаецца зусім не палітычным, напрыклад, экалогіяй ці культурай, усё роўна гэта будзе выходзіць у палітыку.

«Наша Ніва»: Пры якіх абставінах вы з’ехалі з Беларусі?

АГ: Я выехаў у 2021 годзе па праграме Каліноўскага, каб вучыцца ў польскім універсітэце. Беларускі гуманітарны ліцэй — інстытуцыя, якую рэжым Лукашэнкі закрыў яшчэ ў 2003 годзе. Пасля гэтага ліцэй працягнуў працаваць неафіцыйна. Увесь гэты час пераследавалі і выкладчыкаў, і навучэнцаў.

Я разумеў, што праз свае погляды і боязь за ўласную бяспеку не магу працягваць навучанне ў Беларусі. Таму вырашыў ехаць у Польшчу.

Летась я атрымаў ступень бакалаўра па міжнародных адносінах і дыпламатыі ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані, цяпер працягваю там жа вучобу ў магістратуры. 

«НН»: У 2023 годзе вы сузаснавалі Беларускую моладзевую грамадска-палітычную арганізацыю Lichtar у Познані, якую нядаўна КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем». Чым займаўся і цяпер займаецца Lichtar?

АГ: Lichtar быў створаны ва ўніверсітэце ў 2023 годзе як студэнцкая і моладзевая арганізацыя. Спачатку мы хацелі займацца пашырэннем беларускай культуры, расказваць палякам і ўкраінцам у польскай акадэмічнай прасторы пра Беларусь і рэальную сітуацыю ў краіне. 

Потым зразумелі, што трэба больш займацца адвакацыяй, абараняць правы моладзі і беларускіх студэнтаў у Польшчы. Гэтым мы займаліся і працягваем займацца.

Ні прызнанне «экстрэмісцкім фарміраваннем», ні прызнанне нашых матэрыялаў «экстрэмісцкімі» за год да гэтага істотна на нашу дзейнасць не паўплывалі. Але мы, вядома, сталі працаваць асцярожней.

«НН»: Назавіце канкрэтныя прыклады такой абароны правоў моладзі і беларускіх студэнтаў?

АГ: Мы актыўна займаліся праблемай прызнання беларускіх дакументаў аб адукацыі. Удзельнічалі ў шматлікіх сустрэчах, у тым ліку з польскімі дэпутатамі і Міністэрствам навукі і вышэйшай адукацыі. Спрабавалі дамагчыся, каб беларускія студэнты маглі нармальна паступаць у польскія ўніверсітэты.

У выніку ў новы польскі закон уключылі пераходнае палажэнне, паводле якога беларускія абітурыенты паступаюць па тых жа правілах, што дзейнічалі да дэнансацыі пагадненняў паміж Беларуссю і Польшчай у 2023 годзе. Вялікая праблема ўзнікла ў 2024 годзе, калі беларускія абітурыенты не маглі нармальна пацвердзіць свае дакументы. Яны прыходзілі да куратараў асветы і атрымлівалі дзіўныя патрабаванні. Напрыклад, прынесці апастыль.

Шмат у каго апастылю не было, бо людзі тэрмінова выязджалі з Беларусі і не маглі прайсці гэтую адміністрацыйную працэдуру. Мы знайшлі выйсце, каб беларускія студэнты маглі працягваць адукацыю.

Таксама мы працягваем дамагацца, каб усе стыпендыяты праграмы Каліноўскага маглі бясплатна вучыцца ў польскіх універсітэтах. Цяпер кожная ВНУ сама вырашае, як будзе адбывацца вызваленне ад платы, таму такое правіла дзейнічае не паўсюль. Гэта важнае пытанне.

Аляксей Грахоўскі на сайд-івэнце ў Познані «Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020» III Кангрэсу па палітзняволеных у Беларусі

«Рэжым хоча замкнуць моладзь унутры Беларусі»

«НН»: Як вас увогуле занесла ў Аб’яднаны пераходны кабінет?

АГ: Я працаваў у Lichtar, ездзіў на канферэнцыі, размаўляў з людзьмі, каб пашыраць прысутнасць беларускай моладзі і ў беларускай палітыцы, і ўвогуле займаўся адвакацыяй па моладзевых пытаннях.

У пэўны момант Маргарыта Ворыхава прапанавала мне стаць яе намеснікам. Я пагадзіўся і задаволены гэтым.

«НН»: У вас ужо быў Lichtar, ад імя якога вы адвакатавалі правы беларускіх студэнтаў. Якая ў вас была матывацыя ісці ў Кабінет? 

АГ: Lichtar — гэта моладзевая арганізацыя, а не палітычная структура, якая займаецца палітычнай дзейнасцю. Кабінет — сапраўдная палітычная структура. Яго прызнаюць чыноўнікі, з ім камунікуюць прадстаўнікі той жа Польшчы. На звароты, якія мы адпраўляем польскім калегам і партнёрам, мы атрымліваем адказы. 

Калі я магу зрабіць унёсак у тое, каб беларуская моладзь атрымлівала якасную адукацыю, магла нармальна легалізавацца ў іншых краінах, адчувала сябе ўпэўнена і не думала, што пра яе забылі, я буду працягваць працаваць.

«НН»: На каго і на што найперш накіраваная моладзевая палітыка Кабінета і ваша дзейнасць?

АГ: Ёсць розныя кірункі. Вядома, важным застаецца праца з моладдзю, якая выехала. Мы дапамагаем з атрыманнем адукацыі, кансультуем наконт паступлення ва ўніверсітэты.

Але важным застаецца і пытанне моладзі ўнутры краіны. Я б нават сказаў, што гэта ключавое пытанне. Мы спрабуем палепшыць умовы, у якіх жыве моладзь. Кабінет стварыў платформу, дзе маладыя людзі могуць знаходзіць розныя магчымасці, шукаць, дзе вучыцца, у тым ліку ўнутры Беларусі, даведвацца, як распачаць бізнэс, атрымліваць натхненне.

Асобная праблема — мабільнасць. Мы бачым, што рэжым хоча замкнуць моладзь унутры Беларусі і нікуды яе не выпускаць. Таму для нас важны праект «Віза маладога беларуса». Такая віза павінна дазволіць моладзі ўнутры краіны атрымліваць кароткатэрміновыя візы, выязджаць, бачыць, як выглядаюць Еўропа і вольнае грамадства, а не толькі заставацца ў тым гнятлівым асяроддзі, якое спрабуе стварыць рэжым. Гэта вельмі шырокі кірунак. Ён датычыцца не толькі Польшчы, але і розных краін Еўрасаюза.

«НН»: Што вы паспелі зрабіць непасрэдна ў Кабінеце? Ці ёсць вашы ўласныя праекты і ініцыятывы?

АГ: Як намеснік Маргарыты я збольшага займаўся тым, што дапамагаў ёй. Усе праекты, якія рэалізоўваліся ў той час, — нашы супольныя. У нас была вельмі плённая партнёрская праца, у кожным праекце прадстаўніцтва ёсць і частка майго ўнёску.

«НН»: Калі Каардынацыйная рада прапануе вашу кандыдатуру на пасаду прадстаўніка па моладзевай палітыцы і студэнцтве ў Кабінеце, вы пагодзіцеся?

АГ: Я хацеў бы пакінуць гэтае рашэнне Каардынацыйнай радзе. Пасаду прадстаўніка павінен займаць найбольш кампетэнтны чалавек. Няхай ён будзе вызначаны падчас кансультацый. Буду гэта я ці не — не важна. Галоўнае, каб прадстаўніцтва працавала, а беларуская моладзь была пачутая і ўпэўненая ў сваёй будучыні.

«НН»: Але асабіста вы хацелі б заняць гэтую пасаду? 

АГ: Я разглядаю такую магчымасць. Але калі будзе больш варты, больш кампетэнтны кандыдат, я, вядома, падтрымаю яго.

«НН»: Нядаўна віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Лізавета Пракопчык расказала, што назапасіла каля $12 тысяч даўгоў, у тым ліку таму грамадскую дзейнасць даводзілася сумяшчаць са звычайным жыццём. А ў вас як з фінансамі? Ці не давядзецца залазіць у даўгі дзеля грамадскай і палітычнай працы?

АГ: Я студэнт і цяпер атрымліваю стыпендыю Каліноўскага. Гэта дае мне пэўную базу. Не хацеў бы моцна паглыбляцца ў фінансавыя пытанні, але адчуваю сябе ўпэўнена і пра гэта не непакоюся.

«НН»: Вы валодаеце пяццю мовамі, вывучаеце шостую і атрымліваеце еўрапейскую адукацыю. Вам засталося вучыцца ў магістратуры яшчэ год. Што плануеце рабіць пасля яе, якой бачыце сваю будучыню? Ці пойдзеце цалкам у палітычную дзейнасць?

АГ: Я хацеў бы адначасова займацца і палітычнай, і акадэмічнай дзейнасцю. У тым ліку выкладаць, пісаць навуковыя працы, праводзіць даследаванні. Гэта тое, што мне цікава. Але я хачу і працягваць працаваць дзеля Беларусі.

Вядома, вельмі хацеў бы вярнуцца ў Беларусь. Веру, што ў пэўны момант — спадзяюся, у найбліжэйшы час — мы сапраўды зможам вярнуцца і працаваць дзеля лепшай будучыні Беларусі ўжо ўнутры краіны.

nashaniva.com