
«У нас з жонкай ёсць правіла: калі мы дома, мы не абмяркоўваем, што плануем рабіць», — палітык расказаў нямецкай газеце Zeit пра сваё цяперашняе жыццё.
DIE ZEIT: Спадар Статкевіч, мы не можам сустрэцца асабіста, бо вы жывяце ў Беларусі — краіне, у якую заходнія журналісты амаль не могуць прыехаць. Таму мы вядзём гэтую размову па відэасувязі. Наколькі свабодна вы ўвогуле можаце гаварыць?
Мікалай Статкевіч: Я магу гаварыць свабодна. Кажу тое, што думаю і лічу патрэбным. Апрача таго, мне пашанцавала.
ZEIT: У якім сэнсе?
Статкевіч: Мая жонка — юрыстка. Яна вельмі перажывае за мяне. Перад публікацыяй яна разам са мной прагледзіць усё інтэрв’ю і скажа: з гэтым выказваннем табе лепш быць асцярожным, бо за яго цяпер даюць дванаццаць гадоў турмы, а за гэтае — дзесяць. (смяецца)
ZEIT: Некалькі месяцаў таму вы выйшлі на волю пасля шматгадовага зняволення, але, у адрозненне ад іншых вядомых былых палітвязняў Беларусі, засталіся ў краіне. Вы апошні вядомы апазіцыянер, які яшчэ жыве ў краіне. Наколькі свабодным вы сябе адчуваеце?
Статкевіч: Цалкам свабодным. Але ведаю, што гэта можа змяніцца ў любы момант. Улады маўчаць пра мой статус. Мяне памілавалі? Ці толькі часова выпусцілі, каб я паправіў здароўе, — а калі мне стане лепш, мушу дасядзець рэшту тэрміну?
ZEIT: Вас затрымалі ў маі 2020 года, калі вы арганізоўвалі мірныя пратэсты за свабодныя прэзідэнцкія выбары, на якіх Аляксандру Лукашэнку быў кінуты выклік, а пазней асудзілі на 14 гадоў зняволення.
Статкевіч: Я не ведаю свайго юрыдычнага статусу, і на мае афіцыйныя запыты ніхто не адрэагаваў. Пасля майго вызвалення прэс-сакратарка Лукашэнкі заявіла на дзяржаўным тэлебачанні, што мяне памілавалі, хоць я ніколі пра гэта не прасіў. Але я паняцця не маю.
ZEIT: Сёлета ў студзені вы перанеслі ў калоніі інсульт, праз месяц выйшлі на волю.
Статкевіч: Думаю, рэжым не хацеў несці адказнасць, калі б я памёр у зняволенні. Хоць гэты інсульт быў выкліканы штучна — мне адмаўлялі ў жыццёва неабходных леках. Калі я пакідаў турэмную бальніцу, мне было вельмі цяжка гаварыць, але мой стан лепшае.
ZEIT: Многія зняволеныя памерлі ад нечалавечых умоў утрымання.
Статкевіч: Цяпер прадстаўнікі рэжыму, відаць, спадзяюцца, што пастаянны страх зноў апынуцца за кратамі давершыць сваю смяротную справу. Або што я нарэшце пакіну Беларусь, каб лячыцца за мяжой. Прапаноў хапала — дарэчы, і з Германіі, дзе жывуць мае дочкі і ўнукі. Вельмі дзякую за гэта! Рэжым тут пастаянна ўскладняе мне жыццё, каб я нарэшце знік з краіны.
ZEIT: Якім чынам?
Статкевіч: Калі я выйшаў, у мяне не было нават пашпарта, а ён быў патрэбны, каб атрымаць медычную дапамогу. Пазней, калі мне стала лепш, чыноўнікі вярнулі мне пашпарт. Апрача таго, наш дом зносяць. Мы жывём у так званым гарадку навукоўцаў у Мінску, які плануюць перабудаваць, — працэс ідзе ўжо даўно, а пасля майго вызвалення яго яшчэ і паскорылі, што дакладна не выпадковасць. Але ўсе спробы выціснуць мяне з Беларусі былі марныя. Я не пакіну краіны.
ZEIT: За вамі сочаць, вас пераследуюць?
Статкевіч: Галоўная задача беларускай спецслужбы, КДБ, — змагацца з палітычнымі праціўнікамі. Было б наіўна думаць, што апошні апазіцыянер, які тут яшчэ публічна выказваецца, не знаходзіцца пад асаблівым наглядам. У нас з жонкай ёсць правіла: калі мы дома, мы не абмяркоўваем, што плануем рабіць.
