Украіна гатовая абмяняць Кардаш. Дэмакратычныя сілы працуюць над тым, каб Менск выдаў узамен беларускіх палітвязняў?

Іна Кардаш разам з дырэктарам агенцтва «Інтерфакс-Україна» Аляксандрам Мартыненкам бярэ інтэрв’ю ў тагачаснага кіраўніка Офісу прэзідэнта Андрэя Ермака. Жнівень 2022 года, Кіеў, Украіна. Фота: старонка Кардаш у Facebook

Украіна не выключае, што шпіёнка КДБ Іна Кардаш можа быць абмененая ў тым на ліку на журналістаў, якіх трымае за кратамі Беларусь. Ці працуюць над тым, каб такім чынам вызваліць некаторых палітвязняў, дэмакратычныя сілы? І ці разглядае іх Кіеў як патэнцыйнага рэальнага партнёра для перамоваў? Гэта на «Белсаце» абмеркавалі з намеснікам кіраўніцы АПК, лідарам НАУ Паўлам Латушкам. 

«За яе адну можна атрымаць значна больш людзей»

Украіна вядзе перамовы з Расеяй пра вызваленне каля 30 сваіх журналістаў. У абмен такімі палоннымі, паводле ўпаўнаважанага Вярхоўнай рады ў правах чалавека Дмытра Лубінца, можа трапіць і беларуская шпіёнка Іна Кардаш

Ці могуць да гэтага працэсу далучыцца беларускія дэмакратычныя сілы і паўплываць на тое, каб на Кардаш абменьвалі беларускіх палітвязняў-журналістаў? Як прыклад вядоўцы «Белсату» згадалі Дзяніса Івашына, які ўжо пяць гадоў за кратамі і працаваў у тым ліку для ўкраінскіх медыяў.  

Павел Латушка адказаў, што людзі, якія ўтрымліваюцца за кратамі ў Беларусі, не з’яўляюцца шпіёнамі, і таму, паводле яго, «не ўпісваюцца» ў логіку такога абмену. Яшчэ ён звярнуў увагу, што перамовы вядуцца з Расеяй. 

«Гэта што, азначае, што Кардаш працавала ў інтарэсах не толькі Беларусі, але і РФ? На гэтае пытанне мы сёння не знойдзем адказу. Пра гэта, я думаю, ведаюць спецслужбы Украіны. Але прынцып абмену выведнікаў на выведнікаў – гэта класіка яшчэ з часоў Савецкага Саюзу і адбывалася і ў незалежнай Беларусі».

Ён прыгадаў нядаўні выпадак, калі Польшча змагла вызваліць палітвязня Анджэя Пачобута, аддаўшы са свайго боку ў Беларусь двух чалавек, якіх падазравалі ў шпіянажы на тэрыторыі краіны.  

«У прынцыпе для дзяржавы, для рэжыму і Лукашэнкі асабіста вельмі важна дамагчыся вызвалення тых, хто працаваў у яго інтарэсах. Таму сам Лукашэнка пасля гэтага абмену прызнаў, што былі вызваленыя двое, якія працавалі менавіта на спецслужбы».

Пачобут таксама не абвінавачваўся ўладамі ў шпіянажы, але быў задзейнічаны ў абмене. Таму, паводле логікі Латушкі, тэарэтычна ў аналагічны трэк могуць трапіць іншыя беларускія палітзняволеныя. 

«У нас [Акрамя Івашына] яшчэ 21 незалежны журналіст у турмах, як палітзняволены. Калі Кардаш вельмі каштоўная супрацоўніца, значыць, за яе адну можна атрымаць значна больш людзей. Але зараз мы з вамі спекулюем, бо, усё ж такі, калі тут з’яўляецца расейскі фактар, калі мы бачым, што гэта заўсёды такія комплексныя аперацыі, даць адказы вельмі цяжка. І цішыня, мне падаецца, вельмі важная». 

Журналістка Іна Кардаш, падазраваная ў шпіянажы на карысць КДБ Беларусі, падчас пасяджэння суда. 18 сакавіка 2026, Кіеў, Украіна. Фота: Іван Анціпенка, Суспільне новини

«Не думайце, што дэмсілы тут абыякавыя»

Аднак ці працуюць увогуле дэмакратычныя структуры над тым, каб мець магчымасць выкарыстаць момант, калі Украіна мае беларуску і ўлады зацікаўленыя ў яе вяртанні, і абмяняць на яе палітзняволеных? Альбо аргументаванне цішынёй – гэта адгаворкі?

«Публічнасць можа нашкодзіць перамовам – я паўтару за прадстаўнікамі ўкраінскага боку. На вашае пытанне, ці разглядаецца гэтая сітуацыя ў дэмсілах, я адкажу як дыпламат: не магу пацвердзіць і не магу знапраўдзіць», – сказаў Латушка і яшчэ раз дадаў, што публічнасць можа прынесці шкоду.

Аднак, з іншага боку, палітык прызнаўся, што цяпер «няма інструментаў, каб вырашыць гэтае пытанне». 

«Мы можам звяртацца, аргументаваць. І не думайце, што дэмсілы тут абыякавыя, – працягнуў ён. – Адзінае, на што хацеў бы звярнуць увагу. Калі ў Варшаве былі фактычна выяўленыя тры афіцэры Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Беларусі, якія ў тым ліку сачылі за камандай НАУ і нават былі паверхам ніжэй ад нашага офісу, прыходзілі ў іншыя дэмакратычныя інстытуты, грамадзянскія ўстановы, гэтая інфармацыя была апублічаная расследавальнікамі ў адной з цэнтральных польскіх газетаў. Гэта прывяло да таго, што гэтыя людзі проста выехалі з Польшчы і іх не выйшла затрымаць. 

Я не стаўлю пад сумнеў такое права адкрытай журналістыкі, але, калі мы маем інфармацыю, што хтосьці патэнцыйны можа з’яўляцца супрацоўнікам спецслужбаў, затрыманне такой асобы для нас вельмі важнае. Бо пасля гэта можа быць вельмі моцным аргументам вызвалення тых беларусаў, свабода якіх нам вельмі важная». 

Анастасія Русецкая, Алесь Залеўскі, Аляксандра Чырвоная, belsat.eu